— Колькі ж гэта я праспаў? Рэкорд паставіў. Трэба прасіцца ў Кнігу Гінеса.
Дастаў з-пад падушкі гадзіннік. Без акуляраў не адразу разгледзеў лічбы i стрэлкі. Без дзесяці гадзіна. Сапраўдны рэкорд.
I аднак не адразу падняўся. Не было сілы, каб падхапіцца, як маладому. Расціраў ацёклыя рукі, згінаў ногі — даваў нагрузку на хворыя суставы. Падняўся, сеў. Але канапа, якая раскладвалася, як раскладушка, нізкая. Узняцца з пасцелі на ногі яму не так проста: колькі разоў гайдануўся, як малы, набраў інерцыю i стаў на ногі. Унучка, калі бачыла такі яго пад'ём, весела смяялася. A калі даваў знаць радыкуліт, клікаў сына, як той быў дома, ці нават нявестку, каб памаглі ўстаць. Але перад гэтым нацягваў спартыўныя шаравары: не паказвацца ж Паліне ў кальсонах. Жыла яшчэ мужчынская цнатлівасць.
Трохі пакрактаў, пакуль нацягнуў шкарпэткі. Але ўвогуле на нагах адчуў сябе чалавекам, вартым гэтага высокага звання. Не спяшаючыся пагаліўся, любіў гэтую працэдуру: добра намыліць шчокі, бараду i да сінявы выскрабці ix. Спрабаваў адпусціць бараду, але не спадабаўся сам сабе: вельмі ж неяк яна мяняла аблічча, як не той чалавек, хоць Андрэй i Паліна даказвалі, што барада яго ўпрыгожвае, бо «як у Хемінгуэя». Гэта здалося насмешкай. Што можа ўпрыгожыць у семдзесят сем гадоў?
Пасля ўмывання падаўся на кухню. Нявесела пасміхнуўся сам сабе: «Людзі абедаюць, а я снедаць буду».
Харчу не надаваў той увагі, як адзенню, быў усёядны, сялянскай закваскі: бульба са скваркамі — найлепшы ласунак. Аднак i старому есці хочацца. Але пасля смерці жонкі прысмакамі яго не песцілі; Паліна не любіла кухні i ўсё рабіла, як кажуць, на скорую руку. Ды i цэны на прадукты шалёныя, мяккая каўбаса вунь колькі каштуе. Аднак на гэты раз стала трохі крыўдна: на пліце — нічога, у халадзільніку — фасолевы суп. Нават масла не засталося. Ведаў: не знарок пакінулі такі сняданак — ад няўважлівасці, нядбайнасці, паленаваліся ўчора завінуцца ў магазін. На дзве зарплаты (у Андрэя яна немалая) плюс яго пенсія — можна яшчэ трымацца, як кажуць, на сярэднім ўзроўні. Добра, што ёсць кава i батон. Ён любіў каву, нягледзячы на папярэджанне дактароў — не злоўжываць. Не злоўжывае: курыць кінуў, піць кінуў. Што ж застаецца, каб даць хоць маленькае задавальненне? Бутэрброд з маслам i кубак кавы? Халестэрыну не баяўся. Ніхто не ведае, ад чаго памрэ, асабліва ў яго гады. У пяцьдзесят ён сачыў за дыетай, дакараў Ангеліну, што яна ні ў чым не абмяжоўвае ні сябе, ні сына. Праўда, над малой Светкай калацілася, летала па ўсім горадзе, шукала лепшае дзіцячае харчаванне, якога не хапала...
Кава ўзбадзёрыла. Ігнат Андрэевіч сеў за стол дапісваць артыкул пра раянаванне выведзеных іхнім інстытутам гатункаў бульбы. Даўно даводзіў, што не ўсе гатункі любяць адну i тую ж зямлю: той, што добра расце на Браслаўшчыне, не вельмі любіць Палессе i наадварот. Ведаў, што яго доказы павісалі ў паветры нават у савецкія часы. А цяпер?.. Хто будзе чытаць ягоны артыкул i кіравацца ім?! Аднак пісаў. Праца — сіла, якая трымала на свеце i адганяла адчуванне марнасці, непатрэбнасці жыцця. А жыць яшчэ хацелася!
Жыла ў Мінску дачка Ігната Андрэевіча ад першай жонкі — ад Марыны. Нялёгка складваліся яго адносіны з Тамарай, якой за пяцьдзесят ужо, сама хутка стане бабуляй. Але ён ставіў сабе ў заслугу, што яна, яшчэ калі была студэнткай, прызнала бацьку i пасля многія гады на ўсіх паваротах лесу не рвала сувязі, асабліва тады, калі жыццё i яе змусіла двойчы выйсці замуж. Ён не забываўся, як варожа сустрэла семнаццацігадовая дзяўчына бацьку ў студэнцкім інтэрнаце, дагэтуль вушы гарэлі i жыло адчуванне ўласнай віны. Віна яго была. Але ж ці такая ўжо недаравальная? Не быў ён марцовым катом, не лазіў па чужых пасцелях. Проста не адразу сцяміў, дзе сапраўднае каханне.
Добра панюхаўшы пораху i ў партызанскім атрадзе, куды падлеткам уцёк ад маці, i на фронце, у разведцы, паранены двойчы ў нагу i ў плячо, звольніўшыся з арміі, ён адразу паступіў у Горацкую сельгасакадэмію; да вайны, у школе, марыў пра гэтую навучальную ўстанову. Па заканчэнні акадэміі яго накіравалі ў сваю вобласць, але трапіў не ў родны раён — Хойніцкі, a ў калгас, блізкі да абласнога цэнтра. Калгас быў, безумоўна, слабы, ды патроху «станавіўся на ногі».
I малады аграном з апантанасцю ўзяўся за справу. Наладзіў севазварот, здабыў элітнае насенне, па-новаму арганізаваў працу калгаснікаў. Яму пашанцавала. Старшынёй быў Кузьма Іванавіч Варановіч, чалавек з малой адукацыяй, няпоўнай сярэдняй, але селянін у найлепшым сэнсе, гаспадар. Спачатку ён скептычна паставіўся да нязвыклай актыўнасці агранома, асабліва да яго вучонасці, да жадання вырошчваць хлеб i бульбу па навуцы. Але хутка ўбачыў, што старание Ігната, яго апантанасць, барацьба за парадак добра ўплываюць на людзей, прывіваюць ім веру, што ўсё можна зрабіць лепш, чым рабілася дагэтуль. I «бацька», як называлі Кузьму, палюбіў Ігната.
Читать дальше