Меў нялёгкую размову з пракурорам Якавам Талочкам. Атлусцелы, з цяжкай задышкай вартавы законапарадку выціраў пот i ўздыхаў, як апоены конь. Не вельмі нават адбіваўся, ва ўсялякім разе крытыку прымаў, валіў усё на намеснікаў: маладыя гультаі! Калі верыць яго шчырасці, то не вельмі i за сваё высокае крэсла трымаўся, гатовы перайсці на спакайнейшую пасаду, толькі каб не намнога ніжэйшы аклад: сям'ю трэба карміць: позна ажаніўся, дзве дачкі школьніцы яшчэ, а сын — інжынер на заводзе, паўгода зарплаты не мае.
Шкада стала чалавека. Аднак цвёрда вырашаў замяніць на маладзейшага, тым больш што меў кандыдатуру. Працаваў у суседняй вобласці раённым пракурорам яго аднавясковец Алег Пакумека, маладзейшы за яго гадоў на сем. Алег быў з унікальнай, славутай сям'і. У вёсцы з даўніх часоў гаварылі пра гэтую сям'ю, што такіх сумленных людзей не толькі ў ix раёне няма, але, можа, i ва ўсёй Беларусі. Пра ix сумленнасць хадзілі легенды. Быў галодны год, а на гародзе знесла яйка курыца суседкі, i галодныя малыя прынеслі тое яйка цётцы Хадоры. З Маняй Кумекай, Алегавай маці, бабы на калгаснае поле на праполку не хацелі хадзіць: не давала пасядзець лішнія дзесяць мінут. «Бабачкі, пасядзелі — i хопіць, за работу пара, вунь колькі ix, бурачкоў, палоць!» Сярод вяскоўцаў, сталых i малых, была нават гульня: хто ўспомніць хоць адзін выпадай, каб хтось з Кумекаў зманіў, ці нешта стаіў; ніхто не мог успомніць.
I вось чалавека з такой сям'i хацеў узяць губернатар на працу.
Пазваніў генпракурору. Той згадзіўся, што Талочку трэба перамяшчаць. Пакумеку не помніў, але праз тыдзень, навёўшы даведкі, згадзіўся, што кандыдатура добрая.
Калі Вікенцій Паўлавіч сказаў пра гэта Івану, той пазелянеў i пайшоў у наступ, як рабіў гэта нярэдка, карыстаючыся правам сябра:
— Ты што, з глузду з'ехаў? Такімі кадрамі, як Талочка, не раскідваюцца. Гэта зубр! Зубр! I не стары яшчэ! Усё, давай паставім кропку: Талочку не чапаем! А Кумеку свайго вазьмі на горад: Кузьмянёва трэба ў шыю гнаць.
— Чаму табе не падабаецца Кузьмянёў?
— Задавака. Свістун. З сур'ёзнымі людзьмі гаворыць, як з дзецьмі: адзін ён вырас, усе астатнія яшчэ пад стол бегаюць.
— I з табой так гаварыў?
— Паспрабаваў бы! З усіх пракурораў я баюся аднаго — жонкі, — Залоза весела засмяяўся. — Значыцца, дамовіліся? Зубр застанецца ў нашай пушчы.
Вікенцій Паўлавіч уздыхнуў; для Залозы гэта быў знак: кропка пастаўлена.
Але на гэты раз губернатар не скарыўся перад напорыстасцю свайго кіраўніка справамі. Ад Талочкі дамогся заявы аб вызваленні па ўласным жаданні — сам завёз заяву генпракурору. Разам з ім падрыхтавалі праект указа прэзідэнта аб вызваленні Талочкі i аб прызначэнні пракурорам вобласці Пакумекі Алега Піліпавіча. Залоза, прачытаўшы ўказ у газеце, злаваў страшна, якіх толькі слоў не кідаў у адрас сябра. Але прыйшоў да яго ў кабінет — i ні слова аб назначэнні, а Вікенцій Паўлавіч чакаў грому i маланкі. «Няўжо не прачытаў? »
Ды не, Залоза ведаў. Ведаў даўно — ад Талочкі, змешваў таго з гразёй, што ён напісаў па ўласным жаданні: баязлівец, дэзерцір, у кусты хаваецца! Абурэнне сваё губернатару выявіў на гэты раз зусім інакш — паслужбоваму: быў пачцівы, ветлівы, захоўваў субардынацыю: «Ты мяне не слухаеш, i я табе не сябра».
Вікенцій Паўлавіч прачытаў падтэкст; насцярожыўся, але разам з тым бадай весела падумаў: «Пачакай. Заўтра-паслязаўтра я паднясу табе яшчэ адзін сюрпрыз».
Рабіла ў апараце выканкама намесніцай начальніка фінансавага ўпраўлення жанчына з ласкавым прозвішчам Калінка. Сумленнасць мела Івона Багданаўна кумекаўскую, характер — незвычайны па прынцыповасці i смеласці. Многія лічылі яе склочнай, няўжыўчывай, сварлівай. Не ў кабінеце, не ў жаночай прыбіральні, а на любой высокай нарадзе яна магла разнесці ўшчэнт кіраўніка любога ранга — ад свайго начальніка да губернатара. У кіраўніка справамі былі з Івонай складаныя адносіны. Іван колькі разоў падгаворваў губернатара вызваліцца ад яе.
I таму назначэнне Калінкі старшынёй народнага кантроля ашаламіла Залозу. А тое, што сябра зноў не параіўся з ім, спалохала. Каб насаліць Вікенцію, напісаў заяву «па ўласным жаданні». Але хутка астыў, падумаў са злосцю, што губернатар толькі гэтага i чакае. Дык не дачакаецца! Здзівіў Вікенція тым, што нават не заікаўся пра гэтае сенсацыйнае назначэнне.
Таго пісьма Калінцы не паказаў. I пра Залозу, якому адводзілася ў пісьме нямала месца, ні слова не сказаў. Гаварыў толькі пра тое, што да яго даходзяць нараканні на банк i канкрэтна — на яго ўпраўляючага Падбярозскага. Івона Багданаўна расказала яму пра банк, а ведала яна многа. Выходзіць, усё фінансавае ўпраўленне валодае фактамі. I маўчаць? Чаму маўчаць? Вікенція Паўлавіча гэта ўзлавала. Папракнуў Івону:
Читать дальше