Крызіс ужо мінуў, я ачуняў i, можна ўявіць, як узрадаваўся, калі ў палату ўвайшла яна, мая жонка. Так з гонарам i прадстаўляю яе суседзям:
— Мая жонка.
Сядзела яна доўга, пакуль хтосьці з былых аднакурсніц, з-за ганебнай зайздрасці, не данёс галоўнаму ўрачу Басі Ісакаўне. Тая накрычала на палатную сястру, на наведвальніцу, адабрала халат. Але яна выкладала ў тэхнікуме, вяла практыку, помніла лепшую студэнтку і, выслухаўшы яе споведзь, дазволіла пасядзець яшчэ.
Маша не сказала мне, што паедзе ў той жа вечар i зноў будзе ісці ад Рэчыцы да Артукоў усю ноч, каб заўтра быць на працы, не трапіць пад суд. Во жыццё было!
У Беластоку я тры месяцы карміў клапоў на кватэры ў нейкай збяднелай ушчэнт рускай дваранкі, бабулі з вывіхамі: то яна расказвала, як прыгожа жыла да «бальшавіцкага перавароту», то замыкалася i падазрона сачыла за намі: ці не маем мы намер загнаць яе ў Сібір? Можа, дзеля аховы яна пусціла ў цесную кватэрку — два маленькія пакойчыкі — двух «бальшавікоў»; напарнікам маім быў нейкі, бадай, такі ж падазроны, як бабуля, бухгалтар-ленінградзец.
У райпрамкамбінаце, дзе я служыў, мясцовыя полькі i яўрэйкі любілі мяне: пан гжэчны, далікатны, ветлівы; начальнік, адстаўны вайсковец, магчыма, з НКУС, ганяў ix часам да непрыстойнасці груба. Мяне не любіў, раўнаваў, казаў: «Што ты, камсамолец, падлізваешся да гэтых панскіх курваў? Дай ім уладу — яны нам з табой вочы выкалюць».
Не падобныя былі жанчыны, дзяўчаткі на крыважэрных: вельмі паслужлівыя, чаем нас паілі, мяне i начальніка; пячэнне ix ён еў з задавальненнем, не баяўся, што атруцяць.
У прамкамбінаце, акрамя іншых дробных фабрычак, майстэрняў, было добрыя дзесяткі два цагляных i чарапічных заводзікаў. Мая сфера, я вёў ix. На «заводы» гэтыя ганяў мяне начальнік у камандзіроўкі. Там я карміў блох, начаваў у хлявах. Гаспадары нацыяналізаваных прадпрыемстваў нярэдка адносіліся да ўсходніка адкрыта варожа, рэдка хто запрашаў павячэраць. Кантралёр з мяне быў ніякі, звесткі аб прадукцыі мне давалі ліпавыя, начальнік мой разумеў гэта i чырванеў ад гневу:
— Гаўно ты, а не савецкі работнік!
Такую праўду я не мог аспрэчыць. I кінуць працу нельга — засудзяць, закон бязлітасны. Ды i выехаць нельга без дазволу арганізацыі: на былой мяжы існаваў прапускны рэжым. Было адно збаўленне: прызыў у Чырвоную Армію. I я марыў аб гэтым шчасці. Кажу гэта без іроніі: служба ў арміі — ганаровы абавязак. Так мы былі выхаваны, абаронцы Радзімы. Аднаго не магу дагэтуль уцяміць, i ніхто не мог растлумачыць мне, чаму тысячы маладых людзей, накіраваных у Заходнія Беларусь i Украіну, павінны былі для прызыву вярнуцца ў ваенкаматы, дзе першапачаткова прыпісаны: прызыўнікоў не знімалі з уліку. Але для мяне гэта была радасць — ехаць дадому.
Абвясцілі прызыў — i на чыгунцы тварылася стоўпатварэнне. На «Гродна — Мінск» білета не ўзяў. Па падказцы свайго начальніка, які стаў добрым, паехаў праз Брэст. Уначы перад Брэстам пагранічнікі знялі з поезда вялікую групу, у якой нямала было i жанчын. Ноч трымалі ў нейкай адрыне. На другі дзень прызыўнікоў пасадзілі-такі ў поезд у патрэбным нам напрамку — на ўсход.
Прайшоў у Гомелі камісію: прыгодны, чакай накіравання ў часць. Дзе жывеш? Даў Машын адрас. Але зазірнуў у лес да бацькоў. I тут прызнаўся ўрэшце, што ажаніўся, трэба ж вытлумачыць свой ад'езд на другі ж дзень. Ашаламіў маці. А бацька зрэагаваў крута:
— Толькі дуракі жэняцца перад арміяй.
Я — дурань. Але шчаслівы. Дзён дзесяць, да прыходу павесткі, жыў з Машай, як з жонкай, не тоячыся. Дні горкай радасці. Мы марылі пра дзіця, якое назаўсёды звязала б нас. Цяпер i Маша хацела дзіця. Але неаднойчы ў яе вырываўся крык душы:
— Божа мой! Тры гады! Народзіцца i вырасце наш сын...
— Дачка, — чамусьці мне хацелася дзяўчынку.
— Няхай будзе дачка. Хіба не ўсё роўна!
У «Непаўторнай вясне» з фактаграфічнай дакладнасцю напісана наша развітанне. Маша вяла мяне па рэчыцкай дарозе кіламетраў пяць; шмат разоў я прасіў яе вярнуцца.
— Далека ж... Дзе тая Рэчыца!
— А табе блізка? Я нярэдка за дзень у тры вёскі наведваюся.
Мы трымалі адзін аднаго ў абдымках, не маючы сілы адарвацца. Нарэшце Маша як бы адпіхнула мяне i хутка пайшла назад. А я стаяў i глядзеў ёй услед, чакаючы, калі яна азірнецца. Яна азірнулася далека, на ўзгорку. Праз пяць гадоў растлумачыла:
— Не магла, бо плакала, не хацела, каб ты бачыў мае слёзы.
Прыгадаю адзін яе горкі расказ, які па вядомых прычынах не трапіў у аповесць. Яна расказала: тыдні два назад вярнуўся зволены з арміі чырвонаармеец, а месяц назад выйшаў загад: звальняецца ў сваім адзенні, свайго яму не выслалі, бо сям'я нічога не мела, прыехаў у паношаным да дзірак армейскім, a пазаўчора прыехалі з ваенкамата i забралі армейскае, a ў хлопца i штаноў няма, i ботаў, ляжыць на печы.
Читать дальше