Мяхi
Капаю з дзедам Уладзiмiрам пограб. Сонца. Спёка. Пот у вочы цячэ. Дзед махае рыдлёўкай поравень са мною i яшчэ распавядае пра тое, як працаваў грузчыкам на чыгунцы... «Усе думаюць, што грузчык мусiць быць вялiкiм. Неабавязкова. Грузчык можа быць i малы. Галоўнае, каб спрыт меўся. Каб ведаў: як закiнуць мех на плечы, як несцi, як скiнуць. Можаш быць вялiкi, як гара, а няправiльна падымеш i парвешся...» Пасля абеду я адмаўляюся капаць пограб, дзед дакопвае без мяне. Мусiць, i рыдлёўку, як тыя мяхi, трэба ведаць, як браць.
Вера
Наколькi рэлiгiйная была баба Броня, настолькi абыякава да ўсяго гэтага ставiўся дзед Валодзя. З усiх царкоўна-касцёльных абрадаў ён шанаваў выключна святы i, як сапраўдны беларус, святкаваў як праваслаўныя, так i каталiцкiя, жончыны. Слова «Бог» ад дзеда Уладзiмiра я нi разу не пачуў. Цi то мала гаварыў з iм, цi то слухаў няўважлiва... Хаця не, слухаў я дзеда ўважлiва, бо ставiўся да яго з вялiкай павагаю.
Хата
Калi памёр дзед Уладзiмiр i мы, старэйшыя мужчыны, засталiся ў хаце пасля жалобнай вячэры, каб вырашыць лёс маёмасцi, упершыню я адчуў, як пасунуўся час, як з маладзёна я пераўтварыўся ў мужчыну, чыё слова мае вартасць, важкасць, кошт. Тры дзедавы сыны: Чэсь, Сава, Ян i старэйшы ўнук завялi гаворку, што каму пяройдзе. З-за стомы i гарэлкi гутарка пайшла ў крывы бок. Тата, як старэйшы, хацеў, каб яго слова было галоўнае. Сава, якi пражыў усё жыццё побач з бацькамi, адно ўсмiхаўся, бо ведаў вынiк той гаворкi наперад. Дзядзька Ян, абапiраючыся на аўтарытэт таты i меркаванне аднавяскоўцаў, меў намер прадаць хату. Я чамусьцi падтрымаў Саву. Ён адзiны, хто жыў на нашае зямлi, хто дапамагаў дзеду штодня, хто заслужыў тую невялiкую спадчыну. Тата з Янам зазлавалi на мяне, але выйшла ўсё адно на Сававу карысць, бо нi я, нi Ян, нi тата, як з’ехалi пасля пахавання, так больш нi разу ў дзедаву хату i не зайшлi, а дзядзька Сава кожнае лета жыве ў ёй. Перабiраецца са свайго мястэчка Наваельня ў нашую вёску Варакомшчыну, бульбу садзiць, сад даглядае. Нi таты, нi Яна ўжо няма, але я не паспеў пераканаць iх у правiльнасцi сваiх словаў, сказаных на карысць Савы, бо дзедава хата для iх была хутчэй сiмвалам веры, чым рэальнай будынiнай з бярвёнаў. З такiмi стратамi нельга змiрыцца, як са смерцю бацькоў.
Частка пятая. Мама + тата
МАМА
Кашулi
Тату, ужо ледзь жывога, прывезлi на лецiшча, у Валоўшчыну. Ён любiў свой блакiтны двухпавярховы дамок у крышку неахайным садзе з яблынямi i кустамi парэчак. Тата сабраў свае старыя кашулi i папрасiў маму памыць. Там няма гарачай вады. Мама грэла яе i за некалькi дзён перамыла ўсе чыста кашулi. Каб тата, крый Бог, не даведаўся пра свой блiзкi сыход.
Пас
Дзядзька Антон падарыў мне салдацкi пас з важкай абзоранай спражкаю. Я вельмi ганарыўся скураным пасам. З iм я быў непераможны ў свае адзiнаццаць гадоў. Калi перацягнуць такой зброяю па рэбрах, выдатны атрымлiваецца ўдар. Толькi бiўся я тым пасам, можа, якiх тры разы, дый то пабойваўся рассекчы галовы сваiм аднакласнiкам. Пасам лупцавалi мяне. За боты, поўныя вады, за двойкi па паводзiнах, за падманы, за гырканнi на бацькоў, за ўцёкi з дому... Было за што бiць. Балазе пад рукою выдатны пас. Ён ляжаў на палiчцы сцянной шафы ў вiтальнi. Выдатны пас. Перацягнуў раз-другi па плячах — i болей не трэба. Бiла мяне мама. Тата сыходзiў у кабiнет, як толькi пачыналася сварка. Мама брала пас, сварылася i лупцавала. Было за што.
РУКА
Адзiн з самых даўнiх успамiнаў пра маму звязаны з яе рукою. Я, двухгадовы, ахоплены страхамi i не магу заснуць. Прашу: «Мама, дай мне руку». Мацi сядае на ложак i кладзе далонь на падушку. Я абдымаю цёплую руку, супакойваюся i засынаю.
Малако
Не ведаю, хто такое прыдумаў i падказаў маме. Але нехта даўмеўся, што жаночым малаком добра прамываць мае хворыя вочы. Якраз нарадзiўся брат. Мама, калi кармiла яго, клiкала мяне i пырскала ў вочы малаком. Вочы ў мяне сапраўды моцна балелi, я страшэнна не любiў дактароў i розныя працэдуры, у тым лiку i малочныя прамываннi. Трываў, вядома. Плакаў. Слёзы змешвалiся з малаком, я iх размазваў па шчоках. Iшоў мыцца. З люстэрка на мяне злосна глядзеў першакласнiк, размалёваны мамiным малаком.
Ахвяры
Дзеля татавай творчасцi, дзеля мяне з братам мама адмовiлася ад кар’еры. Цi шкадавала яна? Пэўна ж, так. Каб не шкадавала, дык i не ведаў бы я, што ёй прапаноўвалi пайсцi ў аспiрантуру, застацца працаваць у Нацыянальнай бiблiятэцы, а яна выбрала сям’ю. Мама заўсёды выбiрала сям’ю. Калi ў брата ўзнiклi цяжкасцi з урокамi, мама адмовiлася ад пасады загадчыцы бiблiятэкi i пайшла працаваць у школу настаўнiцаю працы. Мама заўсёды жыла болей дзеля нас, чым дзеля сябе.
Читать дальше