Маша папрасіла мяне паехаць неадкладна. Я тут жа сеў за руль.
Бацька адчыніў нам вароты. Але меў выгляд хворага чалавека: худы па прыродзе, зусім схуднеў. Узрадаваўся, што мы прыехалі.
На другі дзень я паехаў у Гомель i прывёз урача — начмеда абласной бальніцы Сінякову, добра помню прозвішча гэтай чулай жанчыны. Безумоўна з яе боку быў элемент цікаўнасці — глянуць на жыццё вядомага пісьменніка i, аднак... Паслухала хворага. Выйшлі на вуліцу. I сказала аднаму мне:
— Цяжкая гісторыя. У старога лейкемія. Вострая. Не хачу палохаць, але скажу суровую праўду: жыцця яму засталося тыдзень. Ад жонкі не таіце. Для пацвярджэння дыягназу прышлю лабарантку.
Дыягназ пацвердзіўся.
Бацька згараў што свечка. Маша не адыходзіла ад яго. Прыехалі Вольга i Клава.
Памёр Філат Азаравіч праз адзінаццаць дзён пасля нашага прыезду, на Сёмуху, ва ўзросце 73-х год.
У апошні дзень 1965 года я пайшоў у ГУМ купляць дзецям навагоднія падарункі. Вярнуўся, Маша адчыніла дзверы, i па выразе яе твару, па сцішанасці дзяцей я адчуў, што здарылася нешта незвычайнае. У мяне замлелі ногі.
— Што?
— Памёр твой бацька.
Бацька ляжаў у Добрушскай бальніцы. Але дні тры назад я пазваніў туды, i яго паклікалі да тэлефона. Пагаварылі, ні скаргаў, ні просьбаў ён не выказаў. Я супакоіўся:
— Рамантуйся, бацька.
Яму споўнілася ўсяго 66 гадоў.
Ехалі з Машай у навагоднюю ноч. У пустым вагоне. Ca страхам думалі, як дабрацца ад Гомеля: Новы год, выхадны, установы не працуюць, каб папрасіць машину. Ледзьве ўгаварылі таксіста адвезці нас у Добрущскае лясніцтва — за сорак кіламетраў.
Ляснік Пятро Мінавіч сорак гадоў жыцця аддаў лесу. I пахавалі яго на лясных могілках, пад дубамі. Могілкі былі не лясніцтва, а ваеннай базы. У другі дзень 1966 года новы чырвоны слупок быў усяго трэцім: салдат, які загінуў пры аварыі, бабуля з пасёлка, які вырас у лесе — будаваліся вольнанаёмныя рабочыя базы i звольненыя з арміі, лес навокал казачны. А цяпер там толькі нашых пахавана пяцёра: бацька, маці, сестры мае — Галя, Таццяна, пляменнік Мікалай, сын Галін.
У 1996 годзе я пакланіўся магілам, убачыў жахлівыя сляды радыяцыі: знесены пасёлак, разбуралася вялікая ваенная база — амерыканцы рэзалі снарады, ракеты. Вынік паездкі — сюжэт сумнай аповесці з публіцыстычнай назвай «Зона павышанай радыяцыі». /..^щШШ
У сакавіцкі дзень 1970 года пазванілі, што памерла маці мая. Хварэла доўга. Я наведваў яе. Але пасля смерці яе карыў сябе, што не забраў у Мінск. Ці прадоўжылі б сталічныя ўрачы ёй жыццё? Наўрад. Але сумненне грызе дагэтуль.
Зіма была снежная. Снег пачаў хутка раставаць. Дарогі, немагістральныя, сталі непраезджымі. Як дабрацца? Нейкім чынам даведаўся, што ў ЦК нарада сакратароў абкамаў па ідэалогіі. Званю А. Т. Кузьміну: ці ў яго гомельскі сакратар. Я добра ведаў яго, але зараз ніяк не магу ўспомніць прозвішча.
Ён забраў нас з Машай да Гомеля. А каля абкама, хоць была ўжо ноч, стаяў газік, які завёз нас у Дубецкае, так называўся пасёлак каля ваеннай базы, дзе працавала сястра мая Галя, муж яе Аляксей Мальцаў; маці жыла ў ix.
Сынклеція Сцяпанаўна (дзявочае — Калініна) пражыла 73 гады. Усяго. Большую частку жыцця бацькі жылі ў лесе, i так мала Бог адвёў ім жыцця. Маці вельмі цяжка працавала, нават арала, хіба што не касіла, але зграбала пакосы. Гаспадарка ў лесніка немалая: каровы, свінні, куры, гектар зямлі давалі. I ўсё гэта было на плячах i руках маленькай худзенькай жанчыны. Маці, бадай, да смерці верыла, што Павел жывы. Неаднойчы казала:
— Іван, ён можа, у палоне дзе?
— Ды ўжо вярнуліся палонныя ўсе.
— А можа, жонка такая, што не дае напісаць?
Што было адказаць на гэта? Няхай верыць!
Смерць маці моцна ўразіла мяне. Раптам адчуў сябе старым, хоць мне не было i пяцідзесяці.
Гэтак жа цяжка перажывала i Маша.
У чэрвені 1975 года на Украіне праходзілі дні беларускай літаратуры i мастацтва.
Фэст грандыёзны. Цяпер скептычна хмыкаюць наконт гэтых сустрэч міжнацыянальнага мастацтва. А дарэмна. Пэўны элемент пампезнасці існаваў. Але якая была карысць! Новыя пераклады, пастаноўкі п'ес брацкіх аўтараў. Паказ сваіх дасягненняў іншаму народу. Хіба «Славянскі базар» i многія іншыя фестывалі роўныя тым? Тут больш паказухі!
Вярталіся радасныя, вясёлыя, добра «запраўленыя» гаспадарамі на развітанне. У Мінскім аэрапорце нас сустракалі. Мяне — Таццяна, Навуменку — жонка Ядвіга Паўлаўна. Таня была незвычайная, адвяла Андрэя Макаёнка, нешта сказала яму. Ён пазмрачнеў. A Ядвіга Паўлаўна, пэўна здзіўленая, што я такі вясёлы, сказала:
Читать дальше