Ты згадаеш, як у дзяцiнстве засушыў сланечнiк i як сухi сланечнiк праз усю зiму пах мёдам. Ён стаў цёмны, скурчаны, касцяны, але пах мядовым летам, ён захаваў лiпеньскае паветра, ён дыхаў лёгкай спёкаю.
Ван Гог застрэлiўся летам. І можаш уявiць, як каркалi над iм груганы, як кружлялi, мiтусiлiся, вiравалi ва ультрамарынавым густым небе. Ад каркання, шолаху, ляманту падлаедных птушак можна звар'яцець, як i ад глядзення на карцiны Вiнцэнта Ван Гога. Такi зрух у розуме здарыўся з адным маiм аднакурснiкам у мастацкай вучэльнi.
Ён днямi i начамi разглядаў альбомы з малюнкамi вялiкага экспрэсiянолага, ён капiраваў вангогаўскiя палотны да страты прытомнасцi. Ён ездзiў у Эрмiтаж i ад ранiцы да закрыцця прастойваў перад творамi самазабойцы. І ён стаў Ван Гогам. На яго так i казалi: "Вось пайшоў Ван Гог". "Дзе там Ван Гог?" "Ты Вiнцэнта не бачыў?" Ён не крыўдаваў, калi называлi Вiнцэнтам. Ён успрымаў гэта з удзячнасцю. А на сваiх накiдах, малюнках, эцюдах ён ставiў у кутку вангогаўскi аўтограф. Здзiўляў мяне толькi адзiн момант: эцюды, малюнкi, накiды былi зусiм не падобныя да твораў вялiкага экспрэсiянiста. "А яны не павiнны паходзiць на кампазiцыi Вiнцэнта Ван Гога, — цвяроза разважаў аднакурснiк. — Ван Гог жыў у дзевятнаццатым стагоддзi, а я жыву ў дваццатым. І калi б ён жыў цяпер, дык маляваў бы так, як я!" Пярэчаннi ў даным варыянце недарэчныя. Я нават не пытаўся, чаму Ван Гог, жывучы ў нашым стагоддзi, не падпiсвае свае палотны прозвiшчам Руневiч. На такiя патаемныя тэмы з аднакурснiкам гаварыў доктар у псiхiятрычнай лякарнi. І ён пераканаў Руневiча не пiсаць на малюнках прозвiшча Ван Гога. І Руневiч не пiсаў. Ён адно ўсмiхаўся. Ён распаўнеў, шчокi ягоныя заружавелi, голас зрабiўся лагодны. І нiхто не бачыў ультрамарыну, якi загусаў i цямнеў над руневiчавай чорнай кучаравай галавою. А можа нiхто не хацеў гэтага разумець i бачыць?
Тым часам скончыўся наш тэрмiн навучання. Усе раз'ехалiся з вучэльнi, хто куды. Усе забылiся пра Вiнцэнта Вангогавiча Руневiча. А ён цiхенька ўладкаваўся ў Дзяржаўны мастацкi музей простым рабочым — перастаўляць скульптуры i перавешваць творы старых майстроў. Ён цiхенька перастаўляў i перавешваў карцiны i таксама цiхенька набыў каля крамы "Фiлатэлiст", што якраз насупраць музея, маленькi шасцiнабойны пiсталет. Вiнцэнт Вангогавiч Руневiч-Мiнскi выехаў за горад на электрычцы, зайшоў у жытняе поле i стрэлам напалохаў груганоў. Вось так. Груганы каркалi i шархацелi ў пачарнелым ультрамарыне. Майго аднакурснiка знайшлi з прастрэленай скроняй. А чалавек, якi прадаў шасцiнабойны пiсталет, сказаў: "Я i думаць не думаў пра самазабойства!" Прадавец, вядома, падманваў. Усе гандляры — падманшчыкi.
Кожны прадавец какаiну скажа, што ён не думаў, прадаючы наркотык, што непаўналетнi пакупнiк будзе той парашок нюхаць. Так мы з табой i паверылi. Набыў наркотык, каб высыпаць ва унiтаз, каб знiшчыць зло, каб зрабiць свет дабрэйшым, каб запанавалi свабода, роўнасць i нiрвана. А мне, дарэчы, не трэба наркотык, мне i так добра ляжаць на ложку i глядзець у светлую столь i думаць пра Амстэрдам i пра шолах вугальных крылаў, пра малады экспрэсiянiзм, пра мадэрн, пра белыя крылы, пра палёт, пра Тамару...
Я пазнаёмiўся з Тамарай на бульбяным полi. Не, мы ведалi адно аднаго, але пазнаёмiлiся, збiраючы бульбу. У той верасень мяне залiчылi ў iнстытут. Як кожны савецкi студэнт, я павiнен быў дапамагчы калгаснiкам сабраць ураджай. І я прыехаў на вёску. Мяне пасялiлi ў старой кабеты разам з разьбяром Вiктарам, якi зрабiў кiшэнны арбалет i ганарыўся iм i мог паўночы расказваць, як робяцца арбалеты. Вiця быў волатам з выгляду i падлеткам па разумовым развiццi, таму з Вiцем было нецiкава. Мне хацелася не страляць з арбалета па катах i прабiваць iх наскрозь зробленымi з цвiкоў сталёвымi стрэламi, а жадалася знаёмства з цёплымi, як коткi, жанчынамi. Менавiта з-за цяпла, з-за холаду, з-за тэмпературнае рознiцы я i пазнаёмiўся з Тамарай. Яна сядзела на кукiшках i выбiрала з зямлi бульбу. Тамара кiдала бульбiны ў вядро. А я стаяў i глядзеў на яе спiну ў паласатым швэдры. На Тамары былi швэдар, джынсы i гумовыя боты. У джынсах не было паса. Яны адставалi ад спiны. Швэдар крыху задраўся. У Томы была блакiтная скура. Значна пазней яна так i напiсала ў лiсце: "Сягоння парэзала пальчык. Высветлiлася, што кроў у мяне чырвоная, як i ва ўсiх, а я была перакананая, што ў маiх жылах цячэ блакiтная вадкасць". Я глядзеў на паласу блакiтнае скуры, што святлела памiж цёмна-сiнiм джутам i шэрай воўнаю. Пазiраў i думаў: пра знаёмства, пра словы, якiя варта сказаць, пра дождж, якi пачаў сыпацца на палоску аголенага цела, пра холад i цяпло. Я сказаў глупства: "Давай паднясу вядро да трактара". Тамара адрэзала: "Ай, не трэба, я сама". Мы пазнаёмiлiся.
Читать дальше