У адно імгненне Ігнат убачыў усё гэта пад яркім летнім сонцам. Нейкай прывабнай жаноцкасцю ўразіў i твар яе, i поўныя грудзі пад халатам, i стройныя ногі, падрапаныя ад укусаў камароў. Не разбурылі ўражанне i мазолістыя рукі, якімі яна брала свежаскошанае зялёнае жыта, каб занесці ў кароўнік.
Марына пахваліла агранома:
— Добра вы прыдумалі, Андрэевіч, — касіць жыта. Як адразу падняліся надоі!
— А якую атаку я вытрымаў, ведаеш?
Паспрачацца давялося i з Кузьмом, i ca старымі членамі праўлення: ледзьве не памлелі дзяды ад прапановы скасіць участак маладога жыта, каб узняць надоі. Хто калі касіў жыта? А з чаго атрымаць малако? Канюшыну ў той год не сеялі, бо супраць яе пачалася кампанія.
У наступную суботу на пыльнай пляцоўцы каля школы Ігнат увесь вечар танцаваў з Марынай. Правёў дадому. На другі вечар пацалаваў.
Дзявочы хор загудзеў: аграном закахаўся ў Марыну. Дайшло да Кузьмы. Той ледзьве не падскочыў ад радасці i тут жа пайшоў у наступ:
— Падабаецца табе Парасчына Марына? — спытаў у Ігната.
— Падабаецца, — шчыра адказаў той.
— Дык, братачка ты мой, чаго ж цягнуць? Мы вам такое вяселле закацім! На ўвесь раён. Я тваім сватам буду.
— Так адразу?
— Адклад не ідзе ў лад. Не дваране ж мы, каб па году, па два цягнуць ад заручын да вяселля.
Пераканаў Кузьма Іванавіч, што адкладваць няма патрэбы. Ігнат напісаў маці, што жэніцца. Маці адразу ж прыехала.
Нявестка ёй спадабалася. I свацця спадабалася: адзін мелі лес — вайна зрабіла ix удовамі.
Жылі дружна. Але нярэдка i сварыліся. 3-за чаго? А невядома, чаму сварацца жонка i мужык. Марына была зусім не «мяккая». Узрыўная, што порах. Не саромелася часам i мацюком «пакрыць». У вогуле сяло было мацюклівае: дарослыя на гэта не звярталі ўвагі, быццам нельга было па-іншаму.
Ігната гэтае брыдкаслоўе ашаламляла. У яго вёсцы нічога падобнага не было. Мужчыны часам «загіналі» на працы, каля магазіна на падпітку, дома — хіба ў злосці. Ад жанчыны бадай ніколі не чуў, уявіць не мог, каб маці яго ці цётка Насця маглі гэтак «паслаць» некага. Нават хлопцы-школьнікі рэдка калі «зрываліся ў памыйную яму». Ba ўсялякім разе, ён асабіста ніколі нікому не сказаў брыдкага слова, зрэдку хіба мог мацюкнуцца на шкадлівую карову, калі пасвіў, адбываючы сваю чаргу; дажыліся, што ніхто не хацеў ісці ў пасту xi.
Прасіў Марыну:
— Калі ласка, не лайся. Ты ж жонка агранома. Мяне абражае твой лексікон.
— А што гэта?
— Набор слоў, якім карыстаецца чалавек.
— О, не чуў ты ўсяго майго набору, — весела смяялася Марына. — Але добра, не буду, калі ў цябе такія слабыя вушы. Дзе ты рос? На фронце ваяваў! Чысцюля!
Паабяцала — сціхала.
Перамянілася, калі нарадзіла дзіця, дзяўчынку, якую назвалі Тамарай. Пачала паводзіць сябе, як належыць жонцы агранома, можа, часам нават «пераігрывала», што таксама Ігнату не падабалася. Папрасілася перавесці яе з фермы на іншую працу — чыстую. Што ж, лагічна. Але дзе ў калгасе чыстая праца? Ды Кузьма Іванавіч хутка знайшоў — зрабіў пасаду касіра, бо выкрыў, што ў бухгалтара, інваліда вайны, які вёў адзін усю бухгалтэрыю i па-старому называўся рахункаводам, нярэдка грошы «прыліпалі» да рук. Урэшце наладжваць бухгалтэрыю патрабавала жыццё: пераходзілі на грашовы разлік, адмаўляліся ад «палачак». Аднаго інваліда на такім участку стала мала, далі яму памочніка i касіра. Пасада ў канторы яшчэ больш змяніла Марынін характар. Аддалілася ад даярак, наблізілася да настаўніц. З'явіліся маладыя выпускніцы ВНУ, якія ўжо не раскідвалі гной i не гадавал i парасят i курэй, як тыя педагогі, што перажылі вайну i пасляваенны час, самі галодныя, вучылі галодных дзяцей.
Праз тры гады працы ў калгасе Ігната Андрэевіча забралі ў раён, у сельгасаддзел. Кватэру адразу не далі. Можна было наняць у каго пакойчык, але Марына не захацела ехаць ад маці да чужых. Хто дагледзіць Томку? Ды i за працу трымалася. Дадуць такую ў райцэнтры? А яна на завочнае ў тэхнікум паступіла.
Паўгода Ігнат з'яўляўся наездамі — у выхадныя дні ці кал i інспектаваў гэты або суседні калгас. Дарога недалёкая — дваццаць кіламетраў, але глухая, нячаста па ёй ходзяць машыны, здаралася, што i пехатой тупаў, каб абняць жонку, нацешыцца з малой дачкой. А Марына ўсё чакала абяцанай кватэры.
I здарылася... Для яго, лічыў, шчасце, хоць перажыў нямала, а для Марыны — бяда.
А пачалося... З анекдатычнага выпадку. У яго забалеў зуб. Пайшоў у паліклініку. Прыняла маладзенькая дантыстка — Ангеліна Сяргееўна.
Сустракаў яе на вуліцы, адзначаў: прыгожая ўрачыха. Але не больш таго. Гулякам, бабнікам не быў, ад пасяганняў на яго жанчын на застоллях ухіляўся, захоўваў вернасць Марыне. У райцэнтры не хадзіў на танцы — каб не дайшло да Марыны. Яна нярэдка прыязджала i па справе ў банк, i да яго; з жанчынамі фінаддзела, з банкаўскімі вяла знаёмства, падарункі прывозіла — вішні, яблыкі, мядок.
Читать дальше