Гумовыя кантрацэптывы — найвялiкшае вынаходнiцтва чалавека. Варта адшукаць у аналах гiсторыi вынаходнiка кандомаў i напiсаць пра яго кнiгу пад кiчовым загалоўкам "Вялiкi вынаходнiк з планеты Секс". І трэба вылепiць, сканструяваць гэтага мудрага вынаходнiка з воску i пластыку для музея спадарынi Цюсо. Я нават уявiў, як ляплю партрэт.
Стогны нанятай жанчыны разбурылi мае скульптурныя эцюды, бо пальцы занадта моцна сцiснулi смуглявыя клубы.
Свежае паветра было жаданае, як заўсёды.
Прызнаюся шчыра: было сумна развiтвацца з амстэрдамскiм паветрам.
Седзячы на пластыкавым крэсле ў аэрапорце, я нудзiўся i пазiраў на акуратны зялёны пакунак, што стаяў пад суседнiм крэслам. Пакунак быў невялiкi, але i немалы — дзве пляшкi вiскi грамаў па семсот маглi змясцiцца ў гэткiм аб'ёме, а магла быць... Але ж я не ў Маскве, я ў Нiдэрландах. Сяджу, сумую i паглядаю на чортаў пакет. Нуджуся i нiкога не чапаю, а мог бы чапаць, дарэчы. Вядома, мог бы, каб не палiцыя. Да мяне падышоў палiцыянт у блакiтнай кашулi з чорнымi пагонамi. Ён задаў пытанне на чыстай нiдэрландскай мове. Ён спытаўся i пальцам паказаў на пакет. А я паказаў на пакунак i заматляў галавою — не разумею. Дзiўна — палiцыянт зусiм не пакрыўдзiўся. Ён толькi цiхенька нагаварыў нешта ў рацыю на сваёй роднай, палiцыянцкай мове. Вакол мяне вырасла яшчэ двое служыцеляў парадку. Яны пачалi хадзiць i поўзаць вакол пакунка, быццам бы ў iм бомба, а не алкаголь, як я маракаваў. Вось табе, Адам Глобус, i Амстэрдам, зараз раздзярэ цябе выбухам на шматкi, i, акрамя выразнага радка ў некралогу "Загiнуў у Амстэрдаме", нiчога добрага не будзе. Вось яна, звярыная пыса тэрору. Адна справа змагацца за незалежнасць уласнай Радзiмы i зусiм iншая — загiнуць ад бомбы ў якасцi ахвяры дзеля статыстыкi. Ну чаму я мушу гiнуць? Чаму мяне павiнна раскiдаць у розныя бакi, i не ў выглядзе лiтаратурных твораў, а ў форме костак, мяса i храсткоў? Няўжо нельга было падсунуць бомбу пад iншае крэсла i знiшчыць не славянскага пiсьменнiка з касмапалiтычным псеўданiмам, а якога габрэя з славянскiм прозвiшчам, цi якога кiтайца, цi мурына. Адным словам, усё роўна каго, абы толькi не мяне. Бамбiзм — выдатны занятак, калi асабiста цябе не датычыцца. А то раз, i цябе няма. Раз, i ўспышка на тэлеэкране, паведамленне па радыё i расплыванне ў вечнасцi. А яна такая халодная, такая бясконцая. А я маю форму i хачу пакуль што яе захаваць. "Бог мой, пачуй атэiста! Пачуй, даруй i ператвары бомбу ў кнiгу". Такая магла б скласцiся малiтва. Толькi я не стаў турбаваць Бога з-за нейкай там асабiстай драбязы. Я мужна думаў пра вечнасць i бясконцасць. Моўчкi я сачыў, як палiцыянт акуратна падымае пакунак i зносiць з маiх вачэй. Паведамленне ў газеце пра бомбу калi i выйдзе, дык без майго прозвiшча. Я не сумую i не шкадую, што не застаўся назаўсёды ў Амстэрдаме, горадзе найсвятлейшых дыяментаў i найчысцейшых вокнаў.
За некаторымi з амстэрдамскiх вокнаў ты мог бы пабачыць у свой час i мяне, апранутага ва ўсё чорнае. Верыш, залаты гузiк маёй шаўковай кашулi зiхцеў дыяментам. І гэта не жарт. Вер мне, як маленькi хлопчык у аэрапорце паверыў у Дзеда Мароза. Хлопчык паказаў пальцам на пераапранутага артыста i сур'ёзна сказаў: "Мама, паглядзi на жывога Дзеда Мароза!"
Амстэрдам-Мiнск. 17.XII.1994 — 9.III.1995
Раман пра лёгкае расчараваньне
Здараецца, жыццё падасца марным заняткам i захочацца кiнуць усё чыста i з'ехаць на край свету. А краем цывiлiзацыi ўяўляецца Санкт-Пецярбург — бедныя людзi, белыя ночы, бясконцыя карпусы заводаў, брудная рака Нява, стракаты Неўскi праспект, турма, пераўвасобленая ў музей, чучала тоўстага жандара-наглядчыка, Кунсткамера, двухгаловы чалавечы зародак у слоiку з фармалiнам, прынiжаныя ды пакрыўджаныя... Вядома, не пакiнеш анi дому, анi справы, а толькi ўяўляцьмеш, як набраўся мужнасцi, кiнуў усё ўсякае i паехаў.
Тады згадаецца, як сеў у цягнiк Львоў-Ленiнград разам з сябрам Валодзем Бортнiкам i ягонай тагачаснай каханкай Яняй Бялькевiч. Цягнiк вызначаўся дэмакратычнасцю пасажырскiх нораваў i бруднаватай вiльготнай бялiзнаю шарага адцення. У суседнiм купэ ехалi арабы з маленечкiм, але галасiстым магнiтафонам, з якога лiлася лiпучая, нудная i бясконцая, нiбыта гiсторыя Усходу, мелодыя. Бялькевiч пачала капрызiцца, яе раздражняла арабская музыка. Бортнiк пайшоў сварыцца; а дзе сварка, там i знаёмства, там i вiно. Пiлi сухое, кiслае, як першы яблык, чырвонае вiно "Мэрло".
У мяне ўсчалася пякотка, якая нiяк не затушвалася цеплаватай вадою з жоўтага вагоннага бачка. А ў студэнтаў арабскага паходжання пачалiся прыпадкi патрыятызму: на каструбаватай расейскай мове яны спрабавалi растлумачыць, што не пашкадуюць жывата свайго за зялёны штандар iсламу, за Палесцiну i Галанскiя вышынi. Каб давесцi сур'ёзнасць сваiх намераў, арабы прапанавалi дужацца на рукi. Валодзя Бортнiк перамог усiх чатырох мусульман i на правую i на левую. Я пакутаваў ад пякоткi, але дужацца давялося. Правая рука ў мяне слабейшая за левую, i вось левай я паклаў тры арабскiя рукi на залiты вiном столiк i пайшоў спаць. Але не заснуў, бо думаў: чаму ў чалавека левая рука дужэйшая за правую?
Читать дальше