— Я табе зараз выкажу запрашэнне. Але ты дай абяцанне, што не здзівішся i не адмовішся.
— Як я дам абяцанне, калі не знаю, куды ты запросіш. A калі на гільяціну?
— Не бойся. Блізкаму чалавеку галаву не адсякаюць.
— Яшчэ як адсякаюць! Кажуць, ёсць малітва: Божа, пазбаў мяне ад сяброў, а з ворагамі я сам спраўлюся. Дык куды ты хочаш запрасіць мяне? Новы год я сустракаю ў сям'і. Да нас сваты прыедуць, твае дваюрадныя...
— Шампанскае будзеш піць дома. Мы, твая баявая каманда, вырашылі сабрацца разам... пасля выбараў не збіраліся. Недаравальна. А год быў удалым. Ёсць што ўспомніць. Усе мы разам з табой пераможцы, што там пра нас не пісалі б ананімы. Збяромся келійна, але не як змоўшчыкі — як пераможцы. Андрэй запрашае ў свой кабінет... Пасядзім, успомнім паходы, даўнія i блізкія. Калі зуб у каго ці на каго — вырвем зуб. Свае людзі! Клятву давалі...
Вікенцій Паўлавіч быў ашаломлены: запрашае Падбярозскі? З якой мэтай? Хоць Івона i не паказала яму акт праверкі, але аб выніках ён не можа не здагадвацца. На што ж разлічвае банкір? Улагодзіць яго, губернатара? Даць пераканаўчыя тлумачэнні ў вузкім коле сяброў, аднадумцаў? Можа, пакаяцца пры сведках? «Выходзіць, i я яго аднадумец? Радуйся, Віця. У гжэчнай кампаніі будзеш каштаваць заморскія віны. Аднак што рабіць? Адмовіцца катэгарычна? У адзін раз парваць усё, што звязвала нас? I адразу выдаць сваю падазронасць? Прынцыпова, але груба. Праціўніка трэба вывучаць, а тым больш тых, каго да ўчарашняга дня лічыў сваімі сябрамі, паплечнікамі, памочнікамі. A людзі гэта недурныя. Вельмі ж цікава, які будзе ix ход. Адмовіцца ад такога псіхалагічнага эксперымента было б , проста недаравальна».
— Хто там будзе?
— Як кажуць палякі, кампанія невелька, але пажондна. Нумар першы — ты. Хачу быць другім. Але аддаю месца гаспадару, ён — банкір. Палавінка. Мудроны.
— А ён якое мае дачыненне?
— Ён наш. Гэта па нашай падказцы ён зняў сваю кандыдатуру i расчысціў завалы на дарозе.
— Ты мне адкрываеш такія тайны праз паўгода? Чаму тады маўчалі?
— Бо ведалі твой характар. Баяліся, што ты мог нешта выкінуць.
— Уяўляеш, як мне хочацца вас назваць, мае верный памочнікі?
— Называй як хочаш, мы не пакрыўдзімся — хоць гаршком, толькі ў печ не стаў.
— Падхалім ты, Іван.
— Падхалім, бо доўга быў акружаны падхалімамі.
— Такога нахабы, як ты, свет не бачыў.
— I не ўбачыць.
Залоза адчуў сваю перамогу i ззяў, што намаслены блінец. Яго ўжо мала хвалявала, што губернатар колькі хвілін ходзіць па прасторным кабінеце, па мяккім дыване яўна ў глыбокай задуме, каб утаймаваць душэўную буру, кідае ўедлівыя рэплікі. Але яны, гэтыя, можа, i непрыемныя словы, якраз i радавалі Івана Яўменавіча, бо ён добра бачыў, адчуваў, што шалі пераважваюць у бок прыняцця запрашэння.
— Службовую машыну адпускай. Паедзем на маёй. Я сам за рулём.
— Пасля стала за руль?
— Выклічам дзяжурную. А то i пехатой пройдзем, падыхаем пераднавагоднім паветрам. З Міхаілам i ca мной нічога не бойся.
— Нашто цяпер ахова?
— Не іграй героя. Нікому гэта не патрэбна. Рвуць i страляюць ад Брэста да Сахаліна.
— У нас, дзякуй Богу, ціха.
— Ціха, ціха... Не наклікай ліха! Давай збірайся, зачыняй сейф. А я праверу сігналізацыю. У навагоднюю ноч ахова будзе звышпільная. Каб ніякіх нечаканасцей.
У кабінеце Падбярозскага крэслы стаялі вакол невялікага журнальнага століка ў глухім куце паміж вялізным сейфам i старой адмысловай шафай.
Гаспадар насіў з халадзільніка, які стаяў у прыёмнай, ікру, белую рыбу, салаты, памідоры, вяндліну, сялянскае сала...
Вікенцій Паўлавіч не абедаў — пакідаў «ёмкасць» на навагодні стол, а таму зараз у яго разгарэўся апетыт. Падбярозскаму памагаў Іван. Палавінка адкаркоўваў бутэлькі; адкрыўшы «Напалеон», употай зрабіў дэгустацыю.
Вікенцій Паўлавіч не стрымаўся — пажартаваў:
— Міхаіл! Правяраеш, ці не атручана?
Палавінка не збянтэжыўся.
— Гэта ўжо рэфлекс, Вікенцій Паўлавіч, — усё правяраць.
— Здаровыя ў цябе рэфлексы. Дай Бог кожнаму.
Мудроны засмяяўся. Яны ўдвух стаялі каля стала, не занятыя ніякай працай.
— Пабудзем у стане беспрацоўных, — пажартаваў губернатар. — Як вам жывецца, Пятро Пятровіч?
— Цяжка жывецца, Вікенцій Паўлавіч. Думаў, пайду на пенсію, сяду на дачы, з унукамі буду вазіцца, мемуары пісаць. Дзе там! Сын i зяць запраглі ў фірму. Самі лётаюць па свеце, а бацьку пасадзілі ў канторы: кіруй усімі падраздзяленнямі — вопыт кіраўніцтва маеш. Маю. Але скажу табе: лягчэй было вобласцю кіраваць, там штат быў!.. А тут, лічы, адзін. I вока май пільнае: крадуць! Такія рэспектабельныя людзі, інтэлігенты... толькі міргні — з-пад цябе выцягнуць, штаны здзяруць. Трэба законы, дарагі наш губернатар! Скажы прэзідэнту: трэба законы!
Читать дальше