Але нядоўга цягнулася іх адважная атака. Ужо вельмі мала заставалася смельчакоў, каб доўга гнаць ворагаў. На паўшляху да грушы кулямётны агонь фашыстаў стаў шчыльны і дружны. Яны заляглі у тым месцы, дзе жытняе поле перамежвалася нешырокай палоскай сенажаці. Пятрусь, зусім знясілены, упаў ля крушні камення, сабранага з нівы, і высунуў з жыта вінтоўку.
Узгорак ля грушы ўжо люта трашчаў кулямётамі, а іх ланцужок маўчаў. Аддыхаўшыся крыху, Пятрусь паглядзеў наўкола. Непадалёку высоўваліся з жыта штыхі вінтовак тых, што ўцалелі ў час гэтай атакі, у хмарным небе над ім гойдаліся лёгкія і зялёныя яшчэ каласы.
Самалёты зніклі, і раптам стала зусім ціха: кулямётны агонь спыніўся, і толькі збажына цягнула ў цішы сваю шумлівую маркотную песню. Пятрусь адразу западозрыў нешта нядобрае ў гэтай цішыні і ўвесь насцярожыўся. Аднекуль ад дарогі данёсся аддалены гул матораў. Хлопец ужо добра ведаў, што гэта за гук: шмат трывог знёс ён за тыя ваенныя дні ад гэтых крыжастых грамадзін. Побач нехта прыўзняўся над жытам, нехта спалохана крыкнуў «танкі». Пятрусь ляжаў на мулкіх усохлых купінках і напружана слухаў.
Гэта была страшная сустрэча тут, на роўным полі, з адной толькі вінтоўкай у руках. Зноў, як у тым раўчуку, хлопцаву спіну крануў самотны халадок страху.
Ланцуг маўчаў яшчэ нейкі час, а потым ад байца да байца панеслася каманда: хутка, па адным перабягаць управа, у хмызняк. Пятрусь пераказаў гэтыя словы далей і на локцях і каленях шыбануў у збажыну. Непадалёку, рассоўваючы жыта, прамільгнула дужая постаць Наскова. Нехта вельмі вытыркнуўся з жыта, і на яго тут жа злосна крыкнулі. Але было позна ўжо. Танкі адразу заўважылі спробу выйсці з-пад удару і ўсёй сілай сваёй зброі люта накінуліся на байцоў. Зноў завыла, забушавала, зашамацела наваколле, струмені куль панесліся над полем, абсыпаючы зямлёю жыта, загрымелі выбухі.
Таіцца і прыгінацца далей было бескарысна. Пятрусь выпрастаўся і з усяе моцы кінуўся да кустоўя, куды ўжо беглі людзі. Калі зусім блізка ў паветры шуршэў чарговы струмень куль, ён падаў, потым ускокваў і зноў бег. Разы два сержант азірнуўся – танкі паскорылі хаду і ляскаталі зусім блізка, на хаду страляючы з кулямётаў і гармат. У хлопца ад зморанасці аж падкошваліся ногі і ў голаў стукала неадчэпная страшная думка – канец... I яму, і камандзіру, і сцягу... Скрозь па полі беглі людзі, але сцяга нідзе не было бачна.
Яны вельмі разбегліся ў збажыне, іх зусім лёгка было перабіць па адным, але ніхто, пэўна, зараз не думаў аб гэтым. Так уцалелыя ўжо дасягнулі рэдкага кустоўя, далей па адхону разлеглася голая аблога і за ёй у лагчыне пачыналася вялізная лугавіна з доўгімі радамі скошанай травы. Там не было ніякага сховішча, а кусты на ўзгорку былі ўжо вельмі рэдкія і малыя, каб надзейна схаваць байцоў.
У той час Пятрусь зноў убачыў камандзіра са скручаным на дрэўку палотнішчам сцяга ў адной руцэ і чорным пісталетам «ТТ» у другой. Не звяртаючы ўвагі на кулі і асколкі, шырока расставіўшы ногі, маёр стаяў на ўзгорку і, сілячыся перамагчы грукат бою, крычаў людзям, што беглі далей на лугавіну:
– Стой! Стой! Назад! Ка мне!
Невялічкі той узгорачак, на якім стаяў ён, як-колечы мог захінуць ад куль і даць магчымасць байцам разгарнуцца ў ланцуг.
– Назад! – крычаў камандзір і раптам шырокім жэстам узмахнуў дрэўкам і разгарнуў сцяг.
Зноў, як і ў першы раз, Пятрусь адчуў, як узгарэлася ў ім нешта ўнутры і нібы іскрай прабегла па целе, і хлопец паслухмяна кінуўся туды, на заклік сцяга. З жыта да яго далучыліся яшчэ людзі.
Ахоплены немай рашучасцю не пакідаць больш камандзіра і сцяг, Пятрусь залёг у рэдкі драцяністы верасок ля маёра і нарыхтаваў вінтоўку. Танкі, згубіўшы байцоў з поля зроку, пайшлі павольней, відаць, баяліся сустрэць што-небудзь нечаканае за ўзгоркам. Ззаду, тулячыся за машыны, ішлі чорныя аўтаматчыкі, і камандзір, стоячы на каленях, пільна сачыў за іх набліжэннем. Побач залегла два дзесяткі байцоў.
– Па аўтаматчыках за-а-а-а-а-а-лпам... плі! – крыкнуў камандзір, і нядружны залп грымнуў з узгорка.
– За-а-а-а-а-лпам... плі! – крычаў ён другі раз, і ўзгорак адгукаўся другім залпам.
Так яны далі яшчэ некалькі залпаў, і танкі спыніліся, а аўтаматчыкі схаваліся за імі. I тады зноў на ўцалелую рэштку байцоў рынуў агонь з усёй шматлікай зброі, што цяпер сабралася супраць іх.
Але ўзгорачак як-колечы затуляў іх, можна было адпаўзці крыху назад, прыніснуцца да травяністага дзірвану, і кулі ішлі верхам. Снарады з лютым піскам праносіліся над самай Петрусёвай галавой і ірваліся недзе ззаду, на лугавіне.
Читать дальше