Васіль абходзіў будоўлі. Пад нагамі рыпеў снег. Звінелі галасы вучняў. Дзеці ніколі не праміналі вялікага няскончанага зруба, які нагадваў літару Г. У чатырох яго аддзяленнях, перагароджаных капітальнымі сценамі, вельмі зручна было гуляць у схованкі.
Васіль глядзеў і ўсміхаўся.
«Для іх клуб ужо існуе».
Ён сам часцей, чым другія, наведваў гэтую вялікую будоўлю, якая ў апошні час стаяла мёртвай — нехапала цесляроў, хоць ён і паставіў на будаўніцтва кожнага, хто толькі быў здатны трымаць сякеру.
Па Васілёвай ініцыятыве клуб пачалі, як народную будоўлю. Арганізоўвалі нядзельнікі. На першыя — вышлі комсамольцы, моладзь, потым паступова ўцягнуліся ўсе: паважныя гаспадары, якія ў пачатку аднесліся да гэтай задумы з насмешкай, жанчыны, настаўнікі. Усё ішло добра, покуль трэба было выконваць агульныя работы, якія не патрабавалі рук майстра, — секчы і вывозіць лес, адпушчаны дзяржавай, падрыхтаваць пляцоўку, выкапаць катлаван для падмурка, прывезці цэглу і гліну. Але калі дайшлі да галоўнага — зрубіць і аддзелам, вось тут і выявілася, што нестае сіл. Нельга было спыніць будаўніцтва дамоў для калгаснікаў, памяшканняў для жывёлы. Аднак і клуб ніяк нельга было аднесці да ліку другарадных збудаванняў — Васіль гэта добра разумеў. Клуб патрэбны быў не толькі адной «Волі»; у цэнтры сельсовета ён быў патрэбны ўсім чатыром калгасам. Таму Васіль цераз сельвыканком зрабіў спробу папрасіць дапамогі ў суседзяў. Піліп Раднік, «хітры мужычок», як яго называлі, многазначна ўсміхаўся і заўсёды абяцаў:
— Падтрымліваю душой і сэрцам. Але, братка Васіль Мінавіч, трэба падумаць. Трэба параіцца з членамі праўлення. Справа сур'ёзная.
Васіль злаваўся, ведаючы, што гэты самы Раднік, які выстаўляе сябе такім абаронцам прынцыпу калгаснай дэмакратыі, часам па два месяцы не склікае праўлення і калгасам кіруе, як дырэктар.
Шаройка адказваў больш шчыра:
— Нашым людзям у ваш клуб хадзіць не з рукі, дорага абутак будзе каштаваць.
Васіль штодзень падоўгу прастойваў перад няскончаным зрубам. Дзе ўзяць сродкі, каб наняць цесляроў? Справа ўскладнялася яшчэ і тым, што ідэя хутчэй скончыць клуб не мела падтрымкі ў членаў праўлення. Яны не прынялі прапанову Ладыніна ўзяць крэдыт.
— Не будзем браць, Ігнат Андрэевіч, — адразу запярэчыў Міхей Вячэра. — І так, дзякуй дзяржаве, усю вёску ў крэдыт адбудавалі. А я так думаю, што дзяржава — не бяздонная бочка. Ды і нам... Браць яно, ведаеце, лягчэй, чым аддаваць.
— Не па сваёй сіле пачалі. Не разлічылі, — каротка, як заўсёды, уставіў брыгадзір будаўнічай брыгады Іван Гоман. — Гэтакую махіну на такенькі калгас! Можна было-б і пачакаць.
Васіль узлаваўся. Яго проста абуралі размовы аб тым, што клуб не па калгасу вялікі і дарагі, што на першы выпадак хапіла-б якой-небудзь звычайнай прасторнай хаты.
— Праз якія два-тры гады ён малы будзе, не толькі што... І самі вы будзеце прасіць будаваць большы, бо сорамна перад суседзямі стане. Будзем будаваць!
Члены праўлення ўжо добра ведалі свайго старшыню, яго настойлівасць, і супраціўленне іх было пасіўнае. Але іменна гэтая пасіўнасць і абурала Васіля. Няхай-бы лепш яны спрачаліся, даказвалі, як гэта яны часта рабілі, калі размова ішла пра гаспадарчыя пабудовы.
Недалёка ад клуба, насупраць урачэбнага пункта, хутка вырастала новая будыніна. Старшыня сельпо Гольдзін нарэшце выканаў сваё абяцанне пайшчыкам: прывёз гатовы зруб пад сельмаг. На пабудове яго працавала сталая брыгада цесляроў райспажыўсаюза.
Васіль з зайздрасцю паглядаў на гэтую ладную — шэсць чалавек! — групу добрых майстроў. Эх, яму-б зараз такую брыгаду! У яго ўжо не раз мільгала «крамольная» думка — сагітаваць Гольдзіна і брыгадзіра адарвацца дзён на пяць ад сельмага і папрацаваць у калгасе — падагнаць канцы. Ён ведаў: у раёне за гэта не пагладзяць па галаве ні яго, ні Гольдзіна. Ну, і няхай! Але затое, як было-б добра да дня выбараў скончыць усе тры хаты, у якіх яшчэ да маразоў зрабілі печы, і ўсяліць людзей.
Каля сельмага Васіль штораніцы сустракаў Гольдзіна. Той мітусіўся сярод рабочых, спрабаваў што-колечы дапамагчы ім, але, відаць, больш перашкаджаў. Убачыўшы Васіля, ён здалёк шумна вітаўся і ішоў насустрач з нязменным пытаннем-воклічам:
— Будуем, Васіль Мінавіч?
— Хто будуе, а хто глядзіць, — хмура адказваў Васіль, у якога, калі ён глядзеў на няскончаны зруб клуба, заўсёды псаваўся настрой.
Гольдзін разумеў пачуцці старшыні калгаса і няшчыра ўздыхнуў, хоць душа яго ў гэты момант спявала. Каб ён не так баяўся Васіля, ён пэўна сказаў-бы: «А ці даўно быў той час, Васіль Мінавіч, калі ты штодзень смяяўся над маімі тэмпамі?» Але ён вельмі паважаў гэтага надзвычай сур'ёзнага маладога чалавека (Васіль быў год на пятнаццаць маладзейшы за Гольдзіна). І яму ўвесь час хацелася рабіць старшыні калгаса толькі прыемнае.
Читать дальше