— Я магу, канешне, аформіць кватэру i на халасцяка. Але калі на сям'ю — наогул ніякіх праблем.
— Ніякіх?
— Ну, можа, цяўкне нехта з падваротні, нешта надрукуе які жоўты лісток — дый усё.
Вікенцію Паўлавічу зусім не хацелася абмяркоўваць сынаву жаніцьбу, тым больш — кватэрнае пытанне. Згадзіўся ён пакінуць кватэру Анатолю толькі таму, што прасіла Маша; не мог ёй, хворай, адмовіць. Але радасць, якую ўбачыў на твары Залозы, калі асцярожна намякнуў таму на магчымасць варыянта — «А ці нельга?» — ашаламіла яго тады i адначасова нарадзіла брыдкае адчуванне падзення; здавалася, ляцеў у шахту, якой няма канца. Таму прапанова Залозы бадай жа ўзрадавала: хутчэй вырашыць гэту праблему; можа, спыніцца падзенне. I даць сабе зарок: стаяць цвёрда! ні на чым не зрывацца!
Не сказаў памочніку ні «так», ні «не»: не хацеў, як кажуць, мусоліць далікатную справу, у якой перамешаны i задавальненне — сын жэніцца! — i непрыемнасць — кватэра.
Маўчаў i Залоза — святкаваў яшчэ адну перамогу.
Настрой губернатара даў Івану адчуванне, што можна вырашаць іншыя пытанні, заляжалыя.
— Вікенцій Паўлавіч, месяц ці, можа, паўтара, я палажыў табе на стол спіс...
— Дамоў?
— Дамоў.
— А чаму хвалююць цябе гэтыя дамы?
— Люблю, каб быў парадак. Вырашым гэта — i хоць маленькую дзірку залатаем у губернатарскім бюджэце.
— Бярэш ты мяне асадай.
— А як цябе яшчэ браць?
— Ну, чорт з табой! Трэба табе лішні клопат — атрымай яго.
Вікенцій Паўлавіч сеў за стол, пакорпаўся ў паперах, не адразу знайшоў спіс. Яшчэ раз уважліва прачытаў яго, задумаўся.
— I ўсё ж мастакоў я выкрэсліваю.
— Ох, дарэмна ты! Самы безалаберны народ. Прап'юць дом ушчэнт.
— Але яны ўмеюць пісаць, маляваць, сачыняць музыку. Ты ўмееш? Мы з табой пастанову, як мае быць, напісаць не здольныя. Каб Матрона стыль не адточвала, лінгвісты смяяліся б.
Залоза засмяяўся так, што бліснуў не адзін — два залатыя зубы. Спускаючыся з чацвёртага паверха на першы па лесвіцы, Іван Яўменавіч пошапкам лаяў губернатара:
— Дурная прынцыповасць! Тысяч сорак зялёных згарэла! Ну, я цябе прымушу i зялёныя ўзяць. Нікуды ты не дзенешся. Жыццё дыктуе. А яно няўмольнае.
Ca свайго кабінета паклікаў інструктара гаспадарчага аддзела Ігара Кузьмянёва.
Увайшоў малады атлет баскетбольнага росту, спыніўся каля дзвярэй. Залоза так пільна агледзеў яго з галавы да ног, што той сам пачаў аглядваць сябе — ці ўсё ў парадку.
— Што вы, дзядзька, так ацэньваеце мяне? Як цыган каня на ярмарцы.
— Любуюся, Ігарок, любуюся. Што значыць добры харч!
— А што ў маёй маткі было? Бульба?
— I шала, як смяецца твая сястра. Сала! А гэта харч — дай бог. Без сала вы не сядзелі — я падкідваў.
— Дзякуй, дзядзька.
— Ідзі да стала. Сядай, вывучай дакумент.
Ігар сеў, узяў працягнуты Іванам Яўменавічам спіс, прагледзеў, не зразумеў.
— А што тут вывучаць?
— О, гэта цэлая хартыя! Усе гэтыя дамы забяром пад тваю ўладу.
— Пад маю? — іранічна скрывіўся інструктар.
— Пад нашу ўладу! Але каму кіраваць гэтай аперацыяй, як не табе? Больш нікому даручыць не маГУ. Слухай i матай на вус. Аб'едзеш гэтыя дамы на маёй машыне. З цяперашнімі ix уладальнікамі падпішаш вось такое пагадненне, — працягнуў пачак папер. — У кожнага з ix ёсць арандатары. I не па адным. Сустракаешся з кіраўніком фірмы, якая арэндуе плошчу. Замяраеш гэтую плошчу. Падпісваеш вось такі дагавор. Устанаўліваеш цану за квадратны метр у залежнасці ад стану памяшкання, месцазнаходжання. Але ёсць адзін нюанс: вусная дамоўленасць. Слухай уважліва. Сам на сам кажаш арэндатару: тры чвэрці платы заносіш у дагавор, i суму яны гэтую пераводзяць на рахунак выканкама. Чвэрць кожны выплачвае штомесячна табе наяўнымі. На губернатара не ссылайся. Скажы : кіраўніку справамі патрэбны наяўныя грошы. А каму яны не патрэбны? Хто не згодзіцца з цаной, не таргуйся, не хоча — не трэба. У дзень няхай ачысціць плошчу. Знойдзем іншых, ахвотнікаў многа, бізнесменаў развялося, што сабак, a плошчаў не хапае. Сцяміў?
Яны схіліліся над сталом — галава да галавы, віхрастая i лысаватая, удакладнялі дэталі надзвычайных умоў, i раптам Ігар спытаў таямнічым шэптам:
— А што я, выканаўца, буду мець ад аперацыі?..
— Ты маеш зарплату.
— А хочацца яшчэ i прэміяльныя. Кінулі б пляменніку на яго беднасць...
Залоза ад абурэння стукнуў кулаком па стале.
— Ну, нахаба ты, Ігарышча! Класічны нахабнік. На што ты штурхаеш дзядзьку? Увесь у дзеда, разбойнік. Але калі не будзеш дурнем — будзеш мець i прэміяльныя. На ксераксе размножым распараджэнне губернатара, i кожнаму цяперашняму ўласніку ўручыш. Няхай знаюць, што нацыяналізацыю гэту не Іван прыдумаў. Усе дэталі ўсёк?
Читать дальше