Пяць гадоў вучобы — i чырвоны дыплом. А я за гэты час скончыў «У добры час» i напісаў «Крыніцы» — раман, які прынёс мне амаль такую ж славу, як «Глыбокая плынь». Мяне ахвотна выдавала Масква, перакладалі на іншыя мовы. Адным словам, не адставаў ад сваей працавітай жонкі, а яна — ад мяне; мы як спаборнічалі: хто зробіць больш.
Натуральна, што рос наш дабрабыт. Нядоўга мы жылі на першым паверсе — два гады. У 195З годзе Літфонд збудаваў свой дом. Цэлы дом, кватэр 20! У самым цэнтры горада на рагу вуліц Маркса i Энгельса. I я, лаўрэат, атрымаў там чатырохпакаёвую кватэру. Раскоша! Адзнака таго, як дзяржава клапацілася пра сваіх творцаў. А прайшло ж усяго восем гадоў пасля спусташальнай вайны.
Яшчэ ў 1951 годзе купілі «Победу» i — дзіўна — тры гады трымалі шафера, які рабаваў нас: ледзь не кожны дзень нешта псавалася. Па сённяшнім часе сорамна прызнацца, што я, малады, здаровы мужчына, не мог асвоіць ваджэнне машыны.
У тым жа годзе пабудавалі дачу. У Церусе. Калі рабіў яшчэ настаўнікам, выпісаў лес на хату (не ўяўляў жа, колькі буду жыць у сяле, a ўдзельнікам вайны лес давалі бясплатна, толькі сам пілуй, вазі, рубі зруб). Па парадзе бацькі парубачны білет выпісаў на Добрушскае лясніцтва. I бацька паставіў зруб. Праўда, будыніна стаяла i гніла. Бацька ў кожным пісьме пытаў: што рабіць са зрубам?
Калі завяліся грошы, у Машы ўзнікла выдатная ідэя: перавезці ў Церуху i там паставіць хату. За справу ўзяўся Машын брат Мікалай, інвалід вайны, але надзвычай працавіты чалавек. Разам з бацькам Філатам Азаравічам, абодва бондары, цесляры, сталяры, яны ўсё зрабілі самі, хіба што рамы, дзверы заказвалі. Але з гэтым не было турбот у Церусе — усе майстры, выраслі ў лесе, i ўсім хацелася зарабіць капейку, бо ў калгасе з гучнай назвай «Сацыялізм», вельмі бедным (пасля яго пераўтварылі ў саўгас), працадні аплачваліся толькі тым, што людзі мелі прысядзібныя ўчасткі; хто працадні не выпрацоўваў, маглі абрэзаць гарод з 40 да 15-ці сотак.
Улетку 1952 года сям'я мая адпачывала ў «Сацыялізме».
Маша проста расквітнела. Вярнуцца з дзяцьмі ў родную вёску! Вакол сваякі, суседзі, вяскоўцы, якія любілі яе: у акупацыю яна ўсім памагала сваімі фельчарскімі ведамі, уменнем.
Месца для «дачы» я выбраў насупраць цесцевай хаты, але не на вуліцы (там была прагаліна, бо вясной залівала старое рэчышча, якое падыходзіла да самай вуліцы). Сядзібу рамантык i паэт аблюбаваў на высокім пясчаным беразе; суседзі пасміхаліся: «Што тут будзе расці?» Расло, добры сад вырас пад рупным доглядам Філата — на здзіўленне людзям, а памёр ён — перастаў пладаносіць сад, пачаў сохнуць. Сяляне не разумелі, што мне не бульба трэба, не гуркі, а дачная выгода. А яна была выдатная, трыццаць метраў — i каціся з абрыву ў мелкую, але чыстую рэчку. У вербах, што раслі вакол, заліваліся салаўі.
Хата магла быць музейным літаратурным помнікам, бо яе наведалі вядомыя беларускія i ўкраінскія пісьменнікі: Андрэй Макаёнак (жыў з сям'ёй па тыдні), Янка Брыль, Піліп Пестрак, Анатоль Грачанікаў, Леанід Гаўрылкін, Аляксей Гардзіцкі, Васіль Казачэнка, Мікола Нагнібеда, Сцяпан Алейнік, Платон Варанько, Багдан Чалы (прыязджаў без нас па грыбы i жыў па колькі дзён), Расціслаў Братунь. Цяжка ўсіх i прыгадаць.
Калі мы пастарэлі, збяднелі ў выніку «вялікай перабудовы», памерлі блізкія ў Церусе, якія даглядалі бедную на наш час хацінку, узнік клопат: што рабіць ca сваёй нерухомасцю? Прадаць. Так, адзінае выйсце, пакуль не згніла ці не спалілі дзеці ці зламыснікі. Гады тры рашалі мы з Машай гэтую турботу. I вядома ж, як ні ў чым іншым, больш за мяне вагалася Маша, так ёй шкада было гнязда маладосці. Урэшце адважыліся: прадалі за грашы (2500 долараў) нейкаму церушаніну, які працаваў на Поўначы. Пасля гэтага акту-гвалту над уласнымі пачуццямі Маша часта казала — i да хваробы, i ў часе хваробы — што сніць Церуху. Дарэчы, унучкі нашы Маша i Славяна былі супраць таго, каб «прадаваць Церуху» (гаварылі так, па-дваранску). Але яны, маладыя, ідэалісты, а нас, старых, жыццё зрабіла рэалістамі, жорсткімі рэалістамі.
Пішу пра Церуху так шмат, бо ўвесь час адчуваў, як Маша была прывязана да сваёй «малой радзімы». Ды i я жыў не Кармой, якую па сутнасці не ведаў, нават сваякоў не ўсіх ведаў, а Церухай, дзе ўпершыню падлеткам сустрэў Машу — сваё шчасце ажно на 58 гадоў жыцця.
У гэты «церухоўскі перыяд», як я называю, наша каханне як бы гартавалася, я ехаў на тыдзень-два ў Мінск, вяртаўся — i мы сустракаліся як маладажоны, перажывалі мядовыя дні, смешна хаваючыся ад дзяцей.
Читать дальше