Так Маша ўплывала на іншых. I на Кулакоўскага ў тым ліку; ён прыкметна змяніўся ў сваіх адносінах з Нінай. На лепшае.
Аляксей моцна здзівіў, калі праз год гарсавет выдзеліў мне асобную трохпакаёвую кватэру.
— А я супраць! — сказаў ён за вячэрнім чаем, які мы часта пілі разам у больш прасторным, чым нашы пакоі, калідоры. — Я прывык да вас, прырос душой, i ні з кім больш жыць не жадаю.
— У табе гаворыць зайздрасць, — жорстка ўпікнуў я. — Але ты забываеш, што ў нас трое дзяцей.
Гэта яго ўтаймавала, бо зайздрасць, напэўна, была. Мне ў тым годзе прысудзілі Сталінскую прэмію за «Глыбокую плынь». Прэмія ўзняла мяне, вывела ў рады саюзных пісьменнікаў, бо прэміі мелі толькі Броўка, Танк, Куляшоў, нават Лынькоў не меў.
А за год да новай кватэры, 8 верасня 1950 года, менш як праз два гады пасля Танечкі, у нас нарадзіўся сын Саша, наша радасць i наш найбольшы ў жыцці боль. Само яго нараджэнне прынесла бяду: у раддоме Машы занеся! інфекцыю, i яна тыдні два знаходзілася ў крытычным стане: ляжала ł тэмпературай 40. Які жахлівы страх я перажыу! Страціць Машу — о Божа! Застацца ўдаўцом, маючы траіх дзяцей! Больш цяжкага лесу немагчыма ўявіць. Ды Бог быў літасцівы да Машы, да дзяцей, да мяне. Праз месяц я прывёз яе ў два цесныя пакойчыкі. Цяжка паднімалася тройчы маці на пяты паверх. Прыйшлося шукаць хатнюю работніцу. Між іншым, Кулакоўскія ўжо мелі яе: шляхціц Аляксей Міхайлавіч трымаўся дамастроеўскіх прынцыпаў, але цягнуўся за багатымі — тады работніцы былі ў модзе.
Маша да канца жыцця здзіўлялася, як мы, сем чалавек, размяшчаліся на 24 метрах (з той вясны ў нас жыла сястра Машы Клава, студэнтка медінстытута). I ў Кулакоўскага было ўжо двое дзяцей. Да таго ж часта начавалі сваякі i землякі Аляксея — старобінцы, у гэтым сэнсе ён быў надзвычай дэмакратычны. Вось так i жылі! I я пісаў «У добры час». Кулакоўскі хоць меў кабінет у Прэзідыуме, дзе мог схавацца ад тлуму i шуму.
Асобная кватэра для сям'і, тым больш для такой сям'і, можна лічыць, шматдзетнай — вялікае шчасце. Толькі апынуўшыся ў ёй, мы адчулі гэта. Маша адчула. I я. У яе мелася кухня, дзе яна была поўнай гаспадыняй: што хачу, тое i раблю. Была спальня, прасторная i ціхая — у двор, дзе яна размясцілася з малымі — Таняй i Сашам. A ў мяне — кабінет, дзе я i пісаў позна ўначы, i спаў. Праўда, у кабінет мой зазіралі з вуліцы прахожыя — першы ж паверх, якраз насупраць увахода ў клуб Міністэрства унутраных спраў. Упершыню мы набылі прыстойную — для таго часу — мэблю. Грувасткая, праўда. Шафа для адзення — дубовы кантэйнер, які пераставіць з месца на месца маглі чацвёра дужых хлопцаў, не менш.
Трое дзяцей, муж, дабрабыт на сярэднім узроўні — чаго табе хочацца, жанчына? Вары абеды, гадуй дзяцей. Не, Машу гэта не задавальняла. З пераезду ў Мінск яна марыла аб вучобе, мара яе — медінстытут. Але не было там ні завочнага, ні вячэрняга аддзяленняў. Вучоба Клавы паказала, якая ў будучых урачоў нагрузка.
Пайсці на стацыянар, маючы траіх дзяцей, — пра гэта i думаць нельга было. На гэта мог падбіваць толькі гумарыст Макаёнак:
— Адкалі такі нумар. Няхай пузаты празаік паняньчыцца з дзяцьмі.
I Маша адкалола. Нельга ў медыцынскі — пайду ў педагагічны! Там мелася вячэрняе аддзяленне. Яна магла б вытрымаць i хімію, i фізіку. Але яна разумела, які памочнік трэба мне: філолаг! Маючы грудное дзіця (усіх дзяцей яна карміла грудзямі самае малое год), Маша пачала рыхтавацца ў інстытут. Выдатна вытрымала прыёмныя экзамены i ў 1952 годзе стала студэнткай педінстытута. На заняткі хадзіла як на свята, хоць нямала i прапускала — хварэлі дзеці, хатняя работніца, сялянка, так, як маці, дагледзець не магла. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, вучылася адменна, здзіўлялася, што маладыя яе каляжанкі — такія гультайкі, элементарных заданняў не выконваюць. Я пазнаёміўся з некаторымі яе выкладчыкамі, i ўсе яны у адзін голас гаварылі пра студэнтку, маці траіх дзяцей, з захапленнем. У той жа прыкладна час я набыў першую пішучую машынку, i Маша хутка асвоіла яе. Я, між іншым, маючы сваю машыністку пад рукой, так i не навучыўся друкаваць на машынцы. Усё жыццё я пісаў ад рукі, а Маша перадрукоўвала. A пісаў я, паўтару, шмат. Акрамя раманаў, аповесцяў, я ў тыя гады выдаваў безліч публіцыстыкі. Кожная газета лічыла, каб пад свята, знамянальную падзею выступіў вядомы пісьменніклаўрэат. Броўка, Куляшоў, Танк не любілі журналістыкі i пры звароце да ix адрасоўвалі рэдактараў да маладога Шамякіна. Між іншым, другі малады лаўрэат Янка Брыль таксама ўмеў адхрысціцца ад газет, яму лягчэй — ён беспартыйны, а пры размове са мной націскалі на партыйнае сумленне, на партыйны абавязак: «Каму ж i пісаць, як не вам!» Калі выйшаў у наш ужо час шасцітомны бібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі», я сам здзівіўся, колькі там маіх публіцыстычных артыкулаў, прытым не толькі ў нашых газетах, але ў маскоўскіх, украінскіх, малдаўскіх, армянскіх... Зараз шкадую, што столькі траціў энергіі, часу на пустую справу. Але ці варта шкадаваць працу маладосці? Пішу, каб сказаць, як шмат Машы прыйшлося перадрукоўваць. Цяпер ўжо i падлічыць немагчыма, колькі мільёнаў літар адстукалі яе пальчыкі, якія ўсё ўмелі рабіць, i рабілі акуратна, чынна.
Читать дальше