— Безумоўна, — сказаў я, — безумоўна.
— Магчыма, кло-дэ-вужо было занадта моцнае, яно магло крыху... затуманіць... разумееце, пра што я?
— Безумоўна, — сказаў я, — безумоўна. Дарэчы, мсьё, ці правільна я зразумеў, што сістэма, уведзеная вамі замест славутай сістэмы палёгкі, вылучаецца скрайняй строгасцю й суворасцю?
— Ні ў якім разе. Нашыя абмежаванні сапраўды даволі строгія, але ж гэта неабходна. Затое такога дагляду — медычнага дагляду, я маю на ўвазе, — пацыент больш нідзе не атрымае.
— А гэтая сістэма — вашае вынаходніцтва?
— Не ва ўсім. Некаторыя яе элементы распрацаваныя прафесарам Смолам, пра якога вы, без сумневаў, чулі. А пэўнымі зменамі, унесенымі мною, я — з радасцю пра гэта абвяшчаю — абавязаны знакамітаму Пер'е, з якім вы, калі не памыляюся, блізка знаёмы.
— Мне вельмі сорамна прызнацца, — адказаў я, — але я ніколі не чуў імёнаў гэтых джэнтльменаў.
— Божа мой! — усклікнуў гаспадар, рэзка адсунуўшы крэсла і ўздымаючы рукі. — Я, пэўна, вас недачуў. Вы ж не хацелі сказаць, што ніколі не чулі ні пра найадукаванейшага доктара Смола, ні пра славутага прафесара Пер'е!
— Мушу прызнаць сваю недасведчанасць, — сказаў я, — але праўда вышэйшая за ўсё. Аднак я ўсё адно адчуваю сябе проста-такі зрынутым у прах, бо не знаёмы з працамі гэтых, без сумневаў, выдатных навукоўцаў. Я абавязкова адшукаю іхныя працы і вывучу іх з усёю пільнасцю. Мсьё Маяр, пасля вашых словаў мне сапраўды — мушу гэта прызнаць, — сапраўды вельмі сорамна за сябе.
Так і было.
— Не будзем больш пра гэта, мой дарагі малады сябра, — ласкава сказаў ён, паціскаючы мне руку. — Выпіце са мною келіх сатэрну.
Мы выпілі. Уся кампанія зрабіла тое ж, ні ў чым сябе не абмяжоўваючы. Яны весела размаўлялі, жартавалі, смяяліся, рабілі тысячу глупстваў, вішчалі скрыпкі, грукатаў барабан, трамбоны раўлі, як медныя быкі Фаларыда*, і сцэна, па меры таго як віно затуманьвала галовы, рабілася ўсё больш агіднай, ператварыўшыся нарэшце ў нейкую оргію in petto [ 98 98 Тут: у зародку (іт.).
]. Тым часам мы з мсьё Маярам, пасля некалькіх бутэлек вужо і сатэрну, працягвалі нашую размову, крычучы на ўвесь голас. Слова, сказанае звычайным тонам, мела такія ж шанцы быць пачутым, як голас рыбіны з дна Ніягарскага вадаспаду.
— Сэр, — крыкнуў я яму ў вуха, — вы перад абедам нешта казалі пра небяспеку, якою пагражала старая сістэма палёгкі. Што вы мелі на ўвазе?
— О так, — адказаў ён, — часам становішча сапраўды рабілася вельмі небяспечным. Усе фантазіі вар'ятаў прадбачыць немагчыма, і, на маю думку, гэтак жа як і на думку доктара Смола і прафесара Пер'е, іх ніколі нельга пакідаць зусім без нагляду. Вар'яту часамі можна, так бы мовіць, патураць, але ўсё ж ён вельмі схільны да буйства. Да таго ж іхная незвычайная хітрасць зрабілася прыказкай. Калі ён штосьці задумаў, ён хавае гэта незвычайна вынаходліва, а спрыт, з якім ён удае душэўнае здароўе, ставіць перад філосафамі адну з найскладанейшых праблемаў у вывучэнні чалавечага розуму. Дарэчы, калі вар'ят выглядае цалкам здаровым, самы час надзець на яго ўтаймавальную кашулю.
— Але тая небяспека, дарагі сэр, пра якую вы згадвалі... ці спазналі вы яе на сабе тут, кіруючы гэтай установай? Ці маеце вы фактычныя падставы лічыць свабоду вар'ятаў небяспечнаю?
— Тут? На сабе? Ну, можна сказаць, так. Напрыклад, не так даўно ў гэтым самым доме адбылося выключнае здарэнне. Дзейнічала, як вы ведаеце, сістэма палёгкі, і пацыенты карысталіся поўнаю свабодай. Яны паводзілі сябе проста цудоўна, і нават больш за тое. Любы чалавек у сваім розуме зразумеў бы, што спее д'ябальская змова, ужо з аднаго таго, як надзвычайна добра паводзіліся гэтыя суб'екты. I, безумоўна, у адзін цудоўны дзень наглядчыкі ўбачылі, што вар'яты прысвоілі іхныя абавязкі, звязалі іх па руках і нагах, кінулі ў ізалятары і цяпер наглядаюць за імі, быццам вар'яты — яны.
— Не можа быць! Я ў жыцці не чуў нічога больш неверагоднага!
— Бясспрэчна. Усё адбылося праз аднаго дурня — ну, вар'ята, — які чамусьці ўбіў сабе ў галаву, што ён вынайшаў найлепшую сістэму кіравання, якая калі-небудзь увогуле існавала, — я маю на ўвазе сістэму кіравання вар'ятняй. Мяркую, ён вырашыў выпрабаваць сваё вынаходніцтва і падбухторыў астатніх пацыентаў да змовы з мэтаю зрынуць існае кіраўніцтва.
— I ён дабіўся свайго?
— Несумненна. Наглядчыкі й нагляданыя ў хуткім часе памяняліся месцамі. Нават больш за тое, бо вар'яты па-ранейшаму карысталіся свабодаю, а наглядчыкаў пасадзілі ў ізалятары і, з жалем мушу зазначыць, абыходзіліся з імі вельмі бесцырымонна.
Читать дальше