Чуў, суседка пытала:
— Ды чаму ж вы не пажэніцеся?
Марына адказала грубым жартам:
— Жанілкі высахлі.
Можа, Гайка вырашыў пазбавіцца ад яго i цісне? Не, не ў такіх Марына адносінах з дырэктарам, каб даверыць сардэчныя тайны.
«Трэба ад'язджаць, — вырашыў Ігнат. — Нязваны госць... Залішне загасціўся».
Але сілы развітацца не меў. Не цягнула ўласная кватэра з маўклівым сынам, афіцыйна карэктнай нявесткай, нават ад бібліятэкі сваёй у тысячу тамоў адвыкнуў, задавальняла сельская: прасіўся ў рукі не вучоны-біёлаг, a Чэхаў.
«Пагаварыць трэба».
Але размовы баяўся: ведаў, што яна патрэбная, аднак нерашучасць скоўвала, i ён чакаў... чаго — сам не ведаў.
Развязка наступіла нечакана.
Прыслаў сын пенсію. Ігнат вырашыў аддаць Марыне яе ўсю, да капейкі. Працягнуў грошы ў двары, дзе яна клала на страху склепа гарбузы, каб даспявалі.
— Во пенсія.
Марына памкнулася рукою, але тут жа выцерла яе фартухом i грошы не ўзяла,
— Хадзем у хату.
У Ігната ўздрыгнула сэрца: «Вядзе на размову».
На кухні яна ўзяла грошы i паклала ix не ў кішэню — на палічку.
— Глядзі, а то Бруй пазычыць.
Бруй часта прыходзіў пазычаць на пляшку чарніла.
— Не пазычыць, — адчыніла заслонку ў печы, узяла вілы. — Свіней пара карміць.
Ігнат знайшоў ход, думаў пра гэта даўно.
— Можа, мне перавесці пенсію сюды?
— Куды?
— У наш раён.
Марына палезла ў печ дастаць вялікі чыгун i чужым голасам спытала:
— А ты хочаш застацца тут навечна?
У Ігната замерла сэрца.
«Ну, во i ўсё. Што можна сказаць?»
Узнікла жаданне папрасіць: «Марына, не гані мяне». Але ўспомніў, як яна, маладая, поўзала каля яго ног, галасіла: «Ігнасік, даражэнькі, не кідай мяне». Не, ён так прасіць не можа.
— Дзякуй, Марына.
— Няма за што. Скончыўся дачны сезон. Дамоўка чакае. Света.
Дастала чыгун, узяла брудным ручніком, вывернула бульбу ў карыта, пачала таўчы.
Кухня напоўнілася парай.
З белай пары Марына вінавата ўсміхнулася яму. А ён зноў сказаў:
— Дзякуй табе за гэты дачны сезон. Ён прадоўжыў мае жыццё. Калі мне паехаць?
— Калі хочаш.
— Не, выстаўленаму за дзверы заставацца нельга.
— Так ужо i выстаўленаму! Якія мы гордыя!
— Ды не, гонару ў мяне засталося нямнога.
— Начуй. Пагаворым. Развітаемся па-свойску, пачалавечы.
— Дзякуй.
— Не дзякуй ты на кожным слове. Як чужыя.
Пагаварыць не давялося: Марына на цэлы вечар знікла.
Пачаў пакаваць партфель i спалохаўся: рэчаў накапілася многа, больш, чым вёз, едучы да брата; сын двойчы прывозіў бялізну, боты купіў асеннія, на цёплай падкладцы — тое, што трэба для яго хворых ног. Трэба прасіць у Марыны нейкую торбу. Расклаў рэчы на лаўцы: ведаў, што Марына не пакіне так — спакуе неяк, па гэтай часці яна мастак, як i большасць жанчын.
Лёг рана. Але заснуць не мог.
Марына прыйшла, наблізілася да ложка, пачула, што ён не спіць, спытала:
— Дык едзеш?
— Еду.
— Заўтра?
— Заўтра.
— Ранішнім?
— Добра было б, але як дабяруся да станцыі? У сем ідзе. Пехатою не дайду са сваім багажом.
— Я папрасіла ў Гайкі машыну. Дамовілася з Іванам. У шэсць яго «мардасет» будзе пад вокнамі. Cni спакойна.
— Дзякуй табе.
— Заўтра падзякуеш. Спі. Дабранач.
I — дзіўна — ён заснуў. Не засталося, выходзіць, трывожных думак, нявырашаных праблем. Пасміхнуўся са свайго жадання застацца ў Марыны. Чаго захацеў! Пацягнула памерці пад шум клёна, які даўно-даўно пасадзіў сваімі рукамі. А з клёна ўжо ападае чырвонае лісце, пакуль адзінокія лісткі, але ці доўга да таго, калі яны абсыплюцца ўсе. Стары клён з дуплом будзе стаяць голым. I гэта ўжо не твой клён. I дом не твой. Твайго тут нічога не засталося. Акрамя ўспамінаў пра маладосць. Але ўспамінай ты Ангеліну.
Андрэй не сказаў, але яўна падумаў: застанецца бацька тут — здрадзіць памяці не толькі маці, але i ім, дзецям сваім. А што здрадзіў Марыне, Тамары — пра гэта ніколі не думаў: ні раней, ні цяпер. Ён памагаў ім чым мог, i яны прымалі яго дапамогу.
Некаторыя сяльчане скалілі зубы: «Маладажоны». Не ведаў, як Марыну, а яго гэта ніяк не кранала. У яго засталося адно духоўнае жыццё — яно не прымае кепікаў. Духоўнае — за межамі чалавечага асуджэння ці ўхвалы.
«Гэта маё! I нічыё болый!»
З перакананнем у недатыкальнасці яго духоўнага жыцця прыйшоў спакойны сон, у апошні раз па-вясковаму кароткі.
Марына разбудзіла яго ў пяць раніцы.
Рэчы пакавала ў сінюю цыратавую торбу. А яшчэ ж партфель. Нялёгка будзе паднімацца ў вагон. Але свет не без добрых людзей.
Читать дальше