— А калi гэта не яны, не Алекс i Цапок, у парку былi? — Бэр кiўнуў на рэстаранны ганак.
— Яны, — Швед гмыкнуў.
— Пайду гляну.
— Толькi ў рэстаране ты не зачапiся.
— ...
* * *
У рэстаран Бэр зайшоў праз чорны ход. У калiдоры, каля буфета стаялi i курылi афiцыянты. Бэр узяў пачак цыгарэт i выйшаў у залу.
Цапок i Алекс сядзелi за столiкам каля эстрады, на якой тоўстая салiстка манерна расцягвала словы англамоўнага шлягера. За столiкам сядзелi яшчэ дзве дзявулi. Яны смяялiся, i Цапку з Алексам не было калi заўважыць Бэра.
* * *
У дваровай альтанцы курылi хлопец з дзяўчынай. Бэр сеў насупраць iх i сказаў цiха:
— Слухай, мне тут пачакаць трэба. Ясна? А ты з дзяўчынкай пойдзеш i пасядзiш на алейцы цi ў другiм якiм месцы. Горад вялiкi...
Хлопец з дзяўчынай сышлi. Бэр застаўся чакаць бойкi ў начным двары.
"Не атрымаецца з мяне асобы. Я — жлоб, казёл... Толькi без "казла"! Добра, хай без "казла". Проста — жлоб мiкрараёнскi, жлоб з мiкрагi... Куды лезу? Чаго пнуся? Па кабiнетах на сагнутых нагах з усмешачкай, у калiдорах з тымi, на каго брыдка глядзець, вiтаюся за руку. Пяць гадоў поўз, прынiжаўся, прыкiдваўся, i нарэшце пашкадавалi, прынялi за свайго, давялi да прыёмнай, арганiзавалi сустрэчу... Працуй, Барыс! Ты — свой, сiстэмны, цябе прынялi, залiчылi ў легiён! А ты праз парк, замест таго каб на аўтобусе па праспекце. А ты бiцца з-за дробязi. Але гэта лёс такi: i на праспекце маглi спынiць..."
Пад аркаю з'явiлiся тры мужчынскiя постацi. Швед iшоў пасярэдзiне, ён хiстаўся.
— Давай, — Бэр пазнаў Алексаў голас.
— На-а, — Швед ударыў, толькi не Алекса, а высокага Цапка, у пах. Цапок скурчыўся. Алекс не чакаў такога павароту. Ён толькi i паспеў, што руку падставiць пад Шведаў кулак, але кулакоў у Шведа два.
— Ляжаць, скаты! — Швед нахiлiўся над Цапком. — Грошы!
— За што? — застагнаў Цапок.
— За парк, за лаўку...
— Ён сам завёўся, мы не хацелi...
— Грошы! — ашчэрыўся Швед.
Цапок зрабiў спробу падняцца, яму было цяжка лежачы даставаць з кiшэнi грошы. Швед выцяў Цапка нагою ў грудзi.
— Ляжаць, сказаў!
Цапок з Алексам дасталi нарэшце грошы i аддалi iх Шведу. Бэр стаяў воддаль i глядзеў, як Цапок зняў з рукi гадзiннiк i той знiк у Шведавай кiшэнi.
— Мы пайшлi... Пакуль не выйдзем са двара — не ўставаць.
Цапок з Алексам не адказалi.
* * *
Бэр i Швед пайшлi на праспект паўз рэстаранныя вiтрыны, у якiх стаялi пузатыя нямецкiя вазы.
— На грошы.
— Многа.
— Я пакiнуў сабе гадзiннiк, а ты сабе новы купiш. Давай пройдземся. Даўно мы з табой не хадзiлi.
Бэр i Швед накiравалiся ў бок вакзала. Яны мiнулi магазiн "Падарункi", дзе на шыльдзе зiхацеў бронзавы матыль, i пайшлi па цёмнай алеi.
— Вi ол лiў iн зэ елаў субмарын1, — праспяваў Швед.
— Та-да-та та-да-та-та, — дапамог яму Бэр. Яны спынiлiся i смяялiся на алеi. Стаялi i смяялiся. Яны смяялiся гучна, яны рагаталi... Старонняму чалавеку магло б здацца, што за iх рогатам i сапраўды тоiцца нешта смешнае, але смешнага нiчога не было. Гэты рогат быў звычайнай iстэрыкай людзей, што выйшлi з бойкi пераможцамi.
— Швед, у цябе ёсць работа?
— Хочаш захалтурыць? Прыходзь да мяне, пасталярыш.
— Не, такая работа, каб на гады два, тры...
— Ёсць адна справа. Год можна пратрымацца. Усе канторы шызанулiся на вымпелах, усiм сягоння патрэбен рэкламны вымпел цi каляндар. А друкаваць iх нескладана. Мой Тушкан i падпiсаўся, а яму напарнiк патрэбны.
— Пайшлi, я пагаманю з Тушканам.
— Не, з Тушканам я сам буду гаварыць, калi што якое. А каму грошы спатрэбiлiся?
— А што гэта за Тушкан?
— А чорт яго ведае. Я ж з малалеткамi зачапiўся. Памятаеш, колькi iх у мяне ашывалася? Разагнаў. Усiх выгнаў, каб не смярдзелi. Сiкуны! Яны адзiн аднаго закладваць пачалi. I з-за чаго? З-за дзевак, з-за травы... Смех! Раз да мяне людзi прыйшлi, папярэдзiлi. Так i так, Швед, хочаш, каб падвал у цябе застаўся — ганi ад сябе шпану. Другi раз людзi прыйшлi, а каб трэцi раз не прыходзiлi, я ўсiх смаркачоў з iхнiмi сiкухамi i выгнаў. Не бiў, не палохаў, проста сказаў, каб забылi дарогу ў мой падвал. Яны забылi, а мне сумна стала. Прывык я працаваць, калi мне ў спiну глядзяць. Адным, наадварот, каб цiха, каб нiкога не было. А мне лепш, калi нехта ў пакоi сядзiць, каб, зрэшты, было каго ў краму паслаць. Сумна мне стала, тут якраз Тушкан i знайшоўся. Еду я ў электрычцы. Халадэча. За вокнамi снег з дажджом, а ён у тамбуры стаiць у адной кашулi. Пакурылi мы ў тамбуры, пагаварылi. У яго, акрамя кашулi, штаноў i чаравiкаў, нiчога i не было. Пашкадаваў я бiчугу, пусцiў у падвал.
— А як зваць яго?
— Кажа, што Саша. Толькi ён такi Саша, як я Дэдэрон. Раз назваў Тушканам, ён азваўся, так i пайшло... Цяпер ён справу сабе знайшоў... Дык каму грошы спатрэбiлiся?
Читать дальше