— Ды не, ты яшчэ i рамантыкам бывает. Паэтам.
Здалося, што Маша сказала i пра цярпенне, i пра рамантыку з сарказмам. Насцярожыўся: ці не здагадалася пра яго сувязь з Ганнай? I ўпершыню i менавіта тут, у царкве, перад выявай Хрыста i Багамацеры яму зрабілася сорамна за свой грэх. Упершыню перахрысціўся i папрасіў — не Хрыста... Машу дараваць яму. Жонка здзівілася, што ён хрысціцца. Больш таго, калі маладыя абменьваліся пярсцёнкамі, з вачэй яго пасыпаліся буйныя слёзы. Шукаў хусцінку i не мог знайсці.
Свяшчэннік, віншуючы i настаўляючы маладых, глядзеў не на ix — на яго, бацьку, залітага слязамі.
— Дай мне хусцінку, я забыўся...
Маша глянула на яго i не толькі здзівілася — бадай спалохалася. Ведала: асаблівай сентыментальнасцю муж яе не вызначаўся, на пахаванні маці не заплакаў. Пасміхнулася, даючы насоўку.
— Старэеш, Віця.
— Старэю, Маша.
«Старэю, а па чужых спальнях лажу, як марцовы кот. Усё, завязваю. Калі дэвіз мой — сумленнасць, то сумленнасць павінна быць ва ўсім: у дзяржаўным i асабістым. З людзьмі, з падначаленымі, з жонкай, з дзецьмі».
Тут, у сваім горадзе, Ганна дамовілася з сяброўкай, былой аднакурсніцай, i тая ўступіла ім на вячэрнія гадзіны сваю халасцяцкую аднапакаёўку. Няпроста было пазбавіцца аховы, але чаго не зробіш дзеля жанчыны! На ўсе перасцярогі забываеш, смакуючы ўзнагароду, якую атрымліваеш. A ўзнагарода была вельмі прыемная, Ганна ўмела падарыць незабыўную радасць.
Але тут, у царкве, на вянчанні дзяцей, уся яго рамантычная гісторыя здалася такой бруднай, што ён сам сабе стаў брыдкім. Здалося, што здрадзіў не толькі Машы, руку якой сціскае ўсё мацней, як бы баючыся, што выпусціць — i назаўсёды, a здрадзіў сыну, нявестцы, Тані, людзям, якія спадзяюцца на яго. Мімаволі азірнуўся i здзівіўся, можна сказаць, спалохаўся. Уваходзілі ў царкву — людзей было нямнога, свае. А цяпер невялікая царква прыгараднага сяла была поўная. Гэтыя людзі — яго госці, сваякі нявесты, вяскоўцы i гараджане, старыя i маладыя, нават дзеці.
У фае сталоўкі гасцей сустрэў... Іван Залоза.
Вікенцію Паўлавічу, калі ўбачыў яго, ажно кроў ударыла ў галаву: «А ён як тут апынуўся? Хто яго запрашаў? I чаму з многімі з гасцей, з якімі ён, гаспадар, не паспеў пазнаёміцца, Іван вітаецца, як з добрымі знаёмымі, з некаторымі жанчынамі нават цалуецца?» Адна жанчына пляснула ў далоні, аглядаючы Залозу, як дзіва, i выгукнула:
— A Іваначка! Як жа цябе разнясло! Ці не кавун ты праглынуў? Быў жа што трасціначка, калі бегаў да мяне на спатканне ў Барок.
— Насця! Не выдавай старыя тайны.
Весела рагаталі.
Фантасмагорыя — ды i толькі! I тут Залоза — свой чалавек. Іван усюды свой!
Убачыўшы губернатара, кіраўнік справамі кінуў іншых гасцей i хутка пайшоў насустрач. Працягнуў руку.
— Віншую, Вікенцій Паўлавіч. Ад усяго сэрца.
— А ты як тут?
— Ха! Думаеш, калі ты забыўся пра мяне, то i ўсе забыліся? Не, Івана не забылі. Нявеста — мая племянніца. Дачка дваюраднай сястры.
— Што ж ты маўчаў? — руку падаў. — За віншаванне дзякую.
— Чаму маўчаў? Бо не ведаў, пакуль сястра не прыехала на вяселле запрасіць. Ты бачыш, колькі ix у мяне.
Івана зноў акружылі сваякі. I Вікенцій Паўлавіч ціха выслізнуў з гэтага кола цётак i дзядзькоў. Пайшоў у залу сталоўкі. I зноў быў ашаломлены. На сталах былі закускі, якіх у меню i блізка не было, — ікра чырвоная, сёмга, каўбаса розных гатункаў i іншыя далікатэсы. Іванава карэкціроўка.
«Чорт лысы! Ну, я табе пакажу. Я ўсе гэтыя прысмакі за твой кошт аднясу, — але тут жа зразумеў, што гэта наіўна; Іван, канешне, пашкрабе патыліцу, але ўласнай капейкі не выкладзе, у ягоных руках уся казна губерніі. — Не, з казны ён не стане браць. Ён возьме ў «новых», у банкіраў. I выйдзе, што губернатар за ix кошт гуляў вяселле сына».
Вікенцій Паўлавіч паверыў, што да запрашэння на вяселле Іван не ведаў, што яго племянніца — нявеста губернатарскага сына.
Яму i ў галаву не магло прыйсці, што само вяселле — справа Іванавага практычнага розуму, яго здольнасці да камбінацый, умения з усяго зрабіць палітыку. Праўда, памагла выпадковасць. У час выбараў Залоза спыніўся ў вёсцы ў роднай сястры. I ў першую ж нядзелю, седзячы за сталом, убачыў, што па вуліцы ішоў сын... Вікенція Паўлавіча Толя з дзяўчынай. Во куды занесла яго!
Даведаўшыся, што дзяўчына — яго сваячка, ён імгненна пралічыў камбінацыю.
Тут жа была паклікана маці Лікі Вера Пятроўна, дваюрадная сястра Залозы, такая ж валявая i ўчэпістая, як ён, — парода! Агітаваць яе доўга не трэба было. Якая маці не думае, як выдаць дачку замуж! A калі яшчэ за такога хлопца! Анатоль сам па сабе спадабаўся, a калі ёй вытлумачылі, хто ён i што яму свеціць, няхай не яму — бацьку, але ж ад бацькоў дастанецца i сыну, то ў маці, як кажуць, зуб загарэўся. Такога жаніха не выпусціць з рук!
Читать дальше