На жарт-успамін ніхто не ўсміхнуўся.
Толя, стаіўшы дыхание, палажыў сваю руку на руку нявесты, прыкметна чырванеючы.
— У мяне будзе дзіця. Тры месяцы ўжо. Гэта калі Толік прыязджаў у раён з бацькам... Калі выбары ішлі.
Толя зрабіўся бураковы.
Драматызм моманту сапсавала Таня. Ці, можа, наадварот, вывела бацькоў з утрапення. Яна зарагатала i пачала гучна барабаніць нажом i відэльцам па талерцы:
— Ай да Толя, ай да жох! Не думала, што ў мяне такі спрытны брат!
— Сціхні, Таня, — злосна сказала маці.
— А чаму ты злуеш, мамачка? Радуйся.
— Я радуюся. Я радуюся, — Марыя Іванаўна паднялася, абышла мужава крэсла, абняла i моцна пацалавала нявесту. Сына цмокнула ў макушку.
Узбуджаную развесялелую Таню ледзьве адаслалі спаць: заўтра рана ўставаць. Самі засталіся на кухні i не спяшаючыся мылі посуд. Вікенцій Паўлавіч рэдка займаўся такой працай, жонка проста не дазваляла яму, асабліва цяпер, калі ён выбраўся на высокі пост. I тольKi калі хварэла, ён займаўся гаспадаркай, але тады, на радасць бацькам, актыўна падключаўся Толя, які да таго ваяваў з сястрой — каму што рабіць.
У той вечар Марыі Іванаўне было прыемна, што муж пасля такой падзеі побач. Але доўга працавалі моўчкі.
— Чаму ты маўчыш?
— Думаю. Вось мы i дачакаліся, Віця. З жаніцьбы дзяцей пачынаецца старасць.
— Ды ўжо ж. Пастарэла ўміг. Ціхоня твой хутка бабуляй цябе зробіць.
— Дай Бог.
— Ціхоня, а як на гэта — дык лаўкач.
— Быццам ты такім не быў.
Вікенцій Паўлавіч ажио трохі збянтэжыўся, прыгадаўшы маладосць, каханне, першую блізкасць, i ў яго варухнулася мужчынскае жаданне: чатыры месяцы пасля аперацыі ён не чапаў Машу.
— Мой бацька дзягі даў бы такому жаніху...
— Што ж ён табе не даў?
— Я ж далека быў — у горадзе.
— Віця, не смяшы. Радуйся.
— Ды ўжо ж, у прысядку пайду!
— А я радуюся. Сёння ў мяне ажио залішне радасці... Але i трывогі. Іван сказаў: кватэру табе адрамантавалі. I ты згадзіўся... 1
— Яны, чэрці, аблажылі мяне што ваўка: усюды сцяжкі, адзін шлях свабодны — на кватэру. Але там сядзяць «стралкі» — уся апазіцыйная прэса, якая прыпомніць мне выбарчыя клятвы...
— Іван кажа: дарэмна ты ix баішся. I праўда. Ты што, не заслужыў кватэру? Іван кажа, што гэта, акрамя ўсяго, для тваёй бяспекі трэба. Кажа, у акно стралялі. А ты не сказаў...
— Ды глупства гэта, Маша. Знаеш, што я падумаў? Я, можа, i не заслужыў такой кватэры. Але ты... ты заслужыла. Чаму табе не размясціць дзяцей па-чалавечы? Не на раскладушцы, як Толік спіць. Урэшце, вунь якія катэджы будуюць. А мы з табой папрацавалі... Я, можа, доўга шукаў свайго месца, скакаў што заяц... А ты хворым усю душу аддавала. Такіх урачоў, як ты, мала. Адным словам... Івана паслаў, але ён, нахалюга, зразумеў, што я згадзіўся. Пераязджаем! Радуйся, мой добры ангел!
Марыя Іванаўна адчула, як у яе моцна закалацілася сэрца — ад радасці. Ca студэнцкіх гадоў трэніравала сваю нервовую сістэму — не даваць волю ніякім эмоцыям — ні адмоўным, ні станоўчым; медыцына ведае факты, што i ад вялікай радасці, як i ад гора, паміралі — не вытрымлівала сэрца. Каб супакоіцца, знайшла сабе новую работу — памыць газавую пліту. Выдраіць усё, як перад Вялікаднём. Але што гэта? Сэрца не супакойваецца. Б'ецца ўсё часцей, бо з'явілася проста крамольная думка — яна добра ўсведамляла гэта.
Вікенцій Паўлавіч, седзячы за сталом, выціраў талеркі, бакалы, нажы i ўзбуджана расказваў, як адрамантавана кватэра.
Марыя Іванаўна колькі разоў паварочвалася, пільна глядзела на мужа, як бы здзіўленая яго захопленасцю кватэрай, ніколі не бачыла ад яго такой увагі да побыту сваёй сям'і — чалавек быў бадай абыякавы да любога багацця, i яна менавіта за гэта любіла яго.
I раптам Вікенцій Паўлавіч заўважыў яе хваляванне:
— Маша, ты нешта хочаш сказаць i... як баішся, так?
— Баюся, Віця, баюся. Але сёння такі дзень... усе мы гаворым ці радаснае ці глупства. Адна Танька чаго толькі не нагаварыла, — ступіла ад пліты да стала; спытала шэптам: — Віця, а нельга... каб гэтая кватэра засталася Толіку... Гэта ж на ўсё жыццё. Твой вясельны падарунак...
Вікенцій Паўлавіч падняўся i... выйшаў з кухні.
Марыя Іванаўна чуць не самлела, абаперлася аб стол, цяжка, асцярожна, як пасля аперацыі, апусцілася на табурэт.
А губернатар прайшоў у залу з адной талеркай у руцэ, яму ажно захацелася закурыць; тры гады, як кінуў, i разы тры ўзнікала сітуацыя, калі нясцерпна хацелася зноў закурыць. Але ўспомніў, што пакінуў жонку, нічога не адказаўшы, i таму хутка вярнуўся на кухню з вясёлай усмешкай на твары.
Читать дальше