Стары прыйшоў у панядзелак. Ветліва растлумачыу:
— У мяне не асабістая просьба. У мяне — дзяржаўная справа. Хачу засцерагчы старшыню ад сур'ёзнай памылкі.
Вікенцій Паўлавіч знаходзіўся ў будынку саветаў, але праводзіў нараду з кіраўнікамі гарадоў i гарадскіх пасёлкаў у зале пасяджэнняў. Нарада зацягнулася.
Стары цярпліва чакаў.
Ганна Фядосаўна пашкадавала яго, растлумачыла, што пасля нарады ў многіх мэраў абавязкова знойдуцца пытанні, якія патрабуюць тэрміновага рашэння тут, у кабінеце.
Стары цяжка паўздыхаў i мусіў пайсці.
I вось ён зноў тут. A Вікенція Паўлавіча няма — у раёне.
— A ў мяне ножкі баляць, каб часта хадзіць. Сёння ліфт не працаваў. Бачу, вы добрая жанчынка. Я вам даручу пісьмо на імя старшыні. Але з адной умовай, i вы паабяцаеце, што выканаеце яе: не распячатваць канверт.
— Мой абавязак — раскрыць. А можа, у канверце — Бог знае што.
— Бомба? Я падобны да тэрарыста? — стары дробненька засмяяўся. — Я, мілая жанчына, якраз ахоўнік парадку... Ну што ж, прыйду яшчэ раз, — i цяжка, з дапамогай кіёчка, падняўся з крэсла.
Ганне стала шкада старога.
— Добра. Абяцаю вам не раскрываць.
Гадзіны дзве трымалася, гатовая выканаць абяцанне. Але жаночая цікаўнасць нарастала: што там? А дадзенае слова яна ніколі цвёрда не трымала. Ганна зачынілася ў кабінеце i не разрэзала канверт, a расклеіла, нагрэўшы над настольнай лямпай.
Пісьмо ашаламіла жанчыну. Сэнс яго: ці ведае губернатар, ці ведае змагар з карупцыяй i махлярствам (так, маўляў, ён кляўся пры выбарах — што прысвеціць усю сваю энергію барацьбе з хабарніцтвам, парушэннем законнасці), што яго акружаюць зладзеі, хапугі, казнакрады? Галоўны сярод ix — Залоза. Прыводзілася некалькі фактаў, якія хабары Іван узяў за адвод зямельных участкаў, за прыватызацыю базы за мізэрную суму. Як разам са сваім сябрам, упраўляючым банкам, яны прысвоілі мільярды рублёў, адпушчаныя мінфінам на падтрымку сельскай гаспадаркі, на ўборку збажыны, бульбы, кармавых, пракруцілі сумы праз банк, працэнты налічылі «Сельгасбуду», праз гэты трэст безнаяўныя грошы ператварылі ў наяўныя, i наяўнасць гэтая паплыла... Каму — няхай разбяруцца рэвізоры, следчыя пракуратуры. У асабістай гутарцы, калі старшыня прыме яго, стары гатовы даказаць дакументальна, што Залоза, Падбярозскі i яшчэ колькі чалавек з ix кампаніі маюць валютныя рахункі ў маскоўскіх i кіеўскіх камерцыйных банках. Не выключаецца, што маюць i ў швейцарскіх, але гэтага ён, выкрывацель, на жаль, даказаць не можа.
Вось такое пісьмо на тры старонкі машынапіснага тэксту.
У першыя хвіліны Ганна Фядосаўна адчула злараднасць: «Я даўно знала, што ты жулік, Ванечка. Ты i мяне хацеў уцягнуць у аферу, шпіёнкай зрабіць. Чаго захацеў! Каб я ўсё даносіла табе — кожнае пісьмо, кожную размову. Не на дурную натрапіў. Ты мог спакусіць мяне, слабая я. Але каб красці разам з табой... Не! Капейкі чужой не прысвоіла». Але тут жа яе апанаваў страх: a калі перадаць Вікенцію — што будзе? Калі дакажуць хоць частку таго, што ў пісьме, — турма Івану. A ў турму яна нікога не хацела садзіць, тым больш свайго былога каханка. Але, пазнаўшы характар губернатара, не сумнявалася: што-што, а такога нахабнага хапання Вікенцій Паўлавіч не толькі сябру не даруе — брату роднаму, сыну. Да турмы, можа, ад дабрыні сваёй i не давядзе, але з працы пагоніць з трэскам ці хутчэй без трэску — ціха. Каб яна была ўпэўнена, што толькі з працы Іван паляціць, пісьмо сёння ж лягло б на губернатарскі стол. Залоза ў якасці непасрэднага начальніка не падабаўся ёй напамінкамі пра мінулую сувязь, беспардонным штурханнем у абдымкі другога мужчыны, быццам яна ўласнасць яго, рабыня, наложніца, патрабаваннем даносіць яму аб усіх дзеяннях, словах, пісьмах Вікенція.
Што ж рабіць? Стаіць пісьмо i ад аднаго, i ад другога? A калі гэты ўпарты стары праб'ецца да губернатара, спытае пра сваё пісьмо?
Прачытала пісьмо яшчэ раз. I раптам заўважыла: не арыгінал — ксеракопія. Не аддаў стары арыгінала. Чаму? Не даверыў? Але калі копія, то ix можа быць колькі трэба.
На сваім ксераксе зрабіла яшчэ дзве копіі.
Два дні вырашала, што рабіць з пісьмом. Рэдка з мужам раілася па службовых справах, а тут не вытрымала — расказала пра пісьмо. Панцелеймон яе — чалавек добры, мяккі, але бесхарактерны. Ён доўга i шумна абураўся:
— Во зладзюга! Во бандзюга! A такі ж прынцыповы быў. А цяпер сам мільярды хапае. Расстраляць мала сукінага сына! Не я пракурор. Я закаціў бы яму...
Але Ганна добра ведала свайго мужа.
Читать дальше