Ужо праз год мелі нядрэнныя вынікі, якімі Кузьма не пахваляўся перад начальствам; слава яму не патрэбна — быў бы хлеб. Аўтарытэт Ігнатаў асабліва падскочыў у вачах Кузьмы, інтэлігентных вяскоўцаў, калі ён надрукаваў у цэнтральнай газеце артыкул пра вопыт працы — не сваёй, перш-наперш старшынёвай, перадавых паляводаў. Кузьма, хоць i парадаваўся ўпотай, доўга крактаў, круціў галавой, стагнаў:
— Не трэба хваліцца, дарагі Ігнат Андрэевіч. Не трэба. Падвядзём мы сябе пад манастыр. Адзін год паспрыяў, a другі можа i засушыць. На нас пальцамі будуць паказваць.
Такое стаўленне старшыні трохі затармазіла журналісцкую працу агранома. Не, пісаць ён не кінуў, але больш — у цыратавы партфель, зрэдку друкаваўся ў спецыяльных выданнях, якія не даходзілі да калгаса. Прысылалі яму экзэмпляр, i ён нікому не паказваў.
Па характары Ігнат быў чалавек кампанейскі, вясёлы. У гулянкі з выпіўкай не ўлазіў, але моладзі не цураўся. Не прапускаў вечарынкі, танцы. A хлопцаў яго ўзросту — колькі ix было ў той час! I дзяўчаты, асабліва тыя, да якіх набліжалася ганебнае i злое вызначэнне «векавухі», рвалі агранома на часткі, на танцах выхоплівалі адна ў адной з рук. Настаўніца Ніна Іванаўна стварыла ў школе драматычны гурток i запрасіла яго. Ix ужо бадай пажанілі. Але Ігнат любіў спевы, а таму перайшоў у іншы самадзейны калектыў пры калгасным клубе — у народны хор, якім кіравала настаўніца-пенсіянерка — з тых бабуль, якія ўсё ўмелі i неслі ў сяло культуру; такіх нямала было да вайны i чамусьці мала засталося. Пасляваенныя высокаадукаваныя выпускніцы інстытутаў таго не ўмелі, што ўмелі тыя, хто канчаў тэхнікум ці нават яшчэ рабфак. Не ўмелі ці не хацелі? Не мелі стымулу? Толькі трохі пазней, кал i пабагацелі i дзяржава праявіла ўвагу, народная творчасць на сяле пачала ажываць.
Сталы, разважлівы Кузьма, які ці крануў хоць адну жанчыну, акрамя жонкі (яго так i называлі — Правільны), быў прыкладам: сем'янін, чацвёра дзяцей, аднаго займеў, калі быў у партызанах; маглі вастрасловы i пакпіць, але хлопец, вучань ужо, быў, як кажуць, выліты бацька — рыжы, кірпаносы, з характэрным прыжмурам вачэй. I быў у Кузьмы, акрамя спраў гаспадарскіх, яшчэ адзін вялікі клопат: ажаніць усіх хлопцаў, усіх удаўцоў. Ca шкадаваннем, з болем казаў:
— Мала ix засталося, хлопцаў. Пабрала вайна. А нявест — вунь колькі! Ім раджаць трэба, папаўняць страты. А таму задача наша: аб'явіць вайну халасцякам, якія без карысці трацяць свае сілы.
Зводзіў маладых, спрыяў усяляк, як толькі заўважаў узаемныя сімпатыі. Сватаў. Ледзьве не на кожным вяселлі сватам быў.
Ігнатава з'яўленне не столькі парадавала Кузьму тым, што калгас набыў вучонага агранома, колькі тым, што набылі яшчэ аднаго хлопца, жаніха. I якога! Дай Бог кожнай жанчыне. I старшыня ці не з першага дня пачаў падбіраць аграному нявесту. Ігнату даводзіў:
— Сям'ёй табе трэба абзавесціся, Андрэевіч. Халасцяк — што гэта за чалавек? Пасвістаў — i нікому ніякай карысці. Жанаты — гэта чалавек! Тварэц! Аснова дзяржавы. Само жыццё — жонка, дзеці — вымушае яго працаваць з найбольшай аддачай.
Парадаваўся, што Ігнат кампанейскі хлопец, ніводнай гулянкі не мінае. Але i заклапаціўся: кожны вечар праводзіць новую дзяўчыну. Дзве пабіліся ўжо з-за яго. Ці не ветрагон, скакун? Такога нялёгка ажаніць. Папярэдзіў па-бацькоўску:
— Ты аграном, трымай аўтарытэт. Ён у цябе павінен быць высокі.
— А чым я зніжаю яго? П'ю? Гуляю?
— Што не п'еш — за гэта медаль табе варта павесіць. А гуляць... Гуляеш. I гуляй на здароўе. Але не зацягвай халасцяцкае гулянне. Не кружы дзяўчатам галавы. А то яны табе цёмную зробяць. Выберы адну. I не цягні, не муч дзяўчыну. Чалавек тады чалавек, калі ў яго дзеці. Дзяржаве людзі трэба.
Пра сям'ю Ігнат сам думаў: узрост — дваццаць сем гадоў; у ix вёсцы да вайны такіх перастаркамі называлі; пасля перажытага адчуваў сябе дзедам: партызанскія сцежкі, франтавыя дарогі, студэнцкі інтэрнат. I што? Адны танцулькі? Нідзе не сустрэлася тая, без якой не ўяўляў жыццё. А Кузьма мае рацыю са сваёй прымітыўнай палітграматай: сям'я — пярвічная ячэйка дзяржавы.
Марыну не адразу ўгледзеў, хоць разоў колькі танцаваў з ёй. Інакш, чым у вячэрнім змроку, убачыў яе на ферме, дзе яна рабіла даяркай. Белы халат, зялёная касынка, з-пад якой выбіваліся каштанавыя валасы. Вочы карыя, у ix як бы адбіваўся ўвесь свет i яе здзіўленне гэтым вялікім светам, рэдкія вяснушкі на мяккім, шырокім, што поўны месяц, твары, вусны — як нафарбаваныя, хоць не ведалі губной памады.
Читать дальше