10 сантыметраў
Тата быў вышэйшы за свайго бацьку на 10 сантыметраў. Для таты чамусьцi было важна, што ён вышэйшы. У дзяцiнстве тата казаў мне: «Я вышэйшы за твайго дзеда, ты павiнен вырасцi вышэйшым за мяне; калi дзед мае 163, я — 173, дык ты мусiш мець 183 сантыметры росту...» З развагаў пра рост толькi пачынаўся пералiк маiх будучых абавязкаў. Бо я мушу быць багацейшы за тату ў столькi разоў, у колькi ён багацейшы за дзеда. Мушу займець большую папулярнасць i стаць на больш высокую прыступку ў сацыяльнай iерархii грамадства... У вынiку я зразумеў, што задачы невыканальныя, што занятак майго дзеда — праца на зямлi — не менш значны за высокiя пасады i ўладныя рэгалii. Можа, з-за гэтага разумення мой рост толькi 180, а жаданне ўпiсвацца ў жорсткiя структуры дзяржаўнага кiраўнiцтва — мiзэрнае. Часам мне падаецца, што дзедавы каштоўнасцi — зямля, дождж, бараны, дом, сад, гарод, малако — больш вартасныя за каштоўнасцi бацькi: мова, Радзiма, кнiгi, лiтаратура... Пераўзысцi дзеда i бацьку я не збiраўся i не збiраюся. Для мяне ўсё ж найбольш каштоўным з’яўляецца iншае: не сама карова, а пасвенне каровы; не напiсаны раман, верш, твор, а магчымасць пiсаць. І яшчэ пра рост... Калi я цэлы дзень прабадзяюся па Барселоне, дык рост мой робiцца 176 сантыметраў. Правяраў, i не адзiн раз.
Кепка
Дзед любiў кепку. Ад маразоў да маразоў ён хадзiў у светлай у шары ранцiк кепцы з вялiкiм брылём. У хаце для дзедавай кепкi быў забiты ў сцяну адмысловы цвiк. Тата, як i дзед, усё жыццё прахадзiў у кепцы, а мне ўсё карцiць мяняць уборы: я то ў берэце, то ў капелюшы, то ў скураной кепачцы, то ў палатнянай, то ў вязанай шапцы. Такi вось я пераменлiвы, наогул не ўспрымаю галаўныя ўборы як свае; мне i валасы чым карацей падстрыжаныя, тым лепш пачуваюся. Толькi заўсёды хацелася мець у сваёй хаце адмыслова забiты ў сцяну цвiк для маёй кепкi. Пайду i ваб’ю.
Чытанне
Наш дзед Валодзя пачаў чытаць толькi ў 70 гадоў. Усё жыццё — цяжкая праца на зямлi i на чыгуначнай станцыi грузчыкам. Калi бальшавiкi забралi зямлю, а за iмi немцы спалiлi хату, выбiраючы памiж калгасам i станцыяй, дзед выбраў чыгунку, бо яна ўсiм уладам i рэжымам патрэбная. Работа на станцыi вызваляла ад войска.Дзед нiкому нiколi не даваў прысягi, ён адпрацаваў за траiх, а мо i за дзесяцярых мужыкоў са зброяю. Жыццё дзеда Уладзiмiра цалкам стваральнае. І толькi ў 70 гадоў яго з грузчыкаў перавялi ў вартаўнiкi. Пiльнуючы макулатуру, дзед панапрыносiў у хату старых падручнiкаў лiтаратуры i ўзяўся чытаць. Чытаў выключна прозу i абураўся на непраўдзiвасць, iлжывасць напiсанага пра вайну, пра вёску, пра Беларусь. Дзядзька Сава спрабаваў яго пераконваць у патрэбнасцi фантазii i мастацкасцi, на што дзед сурова адказваў, што выдуманае i звершаванае — у малiтоўнiках для жанчын, а мужчынскае мусiць быць пераканаўчае i праўдзiвае.
Манеты
У дзедавай хаце была стопка, дзе стаялi кубельцы з салам, бочкi са збожжам, вiселi мяхi з крупамi. Там панаваў заўсёдны халадок, i ў найспякотныя днi я спаў у стопцы. Яшчэ тамака стаяла скрынка з цвiкамi, памiж якiмi пракiдалiся i манеткi знiклых дзяржаваў: капейкi Расейскай iмперыi з двухгаловым арлом, злотыя часоў Пiлсудскага, пфенiгi Трэцяга рэйху, састарэлыя медзякi СССР. Дзед трымаў манеты з цвiкамi, каб, прыбiваючы якую бляху цi толь, рабiць у цвiка шырэйшую плешку. Я быў выпрасiў у дзеда тыя манеты, а потым, сам не ведаю чаму, ссыпаў назад у цвiкi, i не шкадую.
Баран
«Бэра-Бэра-Бэра-Бэра...» — мы, я i дзед, так клiкалi свайго барана, выманьваючы яго са статку, што вяртаўся з поля, кавалкамi чорнага хлеба. Бэра бег да нас, выводзячы за сабою i чатырох авечак. Хлеб баран любiў. Еў са смакам. Пакармiўшы, можна i пакатацца на баране. Дзед падсаджваў мяне, чатырохгадовага, на шырокую цёплую спiну. Я браўся за гладкi рог, дзед, трымаючы за другi рог, абводзiў барана вакол падворка. Авечкi чакалi каля гумна, побач з кароваю Зоркаю, што пiла з вядра ваду. Мае дзецi не каталiся на баранах — толькi на конях i толькi на спартовых.
Дратаванне
Ёсць у свiннi звычка рыць зямлю. Каб яна не рыла гумно, яе дратуюць. Дзед навучыў мяне дратаваць падсвiнкаў. Ён прывёз iх — яго i яе — у мяху. Купiў на нядзельным кiрмашы ў мястэчку. Кабанчык быў белы, а свiнка рабая, у чорныя плямы. Дзед адшчыкнуў два кавалкi меднага дроту, завастрыў iх на наждаку i спярша папрасiў мяне патрымаць кабанчыка. Я моцна прыцiснуў свiную галаву да зямлi, а дзед спрытна прабiў дротам лыч i закруцiў яго, пакiнуўшы вялiкую пятлю, каб, калi кабан вырасце, пятля не раздзерла лыч. Каб дратаванне рабiлася зараз, а не трыццаць пяць гадоў таму, я б сказаў: «Мы зрабiлi свiннi пiрсiнг», а так даводзiцца гаварыць «дратаванне». Зрэшты, слоўца «дратаванне» можна ўжываць замест слова «пiрсiнг». Дзiўным было тое, што падчас пiрсiнгу кабанчык нацурыў, а свiнка абрабiлася. Добра, што дзед папярэдзiў мяне, i я не ўфэндаўся.
Читать дальше