І скруху, і маркоту,
Ды сэрцу не баліць —
Так дождж вісіць імжою,
Не здольны з неба ліць.
Адценне, пра якое я кажу, найбольш заўважнае нават у такім бліскучым і жывым вершы, як «Тост за здароўе» Эдварда Коўта Пінкні*:
За тую п'ю, што апяю
Ажно да самых зор,
За тую, што для ўсіх жанчын —
Красы і цноты ўзор.
Свой бляск нябесныя агні
Дарылі ёй адной,
Той, што была дачкой святла,
Нябеснай, не зямной.
Гучанне слоў — спеў салаўёў
У цёплы весні час,
Хай голас соладка гучыць
I захапляе нас!
Бо словы — з глыбіні душы,
Найпрыгажэйшай з душ.
Яны — як мёд, які для сот
Пчала збірае з руж.
Пачуцці ў сэрцы дарагім
Палаюць, бы агмень,
Іх поўніць водар чысціні,
Як кветкі ў летні дзень,
О жарсці сэрца, як гараць
Узвышана яны;
Яна ж — бы ўвасабленне іх,
Багіня даўніны.
Зірнеш у твар — і вось пажар
У сэрцы назаўжды,
А голас забярэ ў палон
На доўгія гады.
І толькі пра яе ўвесь час
I думкі, й сны мае,
А ў скрушны дзень вазьму я ў цень
Узгадкі пра яе.
За тую п'ю, што апяю
Ажно да самых зор,
За тую, што для ўсіх жанчын —
Красы і цноты ўзор.
За тую!.. Хай наш знае край
Найбольш красы такой,
I ён дыхне, бы ў шчасным сне,
Паэзіяй жывой!
Містэру Пінкні не пашанцавала, што ён нарадзіўся так далёка на Поўдні. Калі б ён жыў у Новай Англіі, магчыма, высакародная хеўра, якая цяпер кантралюе лёс амерыканскага пісьменства, выдаючы тое, што называецца «Паўночнаамерыканскім аглядальнікам», прызнала б яго першым амерыканскім лірычным паэтам. Працытаваны вышэй верш надзвычай прыгожы, аднак выкліканае ім паэтычнае ўзрушэнне варта прыпісаць галоўным чынам таму спачуванню, якое выклікае аўтарская захопленасць. Мы выбачаем яму гіпербалы за відавочную сур'ёзнасць, з якой яны прамаўляюцца.
Аднак я не маю ніякага намеру разважаць пра вартасці таго, што збіраюся вам чытаць. Вершы заўсёды гавораць самі за сябе. Бакаліні* ў «Вестках з Парнаса» расказвае, што аднойчы Заіл прэзентаваў Апалону вельмі з'едлівую крытыку на ўсебакова расхваленую кнігу, пасля чаго бог спытаў яго пра вартасці твора. Крытык адказаў, што яго цікавілі толькі недахопы. Пачуўшы гэта, Апалон уручыў яму мех неправеянай пшаніцы, прапанаваўшы ўзяць у якасці ўзнагароды ўсю мякіну.
Гэтая гісторыя можа вельмі добра служыць выпадам супраць крытыкаў, аднак я зусім не ўпэўнены, што бог меў рацыю. Я зусім не ўпэўнены, што асноўныя абавязкі крытыка разумеюцца цяпер цалкам правільна. Вартасць твора, асабліва верша, можа быць прынятая за аксіёму, якую трэба проста правільна падаць, каб яна аказалася відавочнай. Бо вартасць перастае быць вартасцю, калі яе трэба даводзіць такім чынам, і спыняцца занадта падрабязна на вартасцях нейкага твора мастацтва — гэта значыць прызнаваць, што не такія яны і вялікія.
Сярод «Мелодыяў» Томаса Мура ёсць адзін выбітны верш, які, здаецца, быў незаслужана пакінуты па-за ўвагаю. Я маю на ўвазе радкі, што пачынаюцца словамі: «Алень, мой паранены сябра...» Іх напружаную энергію не пераўзышоў нават Байран. Апісанае ў двух радках гэтага верша пачуццё ўвасабляе ўсю сутнасць боскае жарсці любові — пачуцця, якое, магчыма, адгукнулася рэхам у большай колькасці самых жарсных чалавечых сэрцаў, чым любое іншае пачуццё, што калісьці было адлюстраванае ў словах:
Алень, мой паранены сябра, спачні,
Згубіўся твой статак удалечыні,
Тут дом твой — і ў доме не будзеш адзін,
Я буду з табой да апошніх гадзін.
Любоў застанецца сабой назаўжды —
У радасны час і ў хвіліну бяды.
Хай будзеш ты злым, вінаватым, слабым,
Я знаю — цябе палюблю я любым.
Анёлам назваў ты, шчаслівы, мяне,
Я буду анёлам і ў вусцішным сне.
У пекла без жаху з табой я пайду,
I згіну з табой — ці развею бяду!
Апошнім часам стала модным адмаўляць Муру ва ўяўленні, пакідаючы яму адно фантазію, розніцу паміж якімі першым вызначыў Колрыдж*, што лепш за ўсіх разумеў вялізную сілу Мура. Але рэч у тым, што фантазія гэтага паэта настолькі пераважвае ўсе астатнія яго здольнасці, а таксама фантазію ўсіх астатніх людзей, што стварылася цалкам натуральнае ўражанне, нібыта гэта адзіная ягоная якасць.
Аднак гэта — самая вялікая ў свеце памылка. Ніколі не здаралася большай несправядлівасці са славай сапраўднага паэта. Я не магу згадаць іншага ангельскамоўнага верша, які сведчыў бы пра больш глыбокае, больш таямнічае (у найлепшым сэнсе гэтага слова) уяўленне, чым той, што пачынаецца радкамі «Хачу стаяць над цьмяным ставам» і які напісаны Томасам Мурам. На жаль, не магу згадаць яго цалкам.
Читать дальше