Адным з самых высакародных і, гаворачы пра фантазію, адным з самых адораных гэтай якасцю сярод сучасных паэтаў быў Томас Гуд*. Ягоная «Прыўкрасная Інэса» заўжды поўнілася для мяне неапісальнай чароўнасцю:
Вы бачылі Інэсу?
На захад адышла
Блішчэць святлей ад сонца —
Стаў свет калыскай зла.
Пазбавіла нас шчасця
I дзённага святла
Яна, што ззяла перламі
I чырванню цвіла.
Прыйдзі да нас, Інэса,
I змрок начны развей!
Сумуюць зоры з поўняй
Без гэтых лёгкіх вей.
Шчаслівы твой каханы,
Найлепшая між фей;
Ты будзеш побач з кімсьці —
Мне прамаўчаць лацвей.
О, быць бы мне, Інэса,
Выбраннікам тваім,
Які ў вандроўках доўгіх —
Твой сябра-пілігрым!
Няўжо няма паненак тут,
Няўжо мы так гарым,
Што трэба мора пераплыць
За сябрам дарагім?
Сустрэў цябе, Інэса,
На нашых берагах
Сярод найлепшых юнакоў —
У кожнага свой сцяг;
Дзяўчаты, рыцары, плюмаж —
Святло на ўвесь прасцяг.
О найпрыўкраснейшы мой сон!
Ці ўбачу я працяг?..
На гора мне, Інэса,
Сышла ты назаўжды.
Пад музыку і спевы
Згубіліся сляды.
І сёння ў сэрцы — горыч,
I чую, як тады,
Я гэты спеў: бывай, бывай
На доўгія гады!
Бывай, бывай, Інэса!
Закончаны наш баль,
Узыдзеш ты на карабель —
Цябе чакае даль:
На гора ўсёй зямлі сплывеш,
На радасць сотням хваль.
Ты дорыш шчасце аднаму,
Астатнім — вечны жаль.
«Дом з прывідамі» таго ж аўтара — адзін з самых праўдзівых вершаў, што былі калісьці напісаныя, самых праўдзівых, самых дасканалых, самых па-мастацку завершаных як у плане тэмы, так і ў плане выканання. Апроч гэтага, ён сведчыць пра магутную і амаль узорную сілу ўяўлення. На жаль, яго памер не дазваляе працытаваць яго тут. Замест гэтага дазвольце прапанаваць вам верш, які любяць усе, — «Мост слёз».
О нешчаслівая!
Змерыла ты
Крокі жахлівыя
Да пустаты.
Думкі варожыя
Кіньце свае;
Тонкія й гожыя
Рысы яе.
Саванам стане
Змоклае ўбранне
І пахавальнаю
Чыстай абновай.
Вы спачувальнае
Вымаўце слова.
Думкаю светлаю,
Сумнай і ветлаю,
Стрэньце няшчасную,
Не, не заганную,
Не апантаную —
Толькі прыўкрасную.
Погляды злосныя
Ёй невыносныя.
Ціхай паўстанніцы
Неацалелае
Сэрца збалелае
Больш не параніцца.
Цела гаротнае
Евы наступнае
Стыне, вільготнае, —
Смерць неадступная.
Пасмы сплятайце
Моцным вузлом,
Косы сплятайце,
Ды не пытайце,
Дзе яе дом.
Дзе яны, родныя,
Дзе яны, згодныя,
Блізкія душы?
Ці звар'яцела
Да найкаханага,
Сэрцам жаданага,
Ў думках ляцела?
Жорсткасць паганская
Між хрысціянскае
Ўсёй грамады:
Сэрцы — далёкія,
Сцены — высокія,
Шлях — да вады.
Ёй, што адчужана,
Лёсам асуджана,
Мала цяпла.
Ўсім яна лішняя,
Скруха няўцішная —
Нават найвышняя
Літасць сышла.
Вокны наўкола...
Ах, як вясёла
Свецяць яны —
Яркаю злівай!
Ёй жа, трымтлівай,
Падаць імкліва
Ў морак начны.
Шалеюць вятры...
Яна маладая,
Чаму да пары
Памерці жадае?
Бедамі змушана,
Смерцю спакушана,
Плача наўзрыд —
Толькі б сысці адсюль,
Хай і ў нябыт!
Браце мой грэшны,
Сэрца няўцешна
Мусіць балець!
Як ты на скрушную
Плынь непарушную,
Зважыўшы ледзь,
З пыхай бяздушнаю
Можаш глядзець?
Думкі варожыя
Кіньце свае;
Тонкія й гожыя
Рысы яе.
Будзьце лагодныя —
Рукі халодныя
Лёгка краніце,
Ад неспагаднасці,
Чэрствай злараднасці
Абараніце.
Мёртвыя вочы
Праз хуткацечныя
Беды й сірочы
Лёс там, у ночы,
Сны бачаць вечныя.
Вось апантаная,
Ганьбаю гнаная
Ад бессардэчнасці,
Бесчалавечнасці
Ў холад і ў прах.
Вы не глядзіце —
Рукі складзіце
Ёй на грудзях.
Яна пасля скону
З пакорай схіляцца
Хай прыйдзе да трону
Спрадвечнага Ўладцы [ 113 113 Пераклад Кацярыны Маціеўскай і Ганны Янкута.
].
Сіла гэтага верша не менш значная, чым яго пафас. Версіфікацыйная тэхніка хаця і даходзіць да самае мяжы фантастычнага, тым не менш цудоўна адпавядае бязмежнай звар'яцеласці, якая ляжыць у аснове верша.
Сярод дробных вершаў лорда Байрана* ёсць адзін, які ніколі не атрымліваў ад крытыкі той пахвалы, якой ён напраўду варты:
Не прашу я збавення ў долі,
Хай ламае, і крышыць, і гне,
Тваё добрае сэрца ніколі
Не судзіла сурова мяне.
I той боль, што мяне агартае,
Ты гатова дзяліць папалам.
За спагаду тваю, дарагая,
Я табе сваю вернасць аддам.
Читать дальше