— На пенсію разам пойдзем. I разам будзем смяяцца.
— Змрочна жартуеш, Віця: у сорак тры на пенсію. Пенсіянеры не смяюцца.
— Яшчэ як смяюцца. Анекдоты ў газеты прысылаюць выключна пенсіянеры. Спытай у рэдактара.
Іван выскачыў у прыёмную вясёленькім, нават Ганна не часта бачыла яго такім, хіба на добрым падпіцці. Сумна падумала: «Пераканаў Вікенція. Гэты сатана любога ачаруе, заварожыць».
— Зрабі, Анюта, копію гэтага гістарычнага дакумента, буду ўнукам паказваць. Прыклад чалавечай няўдзячнасці: як святога чалавека могуць зрабіць злодзеем. Шчасце наша з табой, Аня, што губернатар разумны чалавек. Слава яму!
A між тым губернатар быў моцна ўзрушаны. Пры кіраўніку справамі не паказаў сваёй узрушанасці. А калі Залоза выйшаў, усхвалявана падняўся, прайшоўся па кабінеце, задумліва пастаяў каля акна, гледзячы на пустую плошчу. Сцямнела. Ішоў дождж са снегам. Ён сапраўды не верыў, не хацеў верыць таму, што ў пісьме. Страшна расчаравацца ў блізкім чалавеку. Але разам з тым не адмаўляў старое народнае прыслоўе: не бывае дыму без агня. Ды i раней даходзілі, глуха, праўда, чуткі пра банкаўскія махінацыі.
Узнікла безліч пытанняў. Ганна... Як пісьмо апынулася ў Івана? Ён кажа: пры ім раскрывала, i ён заглянуў, убачыў сваё прозвішча. Як яна магла не выканаць патрабаванне кіраўніка справамі паказаць яму? Няма такой інструкцыі ні пісьмовай, ні вуснай, праз яго ідзе сакрэтная перапіска. Усё так. Акрамя дробязі: пошта, акрамя спецыяльнай, ніколі не прыходзіць у канцы дня. Значыцца, Ганна паказала пісьмо раніцою Залозе першаму. I не сказала на працягу дня свайму непасрэднаму кіраўніку. Чаму? Пабаялася, бо пісьмо захапіў Іван, цэлы дзень вывучаў, выпрацоўваў тактыку. I выпрацаваў... Ход нечаканы i смелы. На што разлічваў? Ашаламіць губернатара. Паказаць, што ніякіх даносаў не баіцца, бо не адчувае за сабой ніякай віны.
«Ой, ці так, Іване? А можна ж прачытаць тваё залішне смелае дзеянне інакш: спалохаўся ты, моцна спалохаўся. I акрамя выкліка: «Нікога не баюся! Чысты я i бязгрэшны, што дзіця!» — было жаданне, народжанае страхам: найхутчэй паглядзець на маю рэакцыю. Чакаў, што я паляпаю па плячы: «Нічога, Ваня, не бойся! Я веру табе, як самому сабе». Я сказаў, што веру яму. Але па плячы не паляпаў. Я сказаў, што мяне трывожаць такія пісьмы. Ix было нямала. Не пра цябе — пра раённых, гарадскіх кіраўнікоў. I пра Падбярозскага было. Карупцыя праела людзей, што іржа. Што зрабілася з людзьмі? Калі i ты, Іван, туды ж — літасці ад мяне не чакай. Твае дзеянні з кватэрай, з вяселлем мне не спадабаліся. Я даў табе па носе. Але то была сяброўская пстрычка. Калі ж хоць частка фактаў гэтага пісьма пацвердзіцца, я не пстрычку табе дам, а садану з усёй сілы».
Адарваўся ад акна. Зноў пахадзіў па кабінеце. У прыёмнай стукала машынка, як сігнал: «Я тут», хаця рабочы дзень даўно скончыўся.
Раней ён нярэдка сам выходзіў у прыёмную ўзяць патрэбную паперу. Прыемна было лішні раз паглядзець на сваю эфектную каханку, ад якой патыхала дарагімі духамі i... заклікам. Калі ў прыёмнай нікога не было, дакранаўся да яе пляча, рукі i такім чынам «заводзіў» сябе на вячэрні сеанс.
Пасля сынавага вяселля, пасля таго як у царкве перад іканастасам, перад маладымі i Машай даў сабе абет, ён стаў баяцца Ганны, пазбягаў заставацца з ёй адзін на адзін, бо ведаў, што немінуча прыйдзецца тлумачыць свае паводзіны. А гэта, разумеў, вельмі i вельмі нялёгка.
У прыёмную не выходзіў. У кабінет клікаў па селектары тады, калі там нехта быў. Трэба сказаць, што i яна вытрымлівала характар, не навязвалася, працу пакідала «па званку», перад тым, як пайсці, нязменна пытала па селектары:
— Я вам не трэба, Вікенцій Паўлавіч?
А сёння вось сядзіць. Так доўга робіць копію для Івана? На гэта хопіць адной хвіліны. Самаго Івана не чуваць — падыходзіў да дзвярэй, слухаў: толькі стук машынкі.
Але чаму не нясе пісьмо? Трэба прачытаць яго яшчэ раз. Удумліва, у адзіноце, пры такім чытанні можна вычытаць не толькі тое, што начыркана шарыкавай ручкай, але i тое, што стоена паміж радкамі. Папрасіў па селектары:
— Ганна Фядосаўна, дайце мне гэтае пісьмо. Пачуў, як яна падскочыла ад машынкі — ажно грукнула крэслам. Але пісьмо не прынесла ў той жа міг, вытрымала колькі хвілін.
Пачціва, як новенькая супрацоўніца, палажыла на стол зялёную папку з грыфам «На подпіс».
— I што мне падпісаць? — усміхнуўся Вікенцій Паўлавіч. — Як у добрую даўнасць прапісаў бы я чыноўніку Залозе штук трыццаць губернатарскіх бізуноў. Крадзі ў меру!
Читать дальше