Дванаццаць дзён, пачынаючы з досвітку першага верасня, мы, батальён марской пяхоты, прасядзелі ў акопах на ўсход ад Гдыні, на граніцы з тэрыторыяй "свабоднага горада" Гданьска, захопленага немцамі загадзя да нападу на Польшчу. Разоў некалькі, асабліва на самым пачатку, мы адбівалі варожыя атакі, а то ўсё гнуліся пад страшным артагнём, то сухапутным, то марскім.
Гэта, відаць, проста грэх — так вось спакойна, коратка, суха гаварыць пра тое, што тады перажывалася ў душы, i ўдзень, i начамі... Але ж я хачу пра адно. Як нас потым знялі з усходняй лініі абароны, як мы дажджлівай ноччу, без шынялёў, пад цяжарам станкавых кулямётаў (бліжэйшыя да мяне, наша рота) доўга i моўчкі ішлі праз шырока раскінуты па ўзгорках, завалены зацямненнем горад на яго заходнюю ўскраіну i далей — у дёмнае поле з цёмнымі вёскамі. Панурая, мокрая, зябкая ноч яшчэ ўсё не канчалася. Насцярожана, зрэдку акажацца далекім строкатам кулямета, самотным выбухам гранаты, размерана аднастайным стогнам партавога маяка, моўчкі пасвечвае тамсям бліжэйшымі, далейшымі пажарамі...
Да світання, кал i нас паднімуць у наступленне, якое кончыцца не апошнім разгромам, заставалася трохі часу, i нас нечакана, нягучна спынілі ў нейкім маёнтку.
На свежай, чыстай саломе ў доўгім кароўніку ляжала многа спакойных, цёплых кароў. Якой была тая салома, якімі былі каровы — гэта мы, стомленыя, ацэплыя, кожны сам сабе змрочны, хутчэй не ўбачылі, але адчулі. Палёгшы," пападаўшы паміж імі. Задаволена, асцярожна, каб i самому, нарэшце, пагрэцца i кагосьці не разбудзіць. Хоць i не спалі яны, каровы, a толькі моўчкі, няспынна, мудра жавалі. Зусім далёкія ад чалавечых дзіўных клопатаў.
Нядоўгім было яно,— як мы неўзабаве, у першай хмарнай бачнасці пераканаліся,— тое нязвычна ўтульнае цяпло...
1983
"Схіляю галаву перад сваёю вуліцай",— гаворыць стары чалавек, былы падпольшчык.
У гады акупацыі ён, у гэты бок вырваўшыся з акружэння,— маскоўскі апалчэнец, а перад гэтым даволі высокі адказны работнік,— дзеля легальнага існавання працаваў шаўцом, якім раней ніколі не быў. У бацькоўскім драўляным доміку, на ўскраіннай драўлянай мінскай вуліцы. Латку якую там прышываў, набойку набіваў, а як што больш, дык сувязная адносіла да сапраўднага шаўца, таксама свайго чалавека.
I людзі-суседзі не выдалі — амаль за тры гады. Можна i пакланіцца.
Расказвае таварыш i смяецца, што i сёння яшчэ, праз трыццаць шэсць год пасля вызвалення, калі яго часамі спыніць на пераездзе цягнік, ён, па прывычцы падпольшчыка, пачынае лічыць вагоны. Пасажырскія, таварныя, платформы... Нібы яшчэ ўсё трэба яму перадаваць звесткі пра варожы рух на гэтым чыгуначным вузле.
Юрыст на пенсіі, ён многа піша ва ўсе інстанцыі, да найвышэйшых уключна, сігналіць, стары камуніст, пра непаладкі i пагрозы нашаму ладу. Не ананімкі — адкрыта i смела. Яму найчасцей не адказваюць, а то адказваюць з вет: лівым вывертам i ўдзячнасцю, а ён усё піша. І кажа, што як толькі спыніць сваё змаганне — адразу памрэ. Бо ўжо i восьмы дзесятак канчаецца.
Сухаваты ад свае гарачыні, ён раней, як адвакат, напорыста i нястомна змагаўся за тых, каго лічыў несправядліва або залішне сурова пакаранымі. І цяпер яшчэ да яго звяртаюцца, просячы дапамогі, парады.
Неяк ён расказаў мне пра яшчэ адну сваю перамогу.
Хлопцу ў сорак чацвёртым годзе было шаснаццаць. Маці, баючыся, каб i яго не вывезлі ў Нямеччыну, "на работы", за два месяцы да вызвалення Беларусі ўладзіла сына працаваць у радыёкамітэце, нейкім там вучнем пры тэхніцы. Пасля яго судзілі за... супрацоўніцтва з ворагам. Колькі там маці ні даводзіла, колькі добрыя людзі ні сведчылі, што i за ім столькі тое віны, што i яна дапамагала падпольшчыкам. Пасля турмы сына не рэабілітавалі, проста выпусцілі дачасна. А потым, у канцы пяцідзесятых, ужо інжынера, чалавека сямейнага, раптам знялі з работы — усё з-за таго самага.
Стары адвакат узяўся за гэтую справу. Дамогся справядлівасці,— чалавека рэабілітавалі, вярнулі на працу.
— Адказ прыйшоў на яго імя, але на мой адрас,— расказваў ён мне пасля.— Так робіцца: каб я, абаронца, перадаў яму. Панёс я ім гэтую залатую паперку. Якраз было Восьмае сакавіка, як з падарункам пайшоў у сям'ю. І ён расплакаўся, хацеў мне руку пацалаваць. I я з ім таксама расплакаўся. З усімі імі. Так вось, мой дарагі...
Ён гаварыў гэта, зноў выціраючы слёзы. Першыя для мяне — за тры з палавінай дзесяцігоддзі нашага знаёмства.
1983
Читать дальше