Петруся раптам апанаваў жах. Угары сінела зрэдку аздобленае воблачкамі неба, наўкола раскінуўся вялікі прастор, бачна было, як за ўзгоркам валіў угору далёкі дым – і чамусьці ніводнага гуку.
Хлопец пацёр вушы і не пачуў звычайнага шолаху. Тады ён крыкнуў і бадай зусім не пачуў уласнага голасу. «Аглух?» Так, ён аглух, і навакольны свет адгарадзіўся цяпер ад яго нябачнай сцяною.
Так-сяк дабраўшыся да кустоў, дзе паволі цякла ручаіна, Пятрусь упаў грудзьмі на дзірваністы бераг і, чапляючыся за траву дрыжачымі пальцамі, праз аір прасунуў свой твар. Ён піў прагна і доўга, вялікімі глыткамі цеплаватую, з пахам травяных карэнняў ваду.
I раптам ён увесь скалануўся. Зусім побач пад лазовым кустом страшна ўскінулася з травы нейчая рука з растапыранымі скручанымі пальцамі. Пятрусь прытаіўся, пачакаў яшчэ з хвіліну, а потым, ахоплены жудасным прадчуваннем, ускочыў з зямлі з тым спрытам, на які толькі хапіла сілы.
Жахлівае прадчуванне не ашукала яго. Пад кустом лазняку ў пакутлівай позе канаючага чалавека ляжаў Наскоў. Адна рука яго, скручаная ў локці, прыўзнялася ўгору, а другая туліла да грудзей абы-як згорнуты на дрэўку іх агністы палкавы сцяг.
Пятрусь нахіліўся над старшыной. I на яго твары уздрыгнулі і скрывавіліся вусны. Хлопец адчуў цяпер, што ўжо няма ніякай надзеі на чыё-небудзь выратаванне, што ён – адзіны ўцалелы баец іхняга палка, і на яго, кантужанага і глухога, кладзецца цяпер новы клопат. Пятрусь з роспаччу ўгледзеўся ў аброслы шчаціннем немалады ўжо, змардаваны твар старшыны. Ніводнай прыкметы жыцця не было ў ім, але ж ён толькі што варухнуўся, гэты ўпарты і энергічны пры жыцці чалавек. I сержант, гонячы ад сябе благую думку, ціхенька паклікаў:
– Наскоў... Таварыш старшына... Што ж гэта ты? Га?
У яго не было ні пілоткі, ні якой пасудзіны, ён сцягнуў з нагі бот і апусціў яго ў ручай. Калі бот напоўніўся, хлопец пачаў абліваць твар Наскова, грудзі, прыўзняў галаву параненага і, як мог асцярожна, уліў вады ў ягоны рот. Баец, здаецца, уздыхнуў, павекі яго ледзь прыкметна варухнуліся – Пятрусь не зводзіў вачэй з яго твару. «Родненькі, даражэнькі Наскоў, ачніся ж... ну», – нязмоўчна шапталі яго вусны, толькі хлопец не чуў свайго шэпту – той блытаўся цяпер з яго ўзрушанымі думкамі. Але старшына не ачынаўся. Тады хлопец зняў з яго рэмень з рыдлёўкай, зняў процівагаз, загарнуў вільготную ад крыві і поту кашулю – у левым баку чырванела скразная кулявая рана. Кроў не ішла ўжо, перавязваць не было патрэбы, і, не ведаючы, што рабіць далей, хлопец у адчаі апусціў рукі. Ён сядзеў побач з паўмёртвым чалавекам, і дзікая, невыказная роспач усё болей апаноўвала яго. Перажытыя няшчасці і гэтая апошняя бяда так уразілі і прыдушылі хлопца, што ён думаў ужо, ці не лепей было б загінуць з усімі.
Але цяпер гінуць было ўжо нельга. Перад ім ляжаў непрытомны, але яшчэ жывы яго таварыш і супольнік па барацьбе, ён спадзяваўся толькі на яго, а з другога боку хлопца ляжаў асірацелы, прабіты і прастрэлены сцяг. Бездапаможныя і дарагія салдату, абодва яны чакалі ад яго паратунку.
Пабедаваўшы крыху і пастагнаўшы ад нясцерпнага душэўнага болю, Пятрусь надзеў мокры бот і вырашыў падавацца далей ад гэтага страшнага месца. Хлопец падставіў таварышу сваю аслабелую спіну і, узяўшы яго за моцныя шырокія кісці, усцягнуў на сябе. Потым ён падняў сцяг і, адной рукой абапіраючыся на яго дрэўка, зрабіў некалькі крокаў.
Цяжкі і пакутлівы быў гэты шлях цераз луг. Ніколі хлопец не думаў, што гэткі цяжкі бывае чалавек. Часам Петрусю здавалася, што ён памірае сам, і хлопец услухоўваўся ў свае адчуванні, чакаў гэтага надыходу смерці, не ў стане ўжо супраціўляцца ёй. Але праз колькі часу сіл трошкі прыбывала, і ён зноў прымушаў сябе зрабіць некалькі крокаў.
У прыцемках ён дасягнуў узлеску на другім баку лугавіны.
Ён ужо не мог упаўзці ў лес і бокам, губляючы прытомнасць, упаў на калючы кошаны дол; за спіной так і засталося абмяклае і такое цяжкае цела Наскова.
Калі ён ачуняў, ужо было цёмна. Над лугам высыпалі рэдкія зоры, яны ціха мільгалі ў светлым небе, а нізка над зямлёю вісеў на небасхіле нізенькі акрайчык месяца. Ён не свяціў, а толькі пазіраў у ноч сваім бліскучым прыплюшчаным вокам.
Пятрусь адразу схапіўся за таварыша, але той не варухнуўся. Нейкі час хлопец тармашыў старшыну, гладзіў і цалаваў яго твар і, адчуваючы, што вар’яцее ад гора, упрошваў таго не пакідаць яго, адчыніць свае вочы, пазнаць таварыша, апошняга байца з загінуўшага палка. Пятрусь заплакаў – цяжка, балюча, сутаргі сціскалі яго горла, і цяклі з вачэй пякучыя салёныя слёзы. Але Наскоў ужо назаўсёды знямеў і аглух да ягоных просьб і ягоных слёз.
Читать дальше