Успомніліся дзве кнігі. За сотню то больш, то менщ змястоўных, то больш, то менш цікава напісаных пісьменніцкіх аўтабіяграфій. Але ніхто — i сам я ў тым ліку— нават i блізка не падняўся да Пушкінскага:
И с отвращением читая жизнь мою...
Характэрна гэта, адзнака нейкая — такая праведнасць, адсутнасць, як гаворыцца, самакапання?
* * *
У цяжкія хвіліны ён думаў, што нядрэнна было б — ой, нядрэнна! — мець недзе далека бацьку, брата ці друга, каб да кагосьці з ix паехаць i паскардзіцца. Тады, калі яны ў яго былі. Амаль што побач.
А што ўжо гаварыць цяпер, калі ix — i найдалей — няма?..
* * *
Мой найбліжэйшы друг памёр. А я, яго другая частка, амаль адно з ім, здзіўлена бачу, што навокал усё — як было, так i ёсць. Як пасля ўсіх тых, што паміралі на нашай з маім другам памяці. Нібыта ён — гэта я: я i памёр, я i гляджу, правяраю, што ж тут змянілася, калі нас няма...
Дзіўнае, горкае i шчаслівае адчуванне.
* * *
Страшныя рэчы адбываюцца з блізкімі або знаёмымі людзьмі, не адбываюца са мною, a вельмі проста могуць адбыцца.
I ў гэтым шчасце, жудасна-часовае шчасце, якім трэба жыць.
У добрага, сціплага чалавека памёр адзіны сын, адзінае дзіця. I сын быў харошы, я яго ведаў.
Думалася тады, што я на бацькавым месцы... ну, разарваўся б ад болю, ці што...
А ён нядаўна зноў надрукаваў артыкул. Добры. Зноў жыве.
* * *
Людзі цяжкай працы, якія жывуць у прыродзе, гавораць не толькі «хочацца жыць», але ж i «трэба жыць».
Не плач, не гаруй па свайму, па сваёй, каго ты страціў ці страціла,— табе трэба жыць.
Ёсць i ў мяне такое адчуванне. Відаць, недарма я пражыў у прыродзе, у цяжкай фізічнай працы маленства i маладосць. Адтуль яны, гэтыя думкі. Хоць i шмат у мяне, як Прышвін кажа, было адхіленняў ад правільных чалавечых паводзін.
Падумаў гэта, гледзячы на сыта-зялёны, паліты адвячоркавым сонцам агарод, на яблыні, мужнага ўзросту каштан каля хаты, а за гародам-садам — на сцяну лісцянога лесу.
Мы сюды з сябрам прыехалі ў хату ягоных бацькоў, пасля вялікай, нялёгкай у спёку дарогі нам тут добра адчуць халадок, цішыню, апусціцца ў самога сябе, супакоіцца.
Свеце родны! Маіх ужо многіх няма, а мне яшчэ ўсё трэба жыць, трэба рабіць сваё.
* * *
Жыццё чалавечае — як агонь. Быў i няма. Зноў загарэлася i патухла. Зноў гарыць. I так — бясконца. Тая самая вечная, таямнічая i цудоўная з'ява.
Так думаў я ўчора, у Гомелі, неяк па-новаму не толькі зразумеўшы, але i адчуўшы гэта.
Апоўначы, калі мы з Дзімам [ 4 4 Рускі паэт Д. Кавалёў.
] вярталіся ад яго старэнькай мамы i опыніліся каля помніка героям вайны, каб паглядзець на Вечны агонь, адчуванне тое вярнулася. Здалося нават, што, калі б пасядзеў там адзін, хоць да дня,— адчуў бы па-сапраўднаму яго паэзію — паэзію вечнай работы гарэння.
...Скромніца, работніца, так хораша спявала за святочным сталом «Ой вы, гусі», а потым — знікла трагічна, сама пажадаўшы гэтага, знікла — як патушаны агонь.
А я — праз дзевяць год, богведама дзе, на Палессі, вяртаючыся ў горад з далёкай пасекі ў рэдкіх бярозках i клёнах — я ўспамінаю яе, як жывую, за тым сямейным сталом, з тою вясёлаю песняй...
Што, мала было на свеце агню? Мала ёсць яго? Мала будзе?
Тут, з чалавекам,— не проста агонь. Больш чагосьці. Больш непаўторнага.
Мае найранейшыя творы не засталіся, не выжылі. Але ж дагэтуль засталася ў памяці радасць працы над імі.
Часамі нават нібы ўспамінаецца, што вось было ў мяне... здаецца, вельмі маленькае, ды вельмі ж ёмкае, светлае апавяданне, якое дало мне вялікую радасць стварання, дало надзею, упэўненасць, што буду пісаць. Дало, а само кудысьці прапала... Дый невядома, ці наогул было. Хоць радасць тая i ўспамінаецца як сапраўдная.
Былі ў тым апавяданні нейкія вельмі скупыя i яркія, вельмі трапныя i каштоўныя словы, куды дакладнейшыя i значнейшыя за тыя, якія ёсць у маіх ранніх надрукаваных творах. Былі? А можа не было? Можа i не... Я памятаю ix як у шчаслівым, але невыразным сне, дзе тыя словы — больш музыка, чым жывапіс. I гэтая музыка — мая першая радасць авалодвання словам — не толькі была тады, але, як вясёлае, чыстае рэха, паўтараецца часта i сёння.
Толькі ж ці часта?
Каб жа часцей!..
* * *
Над Нёманам — тры векавыя дубы. Пад першым я ляжу, гляджу на другі i на трэці. Стаіць ix тут, магутных ды прыгожых, больш, аднак, мне хапае i трох. Нават i двух,— таго, пад якім я прылёг у цяньку, дарагім пасля пыльнай, спякотнай дарогі, i бліжэйшага, на які я гляджу значна больш. На буслянку. Ёсць яна i на трэцім, далейшым дубе, нават i бусел там стаіць, нерухома, як помнічак, але на гэтую, бліжэйшую буслянку, хоць i схаваную ў густой, цёмна-зялёнай кроне, глядзіцца, лежачы, проста чамусьці лепш. Нібы чакаючы чагосьці большага, чагосьці незвычайнага.
Читать дальше