Я пісаў, як i дзе ўзнікла задума «Непаўторнай вясны». Напісаўшы яе, убачыў: дык гэта ж біяграфія майго пакалення, а не толькі наша. Стварыўшы ў 50-я гады тэтралогію, я ў 1963-1964 гадах напісаў «Мост» — пятую аповесць у гэтую самую аўтабіяграфічную эпапею. Аповесць атрымала такую ж высокую ацэнку, як i «Непаўторная вясна», «Агонь i снег».
Машы пенталогія падабалася. Кніга многа раз перавыдавалася, i Маша з ахвотай прачытвала карэктуры; я шкадаваў час на такую працу, ды i навошта, кал i ёсць такі блізкі карэктар. Перад «Мостам» я сачыніў «Сэрца на далоні», бадай, самы чытабельны мой раман. Пасля апублікавацдя ў «Раман-газеце» я атрымаў сотні пісем, мяне зацягалі на чытацкія канферэнцыі. Разы два я ўзяў на ix Машу. У нейкім ваенным гарадку жонкі афіцэраў пачалі дыскусію па вобразе Галіны Яраш з-за яе паталагічнай рэўнасці: адны — за яе, другія — рэзка асуджалі. Машы падабаліся тыя, што апраўдвалі Галіну. Між іншым, яна адкрыла тое, што я адкрыў даўно: канферэнцыі, шчырыя незафармалізаваныя выступленні жанчын (мужчыны так не ўмелі выступаць, асабліва па варунках сямейных адносін) давалі багаты матэрыял для стварэння жаночых вобразаў. Крытыка i чытачы адзначалі, што асобы слабага полу вылеплены больш аб'ёмна, выразна. Але, безумоўна, не толькі канферэнцыі памагалі гэтаму — усе праявы жыцця, якое я ўважліва назіраў, i ў першую чаргу тое, што жонкай маёй была жанчына, якая багата выяўляла ўсе чалавечыя эмоцыі — каханне да мужа, любоў да дзяцей, вернасць, адданасць, рэўнасць... усё-ўсё.
Думаю, што пасля нараджэння Алесі пачуцці нашы набылі новы сэнс. Гармонія, бадай, узнікла раней. А каханне — тое, што звязвае мужчыну i жанчыну, з узростам, з аслабленнем палавога цягацення перарасло ў любоў у высокім сэнсе гэтага слова, у роднасць — такую, якую варта пісаць з вялікай літары. Так, мы зрадніліся, сталі адным цэлым.
Прачытаў у адным артикуле: «Жизнь двоих — это как танец, где каждый должен чувствовать друг друга и слышать одну мелодию. Если этого нет, не может быть истинной любви». Трапна, дасціпна. Але павярхоўна. Танец — гэта забава. Жыццё — не забава. Яно часта вымушае слухаць розныя мелодыі. Але ўсё роўна трэба «танцаваць» зладжана. У гэтым вялікая тайна i вялікае «мастацтва», якое прыходзіць з тым, што я называю роднасцю. Адчуваць адно аднаго пад адну мелодыю — проста. Адчуваць пад розныя знешнія мелодыі — во ў чым сакрэт. А для гэтага павінна быць у душах адна мелодыя, імя якой Гармонія.
Уваскрашаць у памяці (што нялёгка) гісторыю напісання твораў — зацягнуць споведзь i мімаволі адціснуць Машын вобраз за заслону ўласнай славы. А яна, слава, грэла ў тыя маладыя гады, а цяпер яна — што зімовае сонца: чым ярчэй свеціць, тым мацней мароз. Да таго ж «біяграфіі» некаторых твораў я напісаў ужо — «Сэрца на далоні», «Гандлярка i паэт», «Петраград — Брэст». Паўтарацца не варта, хоць чытачы, безумоўна, будуць розныя. Але, прыгадаўшы «Гандлярку...», я ўспомніў тое, чаго не пісаў раней: як я зрабіў жонку памочнікам у стварэнні аповесці. Усё іншае Маша прачытвала пасля таго, як было напісана. Заўвагі былі скупыя, але заўсёды трапныя. Выхаваная на класічнай літаратуры, Марыя Філатаўна мела бездакорны густ.
«Гандлярка...» давалася мне нялёгка. Па-першае, жыццё ў акупаваным Мінску — дэталі яго выпытваў у тых, хто жыў тут. Па-другое, гісторыя падполля, даволі складаная сама па сабе i яшчэ больш заблытаная гісторыкамі, якія з'ядалі адзін аднаго. Хто з'яўляўся арганізатарам падполля: Іван Кавалёў ці Ісай Казінец? Спачатку намерваўся ўціснуць гэтую тэму ў сюжэт; твор разросся б да аб'ёмнага рамана. Вырашыў: не трэба! Лес жанчыны — во аснова! Незвычайнай жанчыны — гандляркі! У той час станоўчая гераіня — гандлярка! Жах! Калі «Гандлярка i паэт» была вылучана на Дзяржаўную прэмію, тры мае сябры паехалі ў Маскву на савет па беларускай літаратуры i... завалілі аповесць менавіта па гэтых матывах: каго аўтар выводзіць у гераіні падполля — гандлярку! Быццам ад таго, што Вольга гандлявала на Камароўцы сваёй гароднінай, яна страціла свае чалавечыя i жаночыя якасці.
Знаходзячыся, як i ўсе іншыя, у палоне дагматаў, i ідэалагічных, i літаратурных, я таксама пісаў Вольгу з пэўнай насцярогай. Незвычайнасць яе характару ставіла перад аўтарам нямала пытанняў, галоўнае з якіх: як такая жанчына можа паступіць у той ці іншай сітуацыі? I я адкрыў шлях праверкі. Прадумаўшы сітуацыю, але не напісаўшы яшчэ, я звяртаўся да Машы: як бы яна паступіла, каб апынулася ў такіх умовах, у такіх узаемаадносінах з людзьмі — з падпольшчыкамі, паліцаямі. Маша нялёгка адказвала на мае пытанні:
Читать дальше