Збоку ад жалезных варот — цагляны будан.
«Во гэта для вартаўніка, — падумаў Стрыжэўскі. — Мая сабачая будка. Што ж, не горшы варыянт для прытулку».
За варотамі груба гаўкаў ваўкадаў.
Прытока адчыніў калітку — сабака радасна заскуголіў. Гаспадар узяў вартаўніка пад руку i разам з ім наблізіўся да сабакі.
— Знаемся, Бокс, гэта твой кармілец. Сябруйце. Дома сабакі не маеш?
— Шмат клопату. I харчу.
— Не скажы! Але многа i пацехі.
— А я яго баюся і, калі прыязджаю, прашу Івана ўзяць на ланцуг, — сказала Яўгенія.
— Івана на ланцуг? — рагатнуў Прытока.
— Івана я не баюся, ён рахманы.
— Пашчасціла табе, што муж рахманы.
— Рахманы, але спрытны, — сказаў Адам Фадзеевіч. — Як то кажуць? Павароцісты.
— Спалучэнне — што трэба. Дзякуй за высокую ацэнку. Але хадзем пакажу, што табе вартаваць.
Увайшлі ў дом.
Пярэдняя, можа, цеснаватая. Але пакоі ўражвалі прасторнасцю, святлом, паркетам, шпалерамі, яўна зробленымі на заказ. Найбольш падабаўся другі паверх: у меншых, з ніжэйшай столлю пакоях, абабітых вагонкай, была асаблівая ўтульнасць i цеплыня, пахла сасной. A ў пакоі, дзе стаяў більярдны стол, пахла нявыветраным тытунём i каньяком.
Адам прыкінуўся не работнікам — калегам, сябрам.
— Іван, навошта табе столькі пакояў?
У Прытокі пахаладзелі вочы, без усмешкі звярнуўся да архітэктара:
— Курмеш! Навошта ты накурмешыў столькі пакояў?
Архітэктар засмяяўся:
— Такі заказ.
— Сацыяльны? — іранічна спытаў Стрыжэўскі.
— Не ўцягвай мяне ў палітыку. У маім становішчы меншая хата непрэстыжная.
«Аднак, — падумаў будучы вартаўнік. — Высока ён ставіць свой прэстыж».
З балкона другога паверха Прытока паказаў на другі дом у глыбіні ўчастка пад соснамі — на адхопленай тэрыторыі. Дом быў незвычайны. Першы паверх — два боксы гаража. A другі — з маленькімі вокнамі.
— А гэта што? — спытаў Стрыжэўскі.
— Здароўе.
— Што?
— Якія мы дапатопныя! Такі зубр, як Стрыжэўскі, не можа здагадацца аб функцыі гэтага збудавання. За гаражамі — сауна. Там жа — басейн. Яго яшчэ будуюць.
Сапраўды, з будынка, калі прыехалі, выглянулі тры рабочыя ў спецвопратцы.
Спусціліся, паглядзелі «здароўе». Сауна была гатова, у ёй «грэліся», бо з дзвярэй парыльні патыхнула распаранай бярозай.
Басейн авальнай формы рабочыя выкладалі блакітнай пліткай з узорамі казачных рыбак. Выключная плітка. Адам ніколі не бачыў такой, нават цяпер, у імпартны час.
— Плітка з твайго магазіна?
Не адказаў гаспадар, сказаў пра іншае:
— Тры дні назад укралі плітку i латунныя краны. I Бокса не пабаяліся, зладзюганы. Таму i бяру вартаўніка. Свайго. Тут ёсць, але адзін на ўвесь пасёлак. Ды хіба той угледзіць! I адказнасць яго ўмоўная, не спытаеш.
— Дык я буду ў адказе за кожны кран? У прарабы я не пайду, каб сачыць за рабочымі.
— Спалохаўся? Не бойся. Прарабам, каб ты i хацеў, цябе не ўзяў бы. Мы ўмелі кіраваць, але не ўмелі працаваць. За будоўлю адказвае Курмеш.
У Адама Фадзеевіча расла раздражнёнасць супраць гаспадара i яго багацця. Хацелася паслаць Прытоку... Але сто долараў утаймоўвалі ўсе адмоўныя эмоцыі. 3-за гэтага было горка, крыўдна.
— Накармі Бокса, каб ён прывык да цябе. Там яму прывезлі сабачы харч, рэкламны.
Гэта было ўжо занадта: загад карміць сабаку. Сам пасля здзіўляўся, як не сарваўся. Падумаў: «Пры чым тут сабака? Ён будзе маім памочнікам, i з ім, сапраўды, трэба ўстанавіць прыязныя адносіны». Узяў у гаспадыні кулёк, смела падышоў да будкі, насыпаў у вялікую цынкавую талерку знаёмых па рэкламе шарыкаў.
Бокс хапіў адзін, другі, захрустаў i падняў на таго, хто даў харч, вочы, як бы запамінаючы яго, i ў жоўтых вачах яго свяцілася ўдзячнасць.
— Ёсць стыкоўка! — весела гукнуў Прытока. — Лiчы — паразумеліся. Хто корміць, таго хутка разумеюць. I звяры, і людзі.
Зноў, што ўдар пад дыхавіцу. I зноў прыйшлося зматаць у клубок распушчаныя ніткі сваіх нерваў.
— Можа, па чарцы вып'еце? — спыталася наіўная Яўгенія. — Столькі працавалі разам.
Іван Піліпавіч кінуў на жонку жорсткі пагляд: не лезь, куды не просядь.
I гэта таксама крутнула, але па-іншаму — больш у бок добрай душы Яўгеніі.
«Пайшлі вы са сваёй выпіўкай».
— Вып'ем. Але не сёння. Сёння мне яшчэ ехаць у Бабруйск. Вось табе ключы. Ад каліткі, ад варот, ад сауны. Але сам не ўключай электранагравальнік. Я цябе навучу. Ад гаража...
— Ад дома?
— Ад дома табе не патрэбны.
— Не давяраеш? — пасміхнуўся Адам Фадзеевіч ужо без злосці.
— Каб не давяраў, то не запрасіў бы. Ну, шчасліва служыць. Я заўтра буду.
Читать дальше