Ну, што рэдактар, чуючы гэта, маўчыць — яно зразумела. Ён толькі галавою крутануў, злёгку прыгнуўшыся. Што аўтар з месца, адразу не крыкнуў: «Няпраўда!» — гэта таксама зразумела. Цягнучы з келіха — ды вялізнага, ды нагбом — не вельмі што i крыкнеш. Аднак i потым ён,— разгублены, без'языкі ад шчасця,— выступаючы ў заключэнне са словам падзякі ўсім удзельнікам абмеркавання, забыўся сказаць сваё слова толькі аднаму...
Хлопцу яшчэ давядзецца ісці да чытача з другою кнігай. А майстры гэтай справы кажуць, што другая кніга якраз найцяжэйшая, што іменна па другой найлепш пазнаецца трываласць i самастойнасць таленту.
«Нічога не зробіш. Памагай яму наш бог. I мы таксама будзем, калі спатрэбіцца».
Так думае рэдактар.
Магчыма, не зусім, a толькі прыблізна так. А вось што горка яму — гэта напэўна.
* * *
Чаму вы лічыце, што непрыяцель, пішучы пра мяне, будзе больш аб'ектыўны, чым друг?
* * *
Кажуць, што суслік, сыценькі паразіт, калі яго вадою гоняць з нары, спачатку намагаецца ваду тую выпіць.
Кажуць таксама, што нейкі легендарны крытык, даўнейшы пагромшчык нашай літаратуры, пасля XX з'езда партыі пачаў вырэзваць свае старыя, «высокаідэйныя» артыкулы з усіх газет i часопісаў, ва ўсіх бібліятэках, заняўшыся гэтым вельмі старанна.
Суслік, не выпіўшы ўсёй вады, паварочваецца да яе задам, затыкаючы такім чынам нару, а потым вада выпірае яго, дурнога, мокрага таўсцюха, наверх, пад пастушыны кій.
На крытыка знайшоўся іншы спецыяліст таксама літаратурны. Раскапаў-такі дзесьці ў глыбінях далёкіх, вялікіх бібліятэк тыя яго артыкулы, перабіў з ix фотакопіі, час ад часу палохае імі крытыка i бярэ з яго... падатак за маўчанне.
Літаратурны суслік, кажуць, не загінуў, нават не збяднеў,— жыве ў багатай кватэры, адпачывае на раскошнай дачы, ездзіць на ўласнай машыне. Яму куды лягчэй заткнуць задам цёмную ды пакручастую нару свайго мінулага.
* * *
На юбілейным банкеце ў вялікага блатмайстра былі на другое гарачае нават смажаныя анёлачкі.
* * *
Скульптар паказвае школьнікам сваю майстэрню, ахвотна i цікава расказвае амаль пра кожную групу, пра кожны бюст,— як гэта робіцца, як працавалася. Жывыя, дапытлівыя пяцікласнікі слухаюць на дзіва ціха.
Ды вось гаспадар, чалавек ужо сівы, стаміўся.
— Задавайце мне, дзеці, пытанні. Ну,— паўтарыў ён пасля невялікай паўзы,— хто з вас хацеў бы штосьці спытацца?
Здаровы, трохі перакормлены, але вясёлы, хоць часамі i недарэчы, Сёмка ўздымае руку.
— Скажыце, дзядзя, а што гэта там за генерал? Вунь, у кутку! Вусаты, у шапцы!
— Гэта, хлопчык, не генерал...— ледзь не ўздыхае скульптар. Ён называе імя, імя па бацьку i прозвішча «негенерала» — ca смакам, з сумам, урачыста.
Ды на малых ні тэкст гэты, ні ўздыхлівы падтэкст не робяць ніякага ўражання.
Яны нарадзіліся ў другой палавіне стагоддзя.
* * *
Вялікі оперны тэатр. Канцэрт з выпадку вялікага юбілею. Выконваецца Шапэн.
A ў першым радзе важная дама спакойна, дзелавіта шархаціць фальгою.
Адпачынак — высокакультурны: Шапэн у шакаладзе.
* * *
Трохі работнікаў культуры прывезлі ў перадавы калгас.
«Охі» ды «ахі» сведчаць больш пра адарванасць высокіх гасцей ад жыцця, чым пра веліч ды выключнасць поепехаў гэтага калгаса.
A ў час абеду, які ім даў калгас, поспехі тыя яшчэ пабольшалі — каму ўдвая, а каму дык i больш...
* * *
Пільнае вока спынілася на «цьмяным» загалоўку.
— «Души священные порывы...» Вы што? Як можна ix душыць, i хто ў нас ix, скажыце, калі ласка, душыць?
* * *
Аўтар (па-свойску павітаўшыся) :
— Ну, як мае апавяданне?
Рэдактар (стрымана) :
— Будзем друкаваць.
Аўтар (спачатку збянтэжана, потым рашуча) :
— Не, калі так, не будзем друкаваць.
О, каб жа так было!
* * *
Інжынер вырашыў стаць драматургам. Больш — кінадраматургам. «Гэта ў наш час,— прызнаецца ён шчыра,— найвыгадней».
Пасля таго як я цярпліва i тактоўна раскрытыкаваў яго сцэнарый, ён, сустрэўшы мяне на вуліды, радасна паведаміў, што «здорава над ім папрацаваў», i цяпер сцэнарый стаў — тэхнічная дакладнасць — «на трыццаць пяць... ды не — на трыццаць сем працэнтаў лепшы!..»
* * *
Мілыя рэдакцыйныя дамачкі! Адна з ix наткнулася ў рукапісе на такую фразу:
«Она протянула руку и теми же белыми теплыми пальчиками, что гладили когда-то его волосы и обнимали его шею, ласкала серо-голубой, с розовыми пятнами и щекочущими волосками нежный храп кобылицы».
Читать дальше