Доўга былі чуваць адны ўсплёскі.
— Вярнуўся дадому, жыву — усё нармалёва. А потым быццам кантакт нейкі замкнуўся. Спачатку ўсмешка ўспамінацца стала...— Ягоны голас пацяплеў і збянтэ жыўся.— Уяўляеш, валасы ў яе рыжаватыя, і твар увесь свеціцца. як усміхнецца. Асляпляе проста. Быццам у верасні бярозу ў ельніку ўбачыў... А тады... Ат! — мах нуў ён у цемры рукой. — Што тут казаць. Прысніцца — прачнешся і ляжыш шчаслівы, як дурань. I ні адраса, ні прозвішча — хоць крычы. Я ўжо думаў у Навінкі горбу збіраць. У газеты напісаў, на радыё, каб адшукаць яе памаглі. Адказалі, што такімі справамі не займаюцца...
Кастусь кідаў у ваду трэскі, і яны белымі рыбінамі адплывалі туды, дзе рака злівалася з бяздоннай ноччу і толькі недзе далёкадалёка цёпла чырванеў вугольчык бакена.
— У гэтым гарадку яна сышла. Так сюды і прыязджаю кожны год. На працы паданні ўжо ходзяць пра тое, куды я на лета знікаю.— У голасе пачулася гаркаватая ўсмешка.
Кастусь устаў.
— Ну, вось і паспавядаўся,— сказаў ён.— Ты, братка, даруй.
Мы паціху падымаліся па беразе.
— Я раней у бакеншчыка спыняўся, там, далей,— паказаў ён некуды ў ноч.— Латыш высланы, амаль зямеля мой быў, з Латгаліі. Кідаць яму гэтую справу трэ было: восьмы дзесятак размяняў. Усё супакойваў: нэ нем галва, Кастусь,—не бяры да галавы. Мінулай восенню лодка ў буру перакулілася... Я і не ведаў, пакуль не прыехаў. Думаў, навагоднюю паштоўку дзед адправіць запамятаваў, і ўсяго...
Дамы невідушча глядзелі пагаслымі вокнамі. Каб не спалохаць цішыню, я стараўся асцярожней ступаць па дошках...
Нашы нумары былі на адным паверсе.
— Бывай,— падаў мне руку Кастусь.
Я затрымаў яе; здавалася, трэба нешта сказаць, ды я не ведаў што.
Запальваць святло ў нумары я не стаў.
За вакном шастаў у піхтах вецер.
Далёка на рацэ гарэла ў цемры чырвонае цяпельца бакена.
1982
Апавяданне
— Белавус!
З-за парты падымаецца круглагаловы стрыжаны пад бокс хлопчык з аддудуранымі ружовымі вушамі.
— Праінфармаваў бацькоў? Хлопчык ківае.
— Прыйдуць?
— Прыйдуць,— адказвае ён нясмелым голасам.
— Я буду пасля ўрокаў вось тут, у кабінеце. Ясна?
— Ясна. Хлопчык сядае.
— Шкілет! — даносіцца гучны шэпт з «камчаткі», і ў класе смяюцца. Ружовыя вушы робяцца бурачковымі. Мянушка прыстала да хлопчыка толькі ўчора, калі настаўніца ўголас прачытала ягонае сачыненне, і ён яшчэ не паспеўшы абвыкнуцца, кожны раз пакутліва чырванее.
— Шкілет! Хлопчык не азіраецца.
— Ой, не зайздрошчу я сёння Шкілету... — зларадна кажа той самы голас за спінаю.
Пасля апошняга ўрока, калі ў кабінеце мовы і літарату ры застаюцца адно партрэты Талстога і Дастаеўскага, настаўніца дастае маленькае люстэрка і, убачыўшы ў ім свой стомлены і строгі твар, папраўляе сівыя валасы і трошкі падфарбоўвае сухія падцятыя вусны.
У дзверы асцярожна стукаюць.
— Заходзьце,— кажа настаўніца, хаваючы памаду.
Зірнуўшы на пажылую поўную кабету ў малінавай
кофце і мешкаватай спадніцы, настаўніца адразу зазначае: не інтэлігентка.
— Сядайце,— запрашае яна.
Кабета, разгубленалісліва ўсміхаючыся, сядае і хавае рукі пад стол, але адразу выхоплівае іх наверх — вялікія, чырвоныя, з чорнай аблямоўкаю вакол пазногцяў.
— Пагуляй у калідоры,— звяртаецца настаўніца да хлопчыка, які нерашуча тупаецца ў дзвярах.
Дзверы зачыняюцца.
— Вы — бабуля?
— Ага, даражэнькая, бабуля.
— А чаму бацькі не прыйшлі?
— Дык няма ў яго цяперака бацькоў. Адна я засталася. Бацька даўно ўжо сабакам сена косіць, а матка, дачка мая, значыцца, месяц як на БАМ паехала.
— Прабачце, не ведала. Я ў гэтым класе нядаўна выкладаю,— тлумачыць настаўніца.— Пайшла на пенсію, але вось запрасілі на замену. Ніяк не могуць расстацца,— з прыхаваным гонарам дадае яна.
— Нічога, нічога,— ківае бабуля.
— А вы дзе працуеце?
— А дворнікам, даражэнькая.
— Ну добра, бабуля. Давайце бліжэй да справы. Унук вас інфармаваў, што атрымаў двойку?
— Казаў, залатая мая, казаў.
— А за што, ён вам паведаміў?
— Нешта я не дужа раскумекала. Казаў, быццам не тое нешта напісаў. I што гэта з мальцам зрабілася, які на яго маладзік найшоў? Гэта ж ніколі двоек не насіў. Такі ўсё ціхі...
— Па дысцыпліне ў мяне прэтэнзій няма, сядзіць ціха. Але ж, ведаеце, у ціхім балоце... Я трыццаць два гады ў школе, такое ўпершыню сустракаю.
— Дык што ж ён там, даражэнькая, вычварыў?
— Зараз я паспрабую вам растлумачыць. Настаўніца бярэ ў рукі сшытак.
Читать дальше