— Ды ты што? Спыніся!
— Не бойся. Стану я пэцкаць рукі аб такога! Але сядзець у адной зале з імі не хачу.
У доўгай дарозе дадому Маша, на маю спробу апраўдаць сябра, адкрыла агонь па мне. Я не адбіваўся. Мяне трывожыла адно: каб яна не сказала Ніне.
— Скажу!
— Сям'ю хочаш разбіць з-за глупства?
— Добрае глупства. Хто разаб'е сям'ю, дык гэта ён, калі не даць па руках.
Ніне не сказала. Але моцна здзівіла i Ніну, i Аляксея, калі на чарговай сустрэчы пачала ўедліва кпіць з паважанага Аляксея Мікалаевіча. Андрэй падтрымліваў Машу:
— Малайчына, расцём, Маша! Хутка мы з табой будзем камедыі пісаць.
Аляксей абурыўся i пакінуў цеснае застолле, кінуўшы:
— Так гасцей не прымаюць!
А пасля выгаворваў мне:
— Ты, братачка, скажы сваёй жонцы: я такіх жарцікаў не люблю. Што за дурныя намёкі! Няхай не забывав, хто я, хто яна.
Такія словы здаліся мне неразумнымі: для мяне яна была вяршыняй усяго таго высокага, што несла ў сабе жонка i маці. Я аддаваў ёй перавагу над сабой, асабліва што датычыць захавання маралі, духоўнасці, вернасці, адданасці — усяго-ўсяго, чым так шчодра надзяліла яе прырода, сям'я, народныя традыцыі, i што яна непахісна пранесла праз усё жыццё.
А праз месяц ці два нас з Кулакоўскім «ажанілі»: Саюз пісьменнікаў выдзеліў нам у студзені 1950 года на дваіх адну чатырохпакаёвую кватэру. У новым доме, у цэнтры горада — па вуліцы Карла Маркса. Пяты паверх, праўда. Жылая плошча на сям'ю — 24 м2. Такая прастора! Але ў той час гэта было вялікае шчасце — атрымаць такі прытулак! Цяпло цэнтралізаванае. Але газу не было; для пліты, для калонкі ў ванне насілі дровы з падвала, а туды ix трэба было завезці, папілаваць, пакалоць. Прызнацца, баяўся я такога цеснага сусед ства. Баяўся, што праўдзівая, шчырая, адкрытая, смелая жонка мая не ўжывецца з залішне паважным, нярэдка пыхлівым Аляксеем Міхайлавічам.
Я прасіў Машу:
— Калі ласка, не чапай Аляксея.
Яна адказала:
— Не вучы мяне жыць з людзьмі.
I — ніводнай сутычкі. Пры такой цеснаце! Карэктнасць адносін маёй жонкі i суседа павучальная. Пра дабрэйшую Ніну Ульянаўну я ўжо не кажу.
Хоць Кулакоўскаму, пэўна, было нялёгка. Помню, можа, праз паўгода сумеснага жыцця ён ледзьве не афіцыйна запрасіў мяне ў свой пакойчык.
— Зайдзі, калі ласка, Іванка, трэба пагаварыць.
Я ажно ўстрывожыўся: што здарылася, што так — амаль афіцыйна? Хоць у Аляксея мелася слабасць паіграць у вялікасць. Ён у той час пісаў успаміны В. I. Казлова «Людзі асобага складу». Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета стварыў свайму «літаратурнаму апрацоўшчыку» (так пазначалася ў кнізе) нядрэнныя ўмовы — даў кабінет у Прэзідыуме. Аляксей любіў запрасіць туды ці мяне, ці кагосьці з калег, правесці паўз міліцыянера i прыняць з этыкетам кіраўніка. Андрэй высмейваў яго бюракратызм. Аляксей не крыўдзіўся, смяяўся:
— Во лайдак, усе дэталі ўгледзеў, я ix не заўважыў. Вучыся, Іванка, у цябе не хапае ў творах дэталяў.
Слабы сюжэтчык, ён надаваў асаблівае значэнне дэталям i гэтым вызначаўся сярод празаікаў.
Аляксей пасадзіў мяне каля стала, на якім быў незвычайны парадак.
— Не здагадваешся, чаму я цябе паклікаў?
— Не. Спалохаў. Так афіцыйна.
— Даруй, братачка, але інакш я не магу. Даўно хацеў пагаварыць.
— Пра што? Мірна ж жывём.
— Мірна... Але знаеш, братачка, Марыя Філатаўна дрэнна ўплывае на Ніну.
— Чым? Як? — я падскочыў з крэсла.
— Не знаю, дзеяннямі ці словамі. Якімі — не чуў. Але Ніна мяняецца не ў лепшы бок. Раней яна ніколі не пярэчыла мне...
— I ты лічыш, што гэта добра? Феадал ты, Аляксей. Мусульманін.
— Шкада мне цябе, Іванка. Жывеш пад пятой.
— Чыёй? Машы? Каб ты ведаў, як мне добра пад такой пятой.
— Рабская ў цябе псіхалогія.
— A ў цябе — дамастроеўская. У нас поўная роўнасць. A ў цябе Ніна — рабыня.
— Цішэй ты. Пачуюць. Пагавары ўсё ж з Марыяй Філатаўнай.
— Я? Не! Пагавары сам.
Задумаўся Аляксей i шчыра прызнаўся:
— Баюся я яе, братачка.
Я зарагатаў:
— Машы? Здзівіў. Ды яна дабрэйшы чалавек.
— Дабрэйшы... Але, знаеш, занадтасвабодалюбівая. Я з такой жонкай не ўжыўся б.
— Значыць, мы розныя.
— У цябе, братачка, іншы характар. Ты церпіш усе яе слоўцы, якімі яна джаліць цябе.
— Мне не балюча. Мне прыемна. I гаюча.
— Прабач, Іванка, але я не сцярпеў бы, каб мая сказала такое. Такім мяне выхавала жыццё. Лічы, што размовы не было.
Але я расказаў пра яе Машы. Яна засмяялася:
— Нічога я не казала пра ix адносіны. I ў што-што, але ў чужое жыццё ніколі не лезла i не лезу. Аднойчы, праўда, вырвалася, калі Ніна прыйшла на кухню са слязьмі: «Не будзьце вы авечкай, Ніна Ульянаўна!» Ён, відаць, пачуў.
Читать дальше