Ігнат Андрэевіч цішком папрасіў сына:
— Андруша, пастаў ты мне клізму.
У следчага акругліліся вочы, пэўна, ён палічыў, што такая працэдура прынізіла б яго гонар.
— Я не ўмею. Папрасі Паліну. У яе дыплом медсястры.
Ігнат Андрэевіч сцяўся. Не адразу знайшоў, што адказаць. Урэшце крыва пасміхнуўся:
— Ты не хочаш глянуць на бацькаву старую задніцу? Пасаромеўся б.
Не пасаромеўся. Выходзіць, мала яго хвалявала, ад чаго можа памерці бацька. А яму было зусім не ўсё роўна, ад чаго памрэ: адно — ад сардэчнага прыступу, зусім іншае — ад... запору.
Ігната Андрэевіча даўно ўжо не проста абурала — ашаламляла, што дзеці, некаторыя, спакойна чакаюць смерці бацькоў. Няўжо i Андрэй?! Сын не выяўляў асаблівай трывогі, калі хварэла маці, i яшчэ менш, здаецца, яго хвалюе магчымая блізкая смерць бацькі. Чаму? Па якіх законах прыроды, псіхалогіі, філасофіі? Ён жа, бацька, ледзьве не да жаніцьбы насіў яго на руках, i калі Андрэй моцна выцяў нагу, гуляючы ў футбол, ён узняў усіх прафесараў, у Маскву вазіў.
Што ж, можа, гэта i натуральна. Андрэй, напэўна, гэтак жа вазіў бы Свету, каб тая, не дай Божа, захварэла. А бацька... бацька сваё аджыў, час, як кажуць, i збірацца...
Розумам Ігнат Андрэевіч усведамляў логіку дзяцей i не злаваўся на ix — дай Бог ім шчасця. Але ўсё ж было крыўдна! I каб менш думаць ира сваю няўтульную старасць, ён аглушаў сябе снатворным. I падоўгу спаў. Ніколі не сніў дзяцей сваіх, вельмі рэдка нябожчыцу. жонку. Часцей — інстытут, калегаў, навуковыя дыскусіі, у якіх амаль заўсёды меў паражэнне, i прачынаўся потны, разбіты, з сардэчным болем. Дзіўныя сны. У жыцці ўсё было наадварот. Яму, дырэктару, акадэміку, глядзелі ў рот i згаджаліся з кожнай яго думкай, нават з той, з якой сам не згаджаўся i правяраў на слухачахГ Чаму ж сніцца ўсё наадварот? Яшчэ адна загадка чалавечага мозгу. Ix, напэўна, мільярды — загадак, як клетак у гэтым прыродным камп'ютэры.
...Перастаў гучаць «шэранькі козлік», змоўк Свецін голас: Паліна, шануючы свёкра, гаварыла амаль шэптам, але шэпт яе часам будзіў больш настойліва, чым дзіцячы голас. Усталявалася цішыня, толькі даносіўся няблізкі шум машын.
Стары застаўся адзін. Сто разоў загадваў сабе: выходзіць Паліна, вядзе Светку — спаўзай з ложка, не лянуйся. Не, не хапала сілы перамагчы слабасць, фізічную i псіхічную. Паводзіў сябе, як дзіця.
— Паляжу яшчэ хвілінку. Спаць не буду.
I засынаў. Так здаралася не аднойчы. Нячаста прыходзіла думка, якая ўзбуджала i адганяла сон. Не прыйшла i на гэты раз, наадварот, падумалася, што ранішні сон — самы салодкі, што няма патрэбы надточваць дзень, які i так паўзе, як чарапаха. Калі прывядуць Свету, ён ажыве, вернецца да чалавечага жыцця, да радасці, няхай i маленькай! Без радасці, хоць якой, жыцця няма, ёсць існаванне, нават тады, калі галава пухне ад думак, самых высокіх — аб лесе чалавецтва. Без уласнай радасці, няхай i бытавой — пазабаўляцца з дзіцем — лес чалавецтва не грэе. Ды i не можа ён сёння грэць, бо аб лесе гэтым светлых думак не бывае — заўсёды чорныя. Так перавярнулася ўсё! Некалі ж ён верыў, што людзі, народы, прынамсі, яго вялікай Радзімы, прыйдуць да светлай будучыні — да камунізму. Усё развалена, спаганена. Дык чаму ж тут радавацца?
Ён, адукаваны чалавек, думаў, што робіцца не тое, ідзём не туды, але выйсця не бачыў. Пісаў у газеты, у Вярхоўны Савет пра тое, што найбольш балела, — пра сельскую гаспадарку, якой аддаў усё жыццё. Адмаўляў «рэфарматарскія» шляхі, стаяў за захаванне таго, што зроблена i прынята народам. Пісаў раней, калі ішлі палітычныя i эканамічныя баі. Цяпер не піша. Стаміўся. Ды i байцы стаміліся, утаймаваліся, многія пагадзіліся, што калектыўныя гаспадаркі чапаць нельга — будзем галадаць. I прэзідэнт думае так. Хоць i цяпер яшчэ, як з кратэра вулкана, выплёскваюцца думкі аб продажы зямлі. Атрутныя думкі! Пра гэтую атруту Ігнат Андрэевіч гады два назад апублікаваў вялікі артыкул. Было жаданне напісаць цэлую кнігу, але адчуў, што «пораху» не хопіць. Цяпер ухваляў уласную мудрасць: за апошні год адчуў, што сіл такі не хапіла б.
Але ў той дзень сасніў, што кніга выдадзена, бачыў яе ў белым каленкоравым пераплёце з дзіўнай назвай «Ідэі Льва Талстога аб зямлі». Хоць чаму з дзіўнай? У яго цэлы агульны сшытак спісаны выказваннямі вялікага мудраца пра зямлю i сялянства.
Прачнуўся, кал i промні залацістымі карункамі зіхацелі на выцвілых гардзінах. Ажно спалохаўся: сонца заглядвала ў яго акно толькі тады, калі добрыя людзі садзіліся абедаць.
З жахам падумаў:
Читать дальше