Вось так у маленькi чырвоны нататнiк запiсалася наступнае... Дыямент, набыты ў Амстэрдаме, не выклiкае сумневу.
Схаваўшы нататнiк, я пайшоў, знайшоў брата, якi набыў чарговую кашулю. У кожнага свае прыбамбасы: адзiн купляе пяцьдзесят тры пары лакiраваных чаравiкаў, а другi ва ўсе свае нагавiцы i кашулi прышывае аднолькавыя гузiкi. Кожны забаўляецца, як можа. Брат любiць кашулi недарагiя, шаранькiя, у дробны малюнак, свабодныя i няношаныя. Каб у яго было шмат-шмат гульдэнаў, ён бы праз кожныя паўгадзiны надзяваў новую кашулю. А так ён купляе кашулю толькi раз на два тыднi.
З ненадзяванай кашуляю ў кардоннай каробцы мы зайшлi ў iтальянскi рэстаранчык, маленечкую пiцэрыю. Але печка там стаяла сапраўдная, белая i вялiкая. Я любаваўся печкаю i думаў пра белавалосага гермафрадыта з маленькiм дзiцячым чэлесам. Я думаў пра ягонае дзiўна сканструяванае прыродаю цела. А брат Мiраслаў тым часам замаўляў вячэру. Сабе ён папрасiў бутэльку чырвонага. Вiно прынеслi хутка, i брат пiў. А я ўсё не мог не думаць пра Еўропу i яе чароўнага прадстаўнiка з раёна эратычных лiхтароў. Пiцу я з'еў без апетыту, без вiна, без увагi, абыякава парэзаў нажом i вiдэльцам перанёс з талеркi ў рот. Зжаваў i не заўважыў, i ўздыхнуў з палёгкай. А брат сказаў, што яшчэ будуць грыбы. Ну i выдатна, маленечкi гаршчэчак з грыбамi — вельмi па-галандску, вельмi апетытна. Толькi ў Шларафii, краiне, дзе ўсё для ўсiх было, ёсць i будзе, атрымалася не так. Брат замовiў грыбы, а iх падалi разам з вялiзным смажаным кавалкам мяса i залацiстай гурбай бульбы фры. Брат замовiў яшчэ вiна i з'еў наступную другую страву. І я з'еў мяса з грыбамi, бульбу не змог. Мне заўсёды сорамна робiцца за пераяданне. Дарослы чалавек, не пiў, не курыў i... аб'еўся. Прыкра, ну крыўдна, ну млосна, але два пальцы ў рот я не засунуў i не званiтаваў грыбамi. Я азлiўся на сябе i расказаў брату пра гермафрадыта. А ён не паверыў. Мне мой брат Мiраслаў не паверыў. Гэта ж трэба! Каб у мяне быў старэйшы брат i ён расказаў пра гермафрадыта, я б адразу паверыў. Але ў мяне толькi малодшы брат. І я на яго пакрыўдзiўся. Я не стаў настойваць, маўляў — пайшлi, пакажу, пераканаешся. Экзотыка не загана i не вычварэнне. Кожны зарабляе, як хоча. Я пакрыўдзiўся цiха, надзьмуўся, нашаторыўся, зацяўся i схаваў крыўду ў далёкую патаемную кiшэню, туды — да залатога гузiка з дыяментам.
Пра крыўду можаш спытацца ў брата. Але, я цябе прашу, не хадзi ў бiблiятэку да нашай мамы i не распытвай пра Амстэрдам. Яна ў Галандыi нiколi не была.
Я вярнуўся ў гатэль, лёг i глядзеў дваццаты тэлеканал, па якiм круглыя суткi круцяцца парнасюжэты. Усе пары, тройкi, чацвёркi i гурты маркiтавалiся чамусьцi пад дзяржаўнымi сцягамi. Парнапатрыятызм! Я так вызначыў гэты накiрунак у тэлемастацтве. Наглядзеўшыся да чорцiкаў уваччу, я пастаяў пад душам i вырашыў зноўку прайсцiся па сексуальным квартале. Дыямент я выклаў з патаемнай кiшэнi i дэманстратыўна паклаў на шкляны стол. Хай крадуць — такi быў настрой, — хай задушацца сваiмi каштоўнымi камянямi. А я нарадзiўся дзеля лёгкага шпацыру, дзеля зiхцення i лiючасцi. Я не збiраюся быць ахвяраю, я не намерваюся рабiцца героем, паэтам, мастаком, беларусам, мiнаком, клiентам, рызыкантам. Я — праява часу. Чалавек — праява часу. Не жыццё вымяраецца часам, а час вымяраецца чалавечымi жыццямi, пакаленнямi, плямёнамi, народамi, нацыямi, культурамi, цывiлiзацыямi i далей па тэксце... Час не памераеш забойствамi, смярцямi i войнамi. Усё, вядома, руйнуецца, рухаецца, цячэ, змяняецца, i нельга два разы ўвайсцi ў адзiн i той самы амстэрдамскi канал. А ў адзiн i той самы квартал зайсцi лёгка.
Тры гадзiны назад у вузкай вiтрыне сябе прапаноўваў гермафрадыт, а цяпер ягонае пачэснае месца займае маленькая азiятка ў жоўтым станiку. Яе востры язык дакранаецца да кончыка ўласнага, пляскатага, малайзiйскага носа. Такi доўгi-доўгi язык. Азiятка паказвае язык, зубы i маленькую цыцку. Яе складзеная чаўночкам далонь запрашальна чэрпае паветра, перанасычанае водарам сексуальнасцi. І трэба было пайсцi да маленькай прадстаўнiцы вялiкай залатой расы, прадстаўнiцы магутнай сонечнай iмперыi драконаў i ядомых чарвякоў. Варта было паспытаць гладка выгаленую похву, паказаную мне толькi на iмгненне. Але я прайшоў мiма. Каб я ўбачыў у знаёмай вiтрыне паўмужчынажанчыну, дык, можа, i трахнуўся б. А кiтаянка праляцела, не атрымала ад мяне нi цэнта. Калi першы прэзiдэнт Беларусi лiчыць Пекiн вялiкай вёскай, дык i мне не след квапiцца на першую кiтайскую похву, нават калi яе чысцютка пагалiлi.
Усё цячэ i мяняецца, асаблiва хутка змяняецца настрой. Быў кепскi, а стаў добры i вясёлы. І я засунуў рукi ў кiшэнi, усiм усмiхаюся, падмiргваю, паказваю язык, фiгi i сярэднi палец правай рукi. "Дзявулi, няма праблемаў!" Мяне не раздражняе лiпучае прыставанне гандляроў какаiнам, мяне забаўляе настойлiвасць вулiчных п'яных прастытутак. Я гуляю па казачным горадзе, i ў мяне адпаведна чарадзейны настрой. Так бывае. З лёгкiм сэрцам прынялася прапанова зайсцi пад чырвоны лiхтар. І я радаваўся, калi меў трэцюю мурынку, i думаў пра неаспрэчную наяўнасць кандома на ўласным чэлесе.
Читать дальше