У дзяцiнстве я прачынаўся рэзка, лёгка i з добрым настроем. У Амстэрдаме я проста выскокваў са сноў, i бег прымаць душ, i шпурляў на падлогу ручнiк, i галiўся, i распырскваў адэкалон "Кальвiн Кляiн", i спускаўся на лiфце з люстранымi сценамi ў рэстаран з дзесяцiметровай столлю. Такая высозная столь проста здзiўляе ў лялечнай Галандыi, дзе ўсё вымяраецца прапорцыямi буфета. Толькi да большай прасторы прывыкаеш хутчэй, чым да каменнага меха. А сплеценыя з лазы крэслы нагадваюць пра хатнюю варэльную ўтульнасць. І ты можаш хадзiць па шахматнай падлозе, як кароль, i прыносiць на свой стол любую з трохсот трыццацi трох страў. Асабiста я снедаў наступным чынам... Аўсяныя муслi з вяршкамi елiся пасля салаты са свежае гароднiны, розныя агуркi, памiдоры, крышку цыбулi, зусiм крышку, каб не пахнуць. Цыбуля вельмi добра дапаўняла смажаны бекон з амлетам. Да бекону варта дадаваць скрылiк лiмона, выцiснуць дзве-тры кроплi на ружаватае, крышку падсушанае мяса. Я ж не француз, каб запiваць сняданак шампанскiм, таму налiвалiся семдзесят грамаў грэйпфрутавага соку. Мне падабалiся стограмовыя гладкасценныя шкляначкi для соку. Выпiў i налiў яшчэ. Бекон у галандцаў чарстваваты, перасушаны, занадта хрусткi, а таму пiўся грэйпфрутавы сок, а не апельсiнавы, таму i кропля лiмоннае кiслаты не зашкодзiць страўленню, i цыбуля, i гурок. Пасля бекону добра пакаштаваць якую-небудзь грунтоўную салату, лепей мясную цi курыную, тунца цi iншую рыбу лепш не чапаць. Рыба кепска паводзiць сябе ў малацэ. Калi ўзяў крабавыя палачкi, дык забудзься пра вяршкi з муслямi. Ранiцай я рыбу не ем. Рыба не любiць вяршкi. А я люблю. Яшчэ дыня вяршкi не любiць. Толькi амстэрдамскае дынi я не бачыў. І таму мой страўнiк пазбегнуў спакусы. Я шкадую страўнiк. Раней не шкадаваў, а цяпер шкадую, i каву п'ю толькi на працы.
У Амстэрдаме чорная моцная кава была без патрэбы. І я пiў крыштальна-бурштынавую гарбату i еў кiвi. Я вельмi зграбна магу абабраць кiвi. Беларус добра абiрае кiвi. Кожны беларус з дзяцiнства прывучаны абiраць бульбу, гэта нацыянальнае, гэта ў крывi, гэта вышэй за асобу. А таму нават тупаватым нажом я зграбна зрэжу варсiстую скурку. Галандцы таксама спрытна распраўляюцца з кiвi. У iх таксама абiранне бульбы — старажытны нацыянальны спорт. I менавiта ў Амстэрдаме вiсiць самая беларуская з усiх сусветных карцiн "Едакi бульбы" Вiнцэнта Станiслававiча Іван Гога. Такая цёмная-цёмная- цёмная карцiна. Такая смачная-смачная-смачная пара сыходзiць ад сопкай бульбы. Што можа быць смачнейшае за добра звараную, пасоленую шчопцямi бульбiну? Ну хiба што смарагдавы скрылiк кiвi з срэбнага двухдзюбага вiдэльца. Дэсерт заўсёды выклiкаў у маёй душы хвалю лагоды. Пасля снядання чалавек дабрэйшы ўтрая.
Выгляд старых расеек, што панабiралi па тры бананы кожная, мяне пасля снядання не раздражняе. Наогул, расейцы ў Амстэрдаме — гэта букет сюрпрызаў. Расейцаў, савецiка, русаў, рускiх вiдаць здалёк. І не скажу, што вельмi прыемна з iмi сустракацца. Не ведаю, як iм са мною, а мне не ў кайф. Ну хто гэта на сняданак з трохсот трыццацi трох страў выбера тры бананы? Толькi руская жанчына, яе подзвiг можа паўтарыць украiнка. Беларуска не зможа, два бананы яшчэ сяк-так з'есць, а трэцi не агорае. А расейкi лёгка з'елi па тры. І ў "Квартале чырвоных лiхтароў" гэтыя дзве кабеты ў андатравых мужчынскiх шапках-вушанках мяне вельмi здзiвiлi. Яны хадзiлi ўздоўж вiтрын з прастытуткамi i гучна абуралiся праявамi тамтэйшай этыкi. Яны шпацыравалi i голасна перагаворвалiся, а за iмi цягнуўся шлейф дурнога водару. Ад iх патыхала танным смярдзючым мацаваным вiнцом. Дзе яны знайшлi пладова-ягаднае вiно ў Нiдэрландах? Таямнiца. Ну хiба з сабою прытарабанiлi з роднай тартаранii. Прыцягнулi, нажлукцiлiся i насмярдзелi на ўвесь Амстэрдам, на ўсю Галандыю, на ўсе Нiдэрланды надыхалi перагарам, як цмокi Гарынавiчы. Толькi рускiя могуць напусцiць такога духу. Толькi рускi можа выйсцi ад прастытуткi, а потым вярнуцца i моцна ўзасос пацалавацца, i толькi пасля, адмiлаваўшыся, пусцiць слязу i зашпiлiць порткi. Ды Бог з ёй, з незашпiленай прарэхаю, абы чалавек быў добры. А рускi трапiўся добры. Ён пачуў наш смех i не пакрыўдзiўся. Ён падышоў i сказаў майму брату Мiраславу: "Рэкамендую! Выдатная цётка! Проста клас!" А потым павярнуўся да прастытуткi i паабяцаў, што абавязкова заўтра зойдзе. А як толькi дзявуля прычынiла празрыстыя дзверы, сказаў, што буйныя грошы лепей прасталыткам не паказваць, а даваць драбязу i за кожную дадатковую паслугу накiдваць асобна. Рускi раптам плаксiва скрывiўся i паскардзiўся: "На гэтую суку сплыло сто гульдэнаў!" А за сотню ён намерваўся "атадраць" як мiнiмум дзвюх дзевак. Вось такiя добрыя парады даў нам рускамоўны дарадца. Зрэшты, гэта не самае кепскае, што ён мог зрабiць. Мог пайсцi наймiтам у войска i знiшчаць каўказцаў, а ён цiха-мiрна трахаўся з белатварай дзяўчынай. Ён мог бы на сто гульдэнаў накупляць патронаў i паслаць iх у горную Ічкерыю. Мог да сотнi гульдэнаў дакласцi яшчэ сотню i набыць агнястрэльную зброю, выправiцца ў Грозны i не пабаяцца, што на аднаго забiтага чэчэнскага баевiка прыпадае сотня забiтых рускiх салдацiкаў. Але ён так не зрабiў. Ён адно паабяцаў, што заўтра зноўку прыйдзе маркiтавацца. І я яму веру. Бо рускiх у "Квартале чырвоных лiхтароў" бадзяецца шмат. Таму запрашальнiк са стрып-бара, пабачыўшы славянiна, радуецца i крычыць: "Рускi! Епля! Перэстройка! Горпочофф! Хашыш! Кайф!" I ты праходзiш паўз запрашальнiка i цiха гаворыш: "Рускi, рускi!"
Читать дальше