* * *
Каб сябраваць, трэба пакiнуць заганную звычку патрабаваць ад сяброў такiх ахвяраў, якiя ты сам прыносiш на алтар дружбы. Кожны ахвяруе, колькi можа, i сябруе, як умее.
* * *
Выдатна прыбраны, сытны, поўны тонкiх напояў стол лепей за грошы мацуе сяброўства... Не стамляюся паўтараць.
* * *
Не варта сварыцца з сябрамi i знаёмымi; яны самi пакiнуць цябе, як толькi даведаюцца i пабачаць, што на тваiм полi ўсё добра.
* * *
Некалькi разоў збiраўся скласцi спiс былых сяброў, з якiмi не трэба вiтацца. Справа адкладалася праз тое, што нiводнага з iх не хацелася запiсваць першым.
* * *
Ёсць такi жарт: грошы — найлепшыя сябры. Меркаванне небеспадстаўнае: менавiта за грошы i прадаецца сяброўства, прадаецца, але не набываецца. У Беларусi яшчэ кажуць: грошы сяброў разводзяць.
* * *
Добра мець у сябрах: чалавека разумнага, каб было з кiм параiцца; чалавека абазнанага ў медыцыне, каб дапамагаў падчас хваробы; i чалавека шчодрага, якi ад шчырага сэрца робiць падарункi.
* * *
Легкадумны чалавек прасцей простага завязвае сяброўства i лягчэй лёгкага развiтваецца з сябрам, а таму марны занятак — пошукi глыбокiх узаемiнаў з неглыбокiмi людзьмi.
* * *
Сябры заводзяцца проста, як каты i сабакi, — захацеў i завёў; галоўнае, каб было чым кармiць i паiць.
* * *
Не спрабуй лекаваць сябра ад зайздрасцi, пагадзiся з думкаю, што сябра няма.
* * *
Найлепшы сябра любiць сябе болей, чым цябе.
* * *
Сяброўства — гэта адсутнасць патрабаванняў.
* * *
Не сябруй з тымi, хто табе не роўны, i не бойся выпраўляць уласныя памылкi... Чуеш параду Канфуцыя. Колькi разоў i я мусiў разрываць дачыненнi з добра знаёмымi людзьмi. Складана сказаць праўду пра тое, што не будзеш сябраваць. "Калi ласка, не турбуй мяне i маю сям’ю", — словы простыя, а вымавiць iх цяжка.
* * *
Сяброўства — перадусiм шчырасць.
* * *
Калi твае сябры сышлi з абранага разам шляху, калi здрадзiлi агульным iдэалам, якая тады рознiца — жывуць яны цi iх няма на свеце?
* * *
З былымi сябрамi пазбягай сустрэчаў, а пры выпадковых сутыкненнях не вiтайся, нават калi яны першыя пададуць руку.
* * *
Не кажы пра сяброў кепскае — гэта, найхутчэй, праўда.
* * *
Аднавiць страчанае сяброўства немагчыма: яно, як хваля аб скалу, разбiваецца на дробныя пырскi аб зайздрасць.
* * *
Сабака-жывёла брэша на зладзеяў i кусае ворагаў, а сабака-фiлосаф кiдаецца i выскаляецца на сяброў i суайчыннiкаў дзеля выратавання iх душаў.
* * *
"О сябры мае, няма болей нiводнага сябра!" — любiў паўтараць Арыстоцель. Такое можна вымавiць толькi ў пэўным узросце; асабiста я паўтарыў Арыстоцелеву думку ў 37 гадоў.
* * *
Сапраўднае сяброўства прыдумалi ў XVII стагоддзi маралiсты кшталту Ларошфуко.
* * *
Сяброўства ўмацоўваюць не прызнаннi ў любовi i павазе, а разгадванне патаемных учынкаў, якiя сябра намерваўся схаваць ад цябе.
* * *
Два разы пачынаць сяброўства з адным чалавекам — глупства. Але, па тваiх асабiстых назiраннях, робiцца гэта менавiта два разы. Каб пераканацца ў непатрэбнасцi вашага сяброўства, адной сваркi з сябрам недастаткова.
* * *
З большасцю знаёмых ты перастаў бы вiтацца, каб толькi пачуў, што яны гавораць пра цябе за вочы. Ды каб яны даведалiся, што ты пра iх думаеш. Што зробiш... Патаемныя словы i думкi — найцiкавейшыя.
14. Старасць
* * *
Мудрасць i свабода несумяшчальныя са слабасцю... Гаворыць Вавенарг. А што рабiць са старымi мудрацамi i дзецьмi? Яны ж самыя нязмушаныя, найбольш свабодныя ў выказваннях i паводзiнах. Дый наогул, мудры — гэта абазнаны ў жыццi i, адпаведна, пажылы чалавек.
* * *
Не трэба чакаць вялiкiх паслуг ад старых людзей... Запэўнiвае Вавенарг. Пагаджаюся. На старых нельга ўскладаць спадзяванняў, звязаных з доўгатэрмiновымi перспектывамi, але спакойна выслухоўваць iх крытычныя заўвагi адносна дня сённяшняга варта заўсёды. Крытыка цвярэзiць.
* * *
Парады старых людзей — нiбыта зiмовае сонца: свецяць, але не грэюць... Маркоцiцца Вавенарг. Дарэмна. Парада i не павiнна саграваць. Яна — не жанчына. Парада больш падобная да промня, якi асвятляе шлях.
* * *
Калi на схiле гадоў мы страчваем таленты i прыгажосць, замянiць iх могуць, дый тое з цяжкасцю, толькi добрае iмя i багацце... Спадзяваўся Вавенарг. Вядома, хацелася б даць веры. Але мой саракагадовы досвед падказвае, што спадзяваннi Вавенарга дарэмныя, хоць i не пазбаўленыя практычнасцi, асаблiва ў пункце пра багацце.
* * *
I на схiле гадоў не зашкодзяць доўгатэрмiновыя планы. Памiраць збiрайся, а жыта сей... Паўтарае мой бацька.
Читать дальше