— Не хвалюйся, пахаваюць, — казала яна.
Ігнат Андрэевіч нікому не прызнаваўся, але яму хацелася, каб хавалі яго з інстытута, дзе ён прарабіў амаль сорак гадоў — ад малодшага навуковага супрацоўніка да дырэктара. Баяўся, што зусім малады дырэктар не зробіць гэтага. Разоў колькі наважваўся зайсці да яго i папрасіць. Незвычайная просьба. А чаму незвычайная? Хіба ён не мае права на такую апошнюю пашану? Яму было да слёз крыўдна, калі доктара навук Віктара Кляцкова хавалі з цеснай кватэры. Вельмі не хацелася, каб труна стаяла тут, у пакоі, які сям'я называв сталовай, i выносілі яе з гэтага закутка па вузкай лесвіцы.
Ангеліна да гэтага ставілася проста i гэтак жа проста гаварыла, нават тады, калі ёй выразалі ракавую пухліну. Адзенне падбірала на смерць, з нявесткай раілася, ашаламляючы маладую жанчыну. Яго гэта таксама бянтэжыла, ён прасіў:
— Не гавары ты пра гэта...
— Добра, з табой не буду.
З ім не гаварыла. З сынам не гаварыла. Толькі часам давала наказы. У потай плакала, калі да яе лашчылася малая Света, а ёй тады было два — два з палавінай гадKi. Яна нічога не разумела. I яе стараліся ізаляваць ад ракавай бабулі; бабуля сама цалавала толькі яе ножкі.
Жонка памірала цяжка, яе нават у бальніцу ўжо не ўзялі: безнадзейная.
Ігнат Андрэевіч баяўся так паміраць. У яго сто хвароб: склероз, стэнакардыя, анемія, артроз... Баліць на змену надвор'я сэрца, баляць суставы, слабасць ад недахопу гемаглабіну. Урач, які лечыць яго, кажа, што ўсе гэтыя хваробы несмяртэльныя, што з такімі хваробамі жывуць да ста гадоў. Свістун! Хаця б да васьмідзесяці дачапаць! Да гэтай круглай даты хацелася дажыць, але ж гэта яшчэ тры гады, тысяча дзён. Тры гады — няшмат, так, прынамсі, здаецца, а тысяча дзён — многа. У бяссонную ноч ён падлічыў, што 80 гадоў — гэта амаль трыццаць тысяч дзён. Школі раней пра гэта не думаў. Здзівіўся i з горыччу падсумаваў, што за 20-25 тысяч дзён ён мала зрабіў. Сотня артыкулаў, тры манаграфіі, але ніводная з ix не зрабіла перавароту ў навуцы. Яго тузалі, ён легка паддаваўся ўплывам, модзе: спачатку кукуруза, пасля цукровыя буракі, i толькі пад старасць ён спыніўся на старым караняплодзе, што прывёз Калумб ад індзейцаў, які стаў другім хлебам для бедных беларусаў. На кукурузе ён быў прагрэсіўным, на бульбе — кансерватарам. Так i казалі маладыя: «Знасіўся дзед, падбірае азаддзе. Што можна сказаць новае пра бульбу?» Выходзіць, можна. Селекцыйнымі доследамі ён вывеў новыя гатункі. Не дарэмна ж, змясціўшы з дырэктара ў шэсцьдзесят пяць, яго да сямідзесяці двух трымалі на сектары бульбаводства. I з яго думкай лічыліся — у навуковых колах, у міністэрстве, ва ўрадзе. Лічыліся... А за пяць гадоў пенсіянерства забыліся, што не вельмі даўно быў такі нацыянальны вучоны. Праўда, за гэтыя гады свет перавярнуўся дагары нагамі, усё, што стваралася дзесяцігоддзямі, развалілі маладыя «рэфарматары». Але што далі ix рэформы народу?
Хіба ж можна заснуць з такімі думкамі? А гэта тольKi часцінка яго перажыванняў. Бо ix мора. Галоўныя з ix — вечныя, якія не давалі спакою святым i грэшнікам, філосафам i пісьменнікам.
Ігнату здавалася, што пра смерць ён думае спакойна, часам з бравадай, святатацтвам, зрэдку нават з гумарам. Не, так ён думаў да смерці Ангеліны. Цяпер думае часта i сур'ёзна. Адчуў, што баіцца смерці. Доўга не прызнаваўся сабе ў гэтым. Але аднойчы за вячэрай малая Света нечакана спытала:
— Дзед, а ты хутка памрэш?
I ён пахаладзеў, задрыжала рука, ён паклаў відэлец на стол.
— Хутка, хутка, унучачка.
Маці пляснула малую сурвэткай.
— Што ты плявузгаеш, дурная?
— А што? Бабуля яго там чакае, ёй сумна адной.
— Хто гэта табе нагаварыў?
— А нам у садзіку казалі.
— Бязмозглыя там выхавацелі, — змрочна выказаўся бацька.
A калі яна была ў тым дзіцячым садку? Паўгода назад. Нягледзячы на дзедава супраціўленне, бацькі завялі малую ў садок, каб аблегчыць старому жыццё; дзіўна клапаціліся немаладыя ўжо тата i мама пра старога бацьку. Без Светы жыццё страціла сэнс. Ды, на яго шчасце, Света хутка ўзбунтавалася.
— Не хачу ў садзік!
I ўзняла лямант.
Заставалася з дзедам. З дзіцячым эгаізмам эксплуатавала яго. Прымушала чытаць гадзінамі, a ў старога ад чытання ўголас балела галава. Прымушала поўзаць па падлозе — з яго хворымі суставамі; потым, каб падняцца на ногі, поўз да канапы ці да стала. Стогне, крэкча. А Света прымае гэта за гульню i смяецца. Ён ведаў, якое было яго жыццё без унучкі, i гатовы быў поўзаць, гаўкаць, выць.
Але радасць яго нечакана скончылася. Разжалавалі дзеда з нянек. Праспаў унучку. Натуральным чынам. Начытаўшыся казак, змораны (у той неспрыяльны дзень увогуле нездаровілася), ён сеў у калідоры ў крэсла і... заснуў. Светка адчула сябе гаспадыняй. Залезла на табурэт, павярнула верхні кран газу, уключыла, паставіла на пліту каструлю з вадой — вырашыла варыць суп. Толькі крупы не адразу знайшла. Шукаючы ix, скінула з паліцы бляшанку з цукрам, нарабіла грукату, разбудзіла дзеда.
Читать дальше