Цiкава, а беларусы святкуюць Вялiкдзень?
Уявi, сябры i знаёмыя ў адзiн голас гавораць, што я зрабiлася значна спакайнейшая i ўраўнаважаная. Якое дзiва! Зразумела, усё не зусiм так, але стараюся не перажываць з-за рознай драбязы i нiкому не паказваю нават ценю сваiх пачуццяў.
Калi не атрымалася з мяне распуснай перакладчыцы, дык, спадзяюся, педагог выйдзе прыстойны. Не такi благi лёс — весцi замежную лiтаратуру ў лiцэi цi гiмназii. Праўда?
Выкладчыкi зацвердзiлi тэму маёй дыпломнай работы — народныя казкi ў пачатковых класах. Я выпiсала патрэбныя кнiгi, сярод iх ёсць i беларускiя. І прачытала адну вашу казачку "Пакацiгарошак". Сама здзiвiлася, бо зразумела амаль усе словы. Мне падалося — беларускiя казкi такiя ж доўгiя, як i венгерскiя, а вось украiнскiя варыянты значна карацейшыя, не такiя падрабязныя.
Ну вось, застаюся ў Сегедзе чакаць добрага надвор'я.
Цалую цябе i жадаю ўсяго вясёлага.
Агi.
Сегед. 1977. Сакавiк. 30.
* * *
Палёгка была салодкая i прахалодная, як i начны трамвай з адчыненымi вокнамi. Глыбокiя шыбы зачыненай хлебнай крамы адбiлi маю несамавiтую постаць у брунатнай балонневай куртцы. Даўгалыгiя лiхтары вартавалi акадэмiчную самаўпэўненасць кiнатэатра "Масква". На афiшы бялеў тварык мапасанаўскай Пампушкi. Яна, мусiць, з-за жаночай салiдарнасцi з Яняю Бялькевiч пачала насмiхацца з мяне... Ты нiколi-нiколi не пазбавiшся ад капрызлiвых жанчын. Ты разумны хлопчык i ведаеш — у iх пад спаднiцамi ёсць гарачыя, вiльготныя, глыбокiя норкi!..
Я прыспешыў крок, уцякаючы ад афiшнай распуснiцы, i хутка апынуўся ў цемнаватым пад'ездзе, якi патыхаў стогадовым пылам, пыл вялiкiмi лахманамi вiсеў на павуце, што апляла лiфтавую шахту. У недасяжнай вышынi заскрыгатаў трос. Кабiна пасунулася ўгару. У трэснутым люстэрку з аблушчанай эмаллю з'явiўся мой стомлены твар: пачырванелыя вiрлы прымружаных вачэй, сухiя, нiбыта ў шэранi, плоскiя вусны, доўгiя, завiтыя ў вялiкiя кудзеры валасы. Такi твар можна ўбачыць падчас бяссоння — выцягнуты, змяты i нiбыта крышачку змазаны. Мiнск- Ленiнград не блiзкi свет. Я заўсёды перажываў i хваляваўся перад чужымi дзвярыма. Што сказаць? Цi адкажа голас з-за дзвярэй? А мне што гаварыць голасу за дошкамi?
Уяўляю, як дрыжыць душа перад уваходам у пекла, але i перад райскай брамаю душа калоцiцца не менш. У запаўночнай цiшынi ўзляцела з-пад маёй рукi вiсклiвае трапятанне званка, яно кiнулася ўлукаткi па цёмным пад'ездзе. Хто? Сонны голас цёткi Тосi, далёкай маёй сваячкi. Раз на тры гады Тося прыязджала ў госцi ў Мiнск. Таму i ведала ленiнградская цётка ўсiх маiх сваякоў, i таму проста сказаў у чорныя дзверы... Адам, з Мiнска!
Я апынуўся ў доўгiм, застаўленым розным ламаччам, камунальным калiдоры. Не затрымлiваючыся, Тося правяла мяне ў свой пакойчык, дзе паўночы пiлася гарбата за круглым сталом i расказвалася пра ўвесь род... Дзе хто? Хто з кiм? Хто каму i нашто?
Цётка Тося жыла адна. Таму яе цiкавiлi чужыя лёсы. Спаць мяне паклалi на вузенькi раскладны фатэль, якi быў знарок куплены для гасцей-сваякоў з Беларусi. Заснуў я пад цiхi голас цёткi Тосi... У нас, на рагу, у хлебнай краме ўзяла сёння два бублiкi, па пятаку. А яны чэрствыя, не ўгрызцi. У мае гады хлеб заўсёды чэрствы. А скарынку я цяпер нажом пачала абразаць. У маладосцi не было нiчога смачнейшага за скарынкi. Пакуль з крамы прынясу бохан, дык аб'ем з абодвух бакоў. Так у Ленiнградзе днi аб'ядаюць ноч, з вечара адкусяць, з ранiцы адкусяць. Вось зараз трэцяя гадзiна, а светла...
Спраўджваць цётчыны словы не было сiлы, я не мог адплюшчыць вачэй. Праспаў я дзесяць гадзiн i не пашкадаваў. А наперадзе мяне чакаў непрыемны iспыт, i адразу скажу: iспыт правалiў, не здаў, зрэшты, i не хацеў здаваць. Ну, чаму я павiнен дагаджаць нейкай з палюбоўнiц Валодзi Бортнiка? Не павiнен! Хто яна такая? Можа, жанчына, пра якую гавораць: прыгажуня — гэта меч, якi падсякае жыццё! Ха! У Янi Бялькевiч караткаватыя ногi, зразумела, не зусiм кароткiя, але вiдавочна непрапарцыянальныя адносна выцягнутага торса. Зрэшты, яе пастава з даўгаватымi, амаль хлапечымi, рукамi, мяне зусiм не раздражняла. Я ж не збiраюся лезцi да яе пад спаднiцу. А вось паводзiны... Ёй увесь час нечага жадалася, i не проста хацелася, ёй карцела. Пра такiх кажуць — iголкi ў дупе. У Бялькевiч, вiдавочна, былi ў клубах даўжэзныя iголкi. Ёй карцела iсцi, бегчы, iмчацца, ляцець. Ёй хацелася: у прыбiральню, у заапарк, есцi, i ўсё адначасна. Калi я цi Бортнiк прапаноўваў iсцi ў Эрмiтаж, Яня загадвала заварочваць у Кунсткамеру. А калi намервалiся папалуднаваць у "Шашлычнай", Бялькевiч зацягнула нас у рэстаран "Паўночнае ззянне". Як жа яна мяне задзяўбла! Мне што, вось Бортнiку...
Читать дальше