— Пятро Пятровіч, а сумленне вас не грызе, што вы з прававернага камуніста так хутка перарабіліся ў перакананага капіталіста?
— Не грызе. Калі тыя, хто кіруюць дзяржавамі, уласнымі мільярдамі варочаюць, то што застаецца нам, грэшнікам? Каціцца ў кювет, у канаву? А я не хачу! Я сам яшчэ хачу жыць i пра дзяцей сваіх i ўнукаў думаю. Я пляшкі ўбачыў, i мне захацелася выпіць.
— Добра. Усе прымуць вашу філасофію. А хто будзе думаць пра бедных?
— Мы вас выбралі — вы i думайце, — Мудронаму яўна не хацелася працягваць дыскусію.
— Думаю, Пятро Пятровіч. Але з чаго памагчы? Усё расхапалі. Калі яшчэ i зямлю прадамо, то ні адзін прэзідэнт, ні адзін губернатар не накорміць народ.
Падбярозскі расстаўляў закусь, але i сачыў за размовай:
— Таварышы! Панове! Сябры мае! Давайце выкінем палітыку за акно. Кажуць, італьянцы ў навагоднюю ноч увесь хлам выкідаюць. Мудра. Хіба не так, пан Мудроны? Палітыка — хлам. Уся наша бяда ў тым, што мы запалітызаваны, як ніхто ў свеце.
— Думаеш, дзе-небудзь жывуць без палітыкі? Простаму люду, напрыклад, на Захадзе, да лямпачкі парламент, прэзідэнт, пакуль якая-небудзь палітычная акцыя не ўдарыць па кішэні. Вось тады яны выходзяць на вуліцу, патрабуюць замяніць урад. Быў я ў Францыі, Італіі. У нас любы бомж ведае пра палітыку больш, чым ix рабочы, які едзе на работу на ўласным аўтамабілі. Во калі заўтра падаражае бензін — тады на гэтую палітыку ён адгукнецца...
— Умеюць i там бунтаваць. Рэвалюцыі пачыналіся ў Францыі. У нас яны скончыліся, — глыбакадумна заключыў Мудроны.
— Вы думаеце, скончыліся? — запярэчыў Вікенцій Паўлавіч. — A па-мойму, сапраўды вялікая рэвалюцыя яшчэ наперадзе.
— Не палохай нас, пан губернатар! — гукнуў Іван Залоза.
— Ужо пара да стала! Вікенцій Паўлавіч i Пятро Пятровіч — у мяккія гнёзды, а мы ўжо на калы, як вераб'і, — «калы» — жорсткія крэслы, але з адмысловымі разнымі спінкамі.
— Губернатару — першае слова, — сказаў Мудроны.
— Не, першы скажу я, — Падбярозскі не паспеў яшчэ сесці, схапіў налітую Залозам чарку. — Не на правах гаспадара. Гаспадаром сябе не лічу. Гаспадар тут Вікенцій Паўлавіч...
Залоза, заплюшчыўшы адно вока, даў банкіру зразумець: перабор.
— Не, Іван, не перабор. Гаспадар той, каго выбраў народ. I мы яго служачыя...
— Народа, — удакладніў Вікенцій Паўлавіч.
— Так, у высокім сэнсе — народа. A ў чыноўніцкай субардынацыі — таго, хто намі кіруе. Але не збівайце мяне. Я ўмею лічыць грошы, але не вялікі мастак гаварыць.
«Грошы ты добра лічыш. У сваёй кішэні!» — падумаў губернатар, i яго раптам апанавала злосць на сябе: з-за цікаўнасці ён прыняў запрашэнне i вымушаны выслухоўваць падхалімскія словы .
— А сказаць мне хочацца. Мы канчаем год. Знамянальны год, для нас — асабліва. Мы ўсенародна выбралі губернатара. Старое слова гэтае гучыць па-новаму, бо змяніўся яго сэнс. I я ганаруся, што меў дачыненне да выбараў, памог ім чым мог.
«У першую чаргу сабе ты памагаў», — Вікенцій Паўлавіч пасміхнуўся няпэўнай усмешкай, якую Падбярозскі, відаць, прыняў за выяўленне ўдзячнасці. Ён натхніўся. Але яго ўздым сапсаваў Залоза.
— Андрэй! Не сушы нашы душы.
— Іван! Яна ў цябе даўно засохла, калі ты не разумеет важнасць моманта — што пад Новы год мы сабраліся сваёй кампаніяй — усе, хто даваў клятву вернасці, хто цягнуў выбары...
— Я не цягнуў. Я — канкурэнт, — сказаў Мудроны.
— Вы, Пятро Пятровіч, зрабілі больш за ўсіх нас, зняўшы сваю кандыдатуру.
— Усё роўна народ падтрымаў бы Вікенція Паўлавіча! — сказаў Палавінка.
— Правільна, Міхаіл Фадзеевіч. Всь пра гэта я i хачу сказаць.
— Андрэй, злітуйся. Абвяшчай тост!
— А тост можа быць толькі адзін. За нашага губернатара!
— Во гэта слова банкіра! Адчаканіў, што залатую манету. За губернатара!
— Давайце вып'ем за год, які мы канчаем далека не бліскуча, але, дзякуй Богу, не з горшымі вынікамі, чым былі да нас.
— За год, Вікенцій, мы вып'ем. А цяпер — за цябе, — падкрэсліў сваю блізкасць Залоза, здзівіўшы Мудронага, i першы звонка чокнуўся з губернатарам.
Выпілі i за год стары, i за год новы, i за ветэрана — чалавека з прозвішчам, якое найлепшым чынам характарызуе яго. I Мудроны ўзрадаваўся, што дзіця, пахвале сваім заслугам — мінулым ці сучасным? Залоза яўна меў на ўвазе новыя заслугі прэзідэнта фірмы. А губернатар думаў, што ні ў пісьме ананіма, ні ў акце Калінкі Мудроны не праходзіць, значыцца, звязаны з гэтай падазронай кампаніяй нечым іншым.
«Але ж пэўна звязаны, калі запрошаны на такую надзвычайную сустрэчу. «Гістарычную», — сказаўбанкір. — Што ж, будзем лічыць яе сапраўды гістарычнай. Аледлякаго?»
Читать дальше