— Ад каго ад каго, а ад вас не чакаў прынцыпа «мая хата з краю».
Яна адбіла папрок:
— Дрэнна вы слухалі, Вікенцій Паўлавіч. Помніце маё выступленне следам за Дубадзелам? Падбярозскага не назвала? Дык таму, што ўсе лічаць яго вашым сябрам.
— I што, я ў гэтай кампаніі?
— На вас пальцам не паказваюць. Але аб тым, што абводзяць яны вас вакол пальца, — пра гэта шэпчуцца...
— Хто яны?
— Залоза, Падбярозскі, Чувак...
— I Чувак там?
— Больш таго — Мудроны.
Губернатар ажно застагнаў:
— Што робіцца, Івона Багданаўна!
— Ваша бяда, што вы верыце людзям.
— Ды як жа жыць без веры!
— Давярай, кажуць, але правярай, Вікенцій Паўлавіч.
Залоза прыйшоў да губернатара зялёны, у яго ўпершыню трэсліся рукі. Даўно, да выбараў, дамовіліся: выберуць, не выберуць — застаёмся сябрамі, падтрымліваем адзін аднаго i будзем шчырымі адзін перад адным; ніякай далікатнасці, а тым больш падхалімажа перад тым, хто зойме высокі пост. A калі так — то на ж табе, пан-таварыш губернатар:
— На каго ты нацкоўваеш гэтую бабу? На сваіх? На тых, хто прывёў цябе ў гэты кабінет?..
— Народ прывёў.
— Што ты гародзіш, тумак! Народ! Народ прыводзіць, калі яго вядуць. З кім ты хочаш застацца? Хто цябе падтрымае? Івона? Пакумека? Ды яны цябе ў лыжцы вады ўтопяць. Думаеш, ты бязгрэшны? Бязгрэшных людзей не бывае... I на сонцы плямы ёсць. А ты — не сонца. Усіх не сагрэеш.
Вікенцій Паўлавіч абурыўся нахабствам падначаленага, няхай i сябра, але прымусіў сябе стрымацца.
— Ніяк не магу зразумець, чаму ты, Іван, так разышоўся? Я ў цябе — тумак. Не залішне? Я не паверыў таму пісьму пра цябе. Але такая балючая твая рэакцыя міжволі прымушае падазраваць, што i ты добра пагрэў рукі каля банкаўскага кастра. Зайцоў палілі ці прэзідэнтаў?
Залоза звяў i пачаў апраўдвацца:
— Я ж не ўтойваў, што зяць прыватызаваў магазін. На сябе я купіў акцыі «Белдрэва». А што, аддаваць ix хапугам? Свабодны рынак! Ён дзейнічае. I ніхто яго не адменіць — ні ты, ні прэзідэнт. Дык чаму я не маю права мець акцыі? На пасаду ў камерцыйную структуру я не пайшоў, хоць мне прапаноўвалі дванаццаць тваіх акладаў, дарагі мой губернатар. Значыцца, за доўгім рублём не пагнаўся. За грашы служыў табе верай i праўдай. А ты плюеш на старых сяброў.
— Hi на каго я не плюю. I служыш ты не мне, а дзяржаве.
— А што, дзяржава — абстракцыя? Дзяржава — гэта людзі. Мы з табой. A людзі або трымаюцца адзін аднаго, або грызуцца i з'ядаюць бліжніх сваіх...
— Злы ты робішся, Іван.
— Жыццё такім робіць. Тыя ж людзі.
— I я ў ix ліку?
— Не напрашвайся на камплімент. Я сёння сапраўды злы. Падбярозскаму шыю намыль, але справу закрый. Я ведаю, што напіша твая Івона. Помні, Віця: мы — ад но цэлае.
Заключэнне па рэвізіі, якое прынесла Калінка, ашаламіла i... спалохала.
«I гэта рабілася пад маім «мудрым» кіраўніцтвам? Божа мой!»
— Вы паказалі гэта Падбярозскаму, Івона Багданаўна?
— Не, не паказвала. Паказваюць акт звычайнай рэвізіі. А там, дзе крымінал... Пакажы — тут жа ўсе дакументы знікнуць, ніводзін следчы не дакапаецца.
— А мне што рабіць з гэтым?
— Лажыце на стол пракурору. Усё астатняе — у яго кампетэнцыі. Талочка закрыў бы, бо i ён грэшны. Што зробіць Пакумека — не знаю. A праўда, што вы з адной вёскі?
— Праўда.
— Кажуць, пра ix сям'ю анекдоты ходзяць?
— Харошыя анекдоты. Дай Бог, каб пра ўсіх такія. Пра ix сумленнасць.
— Глядзі ты! Выходзіць, яшчэ не перавяліся сумленныя людзі.
Што зробіць Алег Кумека — сумнення ў губернатара не было. Але думка, што разам з Пядбярозскім можа грымнуцца i «верны сябра» Іван Залоза, прынесла цяжкія перажыванні. Расказаў жонцы. I быў не рады, бо i яна не магла заснуць, у тры ночы разам глыталі заспакаяльнае.
У апошні дзень года Іван Залоза з'явіўся ў кабінеце губернатара вясёлы i жыццярадасны, любыя праблемы вырашаў проста, жартуючы. Прынёс апошнія зводкі гадавых вынікаў, пераважна — у сельскай гаспадарцы, прамысловасць падлічыць не паспела. Вынікі не быліасабліва радаснымі, але суцяшалі: хлеб, бульба, кармы для жывёлы будуць. Перазімуюць людзі. А гэта галоўнае. Не будуць людзі галадаць — будзе ён кіраваць, бо яшчэ на выбарчых сходах неаднойчы заяўляў: «Мэта мая — накарміць людзей. Як толькі атрымаю звесткі, што хоць у адным раёне, у адным сяле, горадзе людзі галадаюць, — тут жа падам у адстаўку. Пайду на чыгунку. Не, на рэйкі не лягу. Да універсітэта я сцэпшчыкам вагонаў рабіў. Маю прафесію!»
Яму пляскалі са смехам: свой!
Іван сказаў:
Читать дальше