— Не, дзякую, — адмовіўся я. — Шчыра кажучы, я не асабліва люблю ялавічыну а-ля святога... чаго?.. сумняюся, што яна мне добра пойдзе. Я лепей памяняю талерку і паспрабую трусяціны.
На стале стаяла некалькі талерак з тым, што мусіла быць звычайнай трусяцінай па-французску. Найсмачнейшы morceau [ 94 94 Кавалачак (фр.).
], хачу я вам сказаць.
— П'ер, — паклікаў гаспадар, — памяняйце нашаму госцю талерку і пакладзіце яму порцыю гэтай трусяціны au chat [ 95 95 Пад ката (фр.).
].
— Як-як вы сказалі? — спытаў я.
— Гэтай трусяціны au chat.
— Дзякуй, мабыць, не варта, — сказаў я, крыху падумаўшы. — Я сабе вяндліны пакладу.
Ніколі не ведаеш, чым цябе накормяць гэтыя правінцыялы, думаў я. Не трэба мне ні іхных трусоў пад ката, ні, калі ўжо на тое пайшло, катоў пад труса таксама.
— А яшчэ, — загаварыў з далёкага кута, падхопліваючы абарваную размову, наступны госць, бледны, нібы мярцвяк, — сярод іншых дзівакоў быў у нас пацыент, які ўпарта настойваў, што ён кордаўскі сыр, і хадзіў за ўсімі з нажом, упрошваючы адрэзаць і паспрабаваць хаця б скрылёчак з ягонай нагі.
— Без сумневаў, ён быў поўны дурань, — уставіў хтосьці, — але ён не можа параўнацца з індывідуюмам, якога ведаем мы ўсе, апроч гэтага незнаёмага джэнтльмена. Я маю на ўвазе гэтага, які лічыў сябе бутэлькай шампанскага і ўвесь час адкаркоўваўся з бабахам і шыпеннем, вось так!
З гэтымі словамі прамоўца (як на мяне, гэта была страшэнная нявыхаванасць) засунуў вялікі палец правае рукі за левую шчаку, рэзка выцягнуў яго з гукам, падобным да хлопання корка, і, пераймаючы шампанскае, што пеніцца, выдаў працяглы свіст і шыпенне, спрытна прыціскаючы язык да зубоў. Такія паводзіны відавочна прыйшліся не зусім даспадобы мсьё Маяру, але ён нічога не сказаў, і размову падхапіў вельмі худы чалавечак у пышным парыку.
— Быў тут яшчэ дурнаваты, — сказаў ён, — што ўважаў сябе за жабу. Дарэчы, да жабы ён быў абсалютна не падобны. Шкада, што вам не давялося з ім сустрэцца, сэр, — звярнуўся ён да мяне, — вы б атрымалі сапраўдную асалоду, убачыўшы, як натуральна ў яго атрымлівалася. Сэр, калі ён не быў жабаю, мне застаецца пра гэта толькі пашкадаваць. Ягонае кумканне, гэтае «ква-ак, ква-ак» было найцудоўнейшым гукам у свеце, чыста сібемоль! I калі ён пасля аднаго-двух келіхаў віна ставіў локці на стол — вось так! — шырока раскрываў рот — вось так! — вылупліваў вочы — вось так! — і шалёна хутка пачынаў імі лыпаць — вось так, — о, дазволю сабе наўпрост сказаць вам, сэр: вы б звар'яцелі ад захаплення такой геніяльнасцю.
— Не сумняюся, — адказаў я.
— А яшчэ, — сказаў хтосьці, — быў тут адзін мілы свавольнік, упэўнены, што ён дробка табакі, які бязмежна расстройваўся, бо не мог узяць сябе вялікім і ўказальным пальцамі.
— А яшчэ тут быў Жуль Дэзульер, сапраўдны, выключны геній, скажу я вам, які зрухнуўся на думцы, што ён гарбуз. Ён даймаў кухара, каб той запёк яго ў пірог, а кухар абурана адмаўляўся. Што да мяне, то я зусім не ўпэўнены, што гарбузовы пірог а-ля Дэзульер быў бы такім ужо нясмачным.
— Надзвычайна! — сказаў я, запытальна гледзячы на мсьё Маяра.
— Ха-ха-ха! — сказаў гаспадар. — Хе-хе-хе! Хі-хі-хі! Хо-хо-хо! Гы-гы-гы! Цудоўна! Не здзіўляйцеся так, mon ami. Наш сябар жартаўнік, drôle [ 96 96 Гарэза (фр.).
], не варта разумець яго літаральна.
— А яшчэ, — сказаў нейкі іншы госць, — было тут адно пудзіла гарохавае, таксама свайго роду выбітны суб'ект. Ён з'ехаў з глузду ад кахання і ўявіў, што ў яго дзве галавы, адна — Цыцэронава, а другая — ад ілба да рота Дэмасфенава і з падбароддзем лорда Брума*. Магчыма, ён і памыляўся, але ўпэўніць вас у сваёй рацыі мог як ніхто, бо быў выключным аратарам. Ім валодала неўтаймоўная жарсць прамаўляць, ён проста не мог утрымацца ад публічных выступаў. Бывала, заскочыць на стол — вось так — і як пачне...
Тут адзін з суседзяў прамоўцы паклаў яму на плячо руку і прашаптаў на вуха некалькі словаў, пасля чаго той неахвотна змоўк і паныла сеў назад на крэсла.
— А яшчэ, — пачаў той самы сусед, — быў тут Булар-ваўчок. Я называю яго ваўчком, бо ён, па сутнасці, быў апанаваны дзівацтвам, не такім ужо, зрэшты, абсурдным... фантазіяй, што яго ператварылі ў ваўчок. Вы б памерлі ад рогату, калі б яго пабачылі. Ён мог цэлую гадзіну круціцца на адным абцасе, прыкладна вось так...
Тут ягоны таварыш, якога ён кагадзе спыніў шэптам, зрабіў тое самае з ім.
— А ўсё-ткі, — закрычала на ўвесь голас нейкая старая дама, — ваш мсьё Булар быў вар'ят, і да таго ж найдурнейшы вар'ят. Хто, скажыце вы мне, хто хоць калі-небудзь чуў пра чалавека-ваўчка? Гэта ж бязглуздзіца нейкая. Вось мадам Жуаёз мела нашмат больш цвярозы розум, як вы ведаеце. У яе таксама была фантазія, але фантазія, поўная здаровага сэнсу і прыемная ўсім, хто меў гонар ведаць мадам. Па сталым роздуме яна прыйшла да высновы, што нейкім чынам ператварылася ў маладога пеўніка, і пачала паводзіцца адпаведна. Яна проста дзівосна лопала крыламі — вось так, вось так, вось так! А яе кукарэканне... яно проста зачароўвала! Кукарэку! Кукарэку! Кукарэку-ку-ку-ку-у-у-у!..
Читать дальше