1982
Апавяданне
Да позняга заседзеўшыся з кнігай, я люблю патушыць святло і сцішана пастаяць ля начнога вакна. Пастаяць, паназіраць за прыпынкам насупраць майго дома. Я часта бачу там нечую самотную ноетаць. Апошнія аўтобусы даўно пройдуць, а чалавек, наставіўшы пад снегам ці дажджом каўнер, усё чакае, адзін сярод каменных гмахаў з чорнымі вачніцамі вокнаў. 1 часам прычыняецца маленькае дзіва, і самотніка падбірае якісьці бяссонны аўтобус. Тады мяне ахоплівае дзіўнае пачуццё, дзе радасць нітуецца з нейкай трывогай, і я прыгадваю адну, пасланую мне лёсам, незвычайную сустрэчу...
Прафесару Абэцэдарскаму, якога студэнты звалі проста Абэцэ, спатрэбілася другое спатканне са мною, і мне прыйшлося даганяць свой будатрад, які ўжо карміў сібірскую камарэчу...
На трэці дзень дарогі я апынуўся ў далёкім таежным гарадку, амаль спрэс драўляным, з фарсістымі дашчанымі ходнікамі і каржакаватымі дамамі, якія, здавалася, стаяць так даўно, што паспелі пусціць карані.
На аблепленай ластаўчынымі гнёздамі прыстані я даведаўся, што адзіны на дні параход уверх па рацэ адчаліў яшчэ раніцой. Нічога не заставалася рабіць, як бліжэй пазнаёміцца з тутэйшымі сабакамі, што галасной, але наогул прыязнай гайнёй бестурботна гойсалі на вулках, і заняць нумар на апошнім, трэцім паверсе пустэльнай гасцініцы, а потым, узважыўшы свае фінансавыя магчымасці, спусціцца на вячэру ў рэстаран.
У сіняй ад тытунёвага дыму зале, аздобленай без дай ладу развешанымі па сценах аблезлымі шкурамі, было завозна, але я змеціў яго яшчэ ў дзвярах. Ён, русявы, гадоў мо на пяць старэйшы за мяне хлопец, неяк адразу розніўся з шумлівымі мужчынамі, што запаўнялі рэстаран. Узнікла адчуванне, што мы недзе бачыліся, і я, упершыню трапіўшы ў такі блізкі свет, вядома, захацеў сесці толькі з ім.
Я павітаўся, паклаў на край століка захоплены ў дарогу беларускі часопіс і ў наступную хвіліну падскочыў на крэсле ад здзіўлення і ўсцехі, пачуўшы нашую мову.
Майго новага знаёмца звалі Кастусём. Ён быў з-пад Полацка, настаўнічаў у родных мясцінах. Якім ветрам занесла яго сюды — пра тое Кастусь прамаўчаў, але мне і без таго было хораша поруч з гэтым сухарлявым стрыманым хлопцам, на светлым твары якога ўважліва і чамусьці сумнавата сінелі глыбокія вочы. Было хораша піць нясмачнае каламутнае піва. Хораша пазіраць на доўгага, быццам бусак, рудога чалавека, які ў адзіноце скакаў свой адмысловы шэйк, свецячы фіксамі з нетраў нечасанай барады. Хораша спытаць што-небудзь і зноў пачуць беларускае слова.
Я заўважыў, што Кастусь тут не чужы: некалькі мужчын з ім парукаліся, а адзін падсеў да нас і, чокнуўшыся з Кастусём, моўчкі, але з відавочным спачуваннем паляпаў яго па плячы.
Ансамбль вярнуўся з перакуру і грымнуў нязводнае і ўсюдыіснае «Поспели вишни в саду у дяди Вани...». Музыкі шчыравалі так, што на століку падскокваў і жаласна звінеў посуд, а са сцяны з нянавісцю касавурылася на эстраду рагатая аленевая галава.
Кастусь прапанаваў прайсціся, і мы разлічыліся.
Асфальт з мураванкамі хутка скончыўся. Мы ішлі бязлюднай прырэчнай вуліцай. Драўляны ходнік гулка адгукаўся на кожны крок. На падворках, перадаючы нас адзін аднаму, узбрэхвалі сабакі. На рэдкіх слупах гарэлі лямпачкі пад іржавымі бляшанымі брылькамі, і вакол іх у акаймаваных бляклымі вясёлкамі кругах святла таўкліся мошкі і начныя мятлушкі.
Па шырокім узвозе, дзе наперадзе, пры самай вадзе, бялелася бярвенне, мы спусціліся да ракі.
Сядзелі на бёрнах і маўчалі. Пахла свежым дрэвам і жывіцай. Рака мерна дыхала, плёскаючы ў бераг. На душы ад прысутнасці побач нейкае таямніцы было бударажліва.
Мой спадарожнік рэзка шпурнуў у ваду трэску — ажно скалануўся ад нечаканасці.
— Я пасля чацвертага курса ва Уладзівасток махануць вырашыў,— без уступу, як быццам я ведаў, пра што ён будзе апавядаць, загаварыў Кастусь. — Сібір паглядзець захацелася. I грошай хапала: якраз з будатрада. Карацей, паехаў...
Ён сядзеў спінаю да мяне, і яго нягучны голас толькі крыху прыўзнімаўся над уздыхамі ракі.
— Пазнаёміўся з ёю ў вагонерэстаране. Так, ад нудоты. Гэта ў мяне тады лёгка атрымлівалася. Строіў, вядома, я з сябе неардынарную асобу — Рэй Брэдберы, Мадзільяні, шампанскае... Потым пра Беларусь расказваў. Ну, сам ведаеш: на Беларусі пчолы, як гусі... Пацалаваліся ў тамбуры, калі да купэ падводзіў. I ўсё. Назаўтра прыходжу: сышла, кажуць, ноччу. Тае бяды, думаю. Такога цвету па ўсім свету.
Читать дальше