Сам жа аўтар паставіўся да аповесьці надзвычай крытычна. «Цяпер у «Чырвонцы» чытаю сваю аповесьць, – пісаў празаік у лісьце да Е. Лось 5 красавіка 1958 г., – і адчуваю вялікую няёмкасьць перад таварышамі, мінскімі пісьменьнікамі, трохі – перад чытачамі. Неяк яна інакш выглядала ў маім уяўленьні, на старонках майго рукапісу, а тут з газетных палос здаецца чужой, шэрай і нецікавай. Праўда, добра скарацілі яе, павыкідалі ўсю філасофію, псіхалогію і нават лірыку, пакінулі адну толькі сюжэтную дынамічную баразну, але ўсё роўна і яна нейкая ўшчэрбная, бедная, слабая. Недзе ў сярэдзіне былі ў мяне два разьдзелы з жанчынай, – казаў Навуменка, што гэта самыя лепшыя мясьціны аповесьці, – але Маркевіч [супрацоўнік рэдакцыі. – А. П.] запярэчыў супраць гэтых лірычна-інтымных матываў – давялося зьняць. Цяпер адзін толькі патрыятызм, гераізм, пакуты і імкненьне на ўсход» (БДАМЛМ, ф.141, воп. 3). У кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» (2002 г.), распавядаючы пра свой жыцьцёвы і творчы лёс, пра гісторыі стварэньня і публікаваньня сваіх апавяданьняў і аповесьцяў, В. Быкаў нават не згадаў пра «Апошняга байца». Вось аўтарскія сьведчаньні пра той час: «<���…> Я спрабаваў супрацоўнічаць з «Чырвонай зменай», праз якую, кажуць, прайшла ўся маладая беларуская літаратура. Але дасланае туды апавяданьне было жорстка раскрытыкавана Іванам Калесьнікам, які па нейкай патрэбе прыязджаў у Горадню, і я з ім увогуле пагадзіўся. Затое дасланае ў «ЛіМ» апавяданьне на ваенную тэму было прынята намесьнікам рэдактара Раманам Сабаленкам, які сказаў, што гэтую тэму мне варта разьвіваць і паглыбляць. Акрылены гэткай парадай, за кароткі час напісаў невялічкую аповесьць «Жураўліны крык», якая неўзабаве была надрукаваная ў «Маладосці» і выйшла ў маім першым празаічным зборніку» (Быкаў В. Доўгая дарога дадому. – Мінск: ГА БТ «Кніга», 2002, с. 210).
У Архіве В. Быкава захоўваюцца газетныя выразкі з адзінкавымі аўтарскімі праўкамі простым алоўкам, якія былі ўлічаныя ў гэтай публікацыі. Рукапісаў тэксту не зьбераглося, і ў перавыданьні захоўвалася максімальная аўтэнтычнасьць першапублікацыі.
Алесь Пашкевіч
Раздзел першы
Маёнтак гарэў. Над кучаравістымі верхавінамі вязаў і ліп шугала ў паднябессе мітуслівая вогненная грыва. Густыя шэрыя воблакі дыму вяртлявымі клубамі валілі ўгару; вецер раздзьмухваў, ірваў і іскрыў у наваколлі жудасць пажару; слаўся ўдушлівы горкі смурод. Ад смуроду, дыму і пылу, узнятага выбухамі, не ставала паветра, каб дыхаць. I ў раўку за садком, змучаная нясціхным боем, знясіленая, адрэзаная ад сваіх, задыхалася жменька байцоў.
Іх вельмі мала засталося тут – штаб ды рэшткі аднаго батальёна на чале з камандзірам палка. Яны спыніліся ўчора ў гэтым маёнтку, бо адступаць далей не было куды. I ад самага ранку раскацістым рэхам калацілі наваколле гарматныя выбухі, рассыпалася кулямётная траскатня, ірваліся гранаты, злосна чхалі з лагчын мінамёты, і асколкі бязлітасна секлі акрываўленую шматпакутную зямлю.
У травяністым раўчуку, ля прыземленай дашчатай паветкі, стуліўся з кулямётам баец. Лежачы ў мелкім акопчыку, ён туга ўпіраў у плячо прыклад «ручніка» і неадрыўна глядзеў у поле, адкуль атакаваў вораг.
Калі агнявыя віхуры ўгары крыху суцішыліся, кулямётчык прыслухаўся да гукаў бою, і нейкая неспакойная думка з’явілася на яго твары.
– Пэўна, цяпер пойдуць, – сказаў ён. – Вы чуеце: сціхае?
Але ніхто не адказаў яму. Хлопец пазіраў усё ў збажыну, нешта думаў, шчыльней прыпадаў да кулямёта, чакаючы новай атакі. I раптам спалохана ўздрыгнулі яго бялявыя вочы, ён азірнуўся, прыўзняў галаву.
– Таварыш лейтэнант!
Адказу не было. Тады Пятрусь Кляновіч спалохана ірвануўся і, прыгнуўшыся, па дне раўчука кінуўся да суседняга акопчыка.
Лейтэнант ляжаў, уткнуўшыся тварам у засыпаную зямлёй траву, і не варушыўся. Згінаючыся да долу, хлопец ухапіў чалавека за плечы, узваліў на спіну яго цяжкае цела. Ад скроні па бруднай шчацэ камандзіра марудна споўз струменьчык згуслай крыві.
– Таварыш лейтэнант! – з роспаччу і надзеяй паклікаў яго Пятрусь, але лейтэнант не адгукаўся.
Болей у іхняй роце не было нікога. За два дні няспынных баёў адзін за адным гінулі людзі. Палову рота страціла на шляху адступлення, другую палову – у гэтым маёнтку. Смерць лейтэнанта зусім збянтэжыла хлопца, ён у знямозе схіліўся ля забітага камандзіра, ужо не хаваючы сваёй проставалосай галавы. Ён быў плячысты, моцны, але зусім яшчэ малады, той уцалелы хлапец з двума трохкутнічкамі на чырвоных пятліцах. Па лабатым схуднелым твары няроўнымі бруднымі пісягамі паўзлі струмені поту, і поўныя роспачы пазіралі на свет вялікія, нейкія не мужчынскія яго вочы.
Читать дальше