— Гэта трэба — такая бяда!
— Якая?
— Смерць сястры Марыі Філатаўны. Хіба вам не паведамілі?
— Якой сястры?
— Клавы.
— Клава памерла? — я не вытрымаў i заплакаў.
Я любіў Клаву: разумная, дасціпная жанчына, выдатны ўрач. Але пакутавала ад бранхіяльнай астмы. Я дагэтуль адчуваю сваю віну, што не памог ёй з лячэннем; казалі, што памагалі саляныя шахты ў Закарпацці.
У той трагічны вечар яна рыхтавала дачку сваю Наташу да выпускнога вечара, памагла ёй памыць галаву, надыхалася парамі шампуню... Пачаўся прыступ. Яна ўдыхнула астмапен і... імгненная смерць: параліч дыхальнага цэнтра.
Немагчыма расказачь, якая гэта была трагедыя для Вольгі i Машы. Першыя гады пасля смерці сястры яны амаль кожную нядзелю ездзілі на яе магілу, кветкі там не высыхалі.
30 студзеня 1981 года я адзначаў сваё 60-годдзе. Мне прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Найвышэйшая ацэнка творчасці маёй. Напярэдадні I. Я. Палякоў уручыў мне зорку. Правялі добры вечар у тэатры Янкі Купалы. У дзень нараджэння (дзень быў выхадны) я даваў прыём у кафэ Дома літаратараў. Там былі накладкі, зайздроснікі хоць дробную брыдоту ды стараліся зрабіць (напрыклад: госці збіраліся, а стол быў ненакрыты). Я ж ужо не кіраваў у Саюзе пісьменнікаў, за паўгода да гэтага перайшоў у «Энцыклапедыю» галоўным рэдактарам. Накладкі гэтыя расхвалявалі i мяне, i Машу. Ды i абед быў не надта вясёлы, некаторыя «сябры» мае як бы забывалі на юбіляра — іезуіцкая форма ігнаравання: не ты Герой — мы героі.
Па заканчэнні абеду там жа ў Доме літаратара ў гардэробе я зачапіўся за парожак, упаў i зламаў руку. Як тут не паверыць у народныя прыкметы: быць бядзе, калі на цябе глядзяць зайздросна, незычліва, а можа, нават з пажаданнем няшчасця. I — здарылася бяда. Не адна. Праз дзесяць дзён, 9 лютага, загінула мая сястра Галя. Ехала на веласіпедзе на працу ў ваенгарадок (дарогі тае адзін кіламетр), быў ветраны дзень, i каля самай прахадной, дзе з-за гульні ў сакрэтнасць лес не чысцілі, не высякалі, са старой сасны адламаўся сухі сук, упаў з вялікай вышыні на галаву чалавеку. Такая недарэчная, проста дзікая смерць.
Сам паранены, я выў ад гора. Рука баліць, у гіпсе — як ехаць? Рваўся — Маша не пусціла. Паехалі на пахаванне яна i сын наш Саша. А я застаўся плакаць. Ляжаў, сядзеў, хадзіў у глыбокай роспачы i роздуме. Лічыў сябе атэістам, але звяртаўся да Бога: за што караеш, міласэрны? Няўжо ёсць закон, па якім лес кідае на шалі няшчасці, каб ураўнаважыць даброты i радасці?
А праз дзесяць дзён з рукой — гіпсавай «лялькай» я мусіў ехаць на XXVI з'езд КПСС, дэлегатам якога быў выбраны. Спрабаваў адмовіцца — прыслалі хірурга на дом, які даў патрэбнае заключэнне. Безумоўна, паехаў з Машай, аднаму штаны зашпіліць няма як.
З гасцініцы «Масква» ў Крэмль вазілі на аўтобусе, здаралася, што нас ехала толькі трое: Герой Савецкага Саюза з пабітымі нагамі i маладая калгасніца, якой, пэўна, імпанавала, што яе возяць. Цяжка было сядзець з хворай рукой, слухаць чатырохгадзінны даклад Брэжнева, які ледзь не самлеў на трыбуне — тройчы прасіў перапынак, i перапынкі цягнуліся хвілін па 40. Аднак нікому малодшаму не ўступіў дачытаць сотняй людзей сачынены даклад. Мне шкада было старога чалавека. Прага ўлады вымушае ісці i не на такія пакуты.
А Маша сумавала ў гасцініцы. Па магазінах хадзіць, як звычайна, не было патрэбы: усё прадавалася ў гасцініцы — прадукты i тавары найвышэйшай якасці, тавары — імпартныя. Але магазіны працавалі толькі тады, калі дэлегаты з'яўляліся на абед, i ў вячэрні час. З'яўляўся я — i Маша імчала штосьці купіць, найперш — прадукты, бо ix можна было адаслаць: працавала пошта — i як працавала! Пасылку ўпакоўвалі ў спецыяльныя скрынкі i афармлялі за лічаныя хвіліны, а паштавікоў рабіла дзесяткі два. У першы дзень Маша паведаміла мне, што адаслала ажно чатыры пасылкі. Я жахнуўся:
— Ды ты што! Што пра нас скажуць?
— Адна дама ў сабалях, з Сібіры, на поўны голас хвалілася, што адаслала дваццаць пасылак. Не баіцца, што скажуць.
Але найбольш ашаламіла аператыўнасць па ўсёй лініі: калі на другі дзень увечары пазванілі дадому, пасылка была ўжо дастаўлена на кватэру мінскімі сувязістамі. Працаваць бы так усім службам увесь час! Хоць на савецкую пошту наракаць не варта: у параўнанні з сучаснай яе можна лічыць узорнай.
Так кармілі дэлегатаў, якія ў прынцыпе мала што вырашалі. Але як ірваліся да урнаў пры тайным галасаванні, асабліва з усходніх рэспублік! Мяне так заціснулі, што ледзьве не зламалі зламаную руку. Супраць Брэжнева з пяці з палавінай тысяч прагаласавала тольKi чацвёра. Усяго. Усяго? Тады паверыў, цяпер не веру. Колькі было падману, фальшу! Было? А цяпер няма? Тады куплялі прадуктовымі пасылкамі. Цяпер прыхільнікаў ладу купляюць за фірмы, заводы, магазіны, катэджы. Горка пра гэта думаць. Хочацца напісаць злы раман. Але позна, не хапае сілы. Дзве гадзіны папрацую над гэтымі ўспамінамі i — баліць галава. Здавалася, што сваё жыццё, гісторыю нашага з Машай кахання, любові напісаць лёгка. О, не! Вельмі цяжка. Энергіі забірае больш, чым раман. Можа таму, што рана цяжкой страты адкрытая. Але ці загоіцца яна да канца маіх дзён? Колькі ix засталося, дзён майго сумнага жыцця? А галава баліць не толькі ад працы. Галава баліць за будучыню дзяцей i ўнукаў. Маша слала пасылкі, каб найсмачней накарміць дарослых ужо дзяцей i малых унукаў, клопату пра грошы не мела, ix ляжала нямала ў ашчаднай касе ў Мінску i нават у той жа гасцініцы «Масква» — ганарары за кнігі, якія выдаваліся ў Маскве. А я думаю: дзе атрымаць колькі грошай, каб памагчы дзецям. Выйшла «Палеская мадонна», а ганарар выдавецтва не можа заплаціць: няма грошай. А яны катастрафічна абясцэньваюцца. Дол ар ужо вунь колькі, i цэны няўхільна растуць.
Читать дальше