1983
"Чорт з голаду i мухі еў".
А бывалы дзядзька Ігнат расказваў, як ён — яшчэ да рэвалюцыі — вяртаючыся з нейкіх заработкаў, i недзе каля Маладзечна ці Вілейкі... ледзь не наеўся "жытнічкаў".
Гаспадыня, калі ён зайшоў ды напрасіў есці, гасцінна сказала: "А я вам, чалавеча, крупніку з жытнічкамі!.." — "Ого, давай,— падумаў я.— Наліла на прыпеку, з печы дастаўшы, паставіла на стол. Павярнуў я лыжкай, а там — аблупленыя мышы... Каб не галодны быў, дык i сарвала б. А так толькі хлеба лусту ўзяў, падзякаваў ды за шапку".
"А чаму яны, дзядзька, жытнічкі?" — спыталіся мы, хлапчукі.
"Бо мышы палявыя".
...Другі дзядзька, Макар, у якога на агародзе было тры яблыні. Ён ix мазаў знізу да самага голля дзёгцем, каб мы, чужыя дзеці, не лазілі, калі дома нікога не будзе. Пакуль тыя яблыні не пасохлі.
Страшэнна працавіты, гаспадарлівы. Купляў у пана патроху зямлю, зусім, здавалася, пустое поле, i гноем — з году ў год — даводзіў яго да ўрадлівасці. Калі хто паліў увосень пырнік на сваім полі, дык дзядзька спыніцца ў плузе i крычыць: "Пачакай! Не палі! Давай я забяру!" Забіраў, трусіў у баразну i заворваў.
Малога ўнучка, ад дачкі, што была за бедным замужам у суседняй вёсцы, лішне малога Колю, дзед прымушаў аднойчы гнаць каровы. Спрабаваў, як толькі трохі развяснела, ці будзе ўжо свой, ненаняты пастух. А Коля ўцёк i схаваўся за нашым гумном. Плача, унурыўшыся, хімкае, а дзед стаіць над ім i гугніць. Убачыў, што я цікую з-за вугла, i да мяне:
— Ты бачыў, Мішачка? — Заўсёды блытаў нас з братам, нібы не могучы разабрацца. — Гэта ж, Мішачка, пазаўчора было Вяліканне, i наша баба дала во нашаму Коліку,— тут ішла смешнасуцэльная скорагаворка,— пірагабабкі-малака, яец чырвоненькіх-каўбасы-сырамасла-сала i мяса, а ён во, Мішачка, каровы гнаць не хоча!..
Прыдурванне, як нейкая вельмі патрэбная ў гаспадарцы мудрасць.
...Яшчэ i дзядзька Пятрусь, у якога была поўная хата непрыгожых, беспасажных дачок. Разбурчыцца на печы на долю сваю — не супакоіць нічым. А цётка Алена, ласкавая, гаваркая жанчына, тыц яму туды малыя начовачкі гарачай бульбы ў лупінах — ён i супакоіцца. Хукае там ды чаўкае.
Штовечара збіралася поўная хата вячорнікаў. I цётка нібы жартам сватала сваіх дзяўчат:
"Бяры, Баядэра, Жэню. Гаспадыню будзеш мець!.."
Як яно помніцца ўсё так выразна — з малечай памяці. Я тады хадзіў у чацвёрты клас местачковай школы i зімою быў на кватэры ў цёткі Алены, нашай далёкай сваячкі. Помніцца — з нейкім затоена-значным сэнсам.
1983
Радасць цемры ці подласці, якая "сказала праўду":
— Гэта ж не твае родныя тата i мама, яны цябе толькі ўзялі...
Калі тая ці той сірата зразумее ўсё па-належнаму, наколькі вышэй за "праўдалюбца" стане яна ці ён у сваёй ранняй сталасці!
Успамінаецца, што адчулі мае знаёмыя, кал i ix дачушка, згубленая ў вайну i выгадаваная чужымі ажно ў Омску, адмовілася ехаць ад сваіх да сваіх. Успамінаецца таксама даўно прачытанае ў газеце, як у падобнай сітуацыі, не могучы падзяліць аднымі выгадаванае, a другімі — нарэшце! — знойдзенае дзіця, дзве чужыя сям'і прыйшлі да мудрага рашэння — парадніцца, узаконіўшы роднасць сваю афіцыйна.
Дзеці "падкідышы", або "пакідышы", якіх я аднойчы многа бачыў у Наваградку, дапамагаў ім пераходзіць цераз кладку каля касцёла, у якім быў ахрышчаны Міцкевіч. Нязручна дый няёмка было ix апярэджваць, i я падхапіў, перанёс адно, яшчэ i яшчэ адно... Яны наперабой ліпнулі да мяне, i цяжка, нельга было адчапіцца. Ад сваіх выхавацельніц, што ў нейкай меры замяняюць ім маці, яны так пяшчотна, так прагна гарнуліся да мяне, мужчыны, сказаў бы, адчуваючы "бацькоўскую недастатковасць".
У Нарыльску, у найлепшым, які мне дагэтуль давялося бачыць, дзіцячым садзе, загадчыца яго, кандыдат педагагічных навук, аўтар спецыяльных дапаможнікаў, чалавек на ўсю душу аддадзены сваёй справе, сказала нам між іншым i такое:
— Самая ідэальная выхавацельніца не зможа ўсіх ix пацалаваць, як маці. Сям'ю, таварышы, нішто не зможа замяніць.
А недзе там над гэтым... не, лепш пад гэтым чуваць "цвярозае", "праўдзівае" гы-гыгы:
— Гэта ж не твае родныя тата i мама...
1983
На сустрэчы з выдатным артыстам яму задалі i такое пытанне:
"Ці адчуваеце вы цяжар сваёй вядомасці?!
Артыст усміхнуўся, нават узяўся рукой за галаву, нібы з жаданнем заклапочана чухнуцца, тады яшчэ шырэй усміхнуўся i расказаў пра адзін тэлефонны званок.
Званок быў, вядома, не першы i не апошні, аднак вельмі позні. Hi днём, ні ноччу спакою няма!.. Артыст празаічна вылез з-пад коўдры i, штосьці адпаведнае мармычучы, падышоў да тэлефона.
Читать дальше