І раптам ён убачыў: усе гэтыя загарожы з лазовых плятнёў, з жэрдак і сасновага голля, якое спецыяльна прывезлі з лясніцтва, пастаўлены не там, дзе ім належала стаяць, а ў нізіне, каля самага бярэзніку, дзе снег добра затрымліваўся і без гэтага.
Крыху воддаль працавала група моладзі, пераважна — дзяўчаты. Яны цягнулі загарадзь далей, на ўзгорак. Двое юнакоў на конях падвозілі ім матэрыял. Моладзь працавала хутка, дружна, але шумна: смяяліся, штурхалі адзін аднаго на галлё, у снег.
Васіль не ведаў, каго брыгадзір паслаў сюды. Цяпер, пазнаўшы, адразу зразумеў, у чым справа. Працавала ўсё звяно Насці. Сама яна ў чырвоным кажушку, у белай хустцы здалёк вылучалася сярод дзяўчат і сваёй постаццю і сваёй жвавасцю і спрытам у рабоце.
«Пачакай, чортава лялька!» — ён адчуваў, як расце яго злосць, стукае ў грудзі, у скроні, шукаючы выхаду.
Дзяўчаты ўбачылі яго і прыпынілі работу.
Васіль чуў, як адна з іх, нібы спалохаўшыся, выгукнула:
— Насця! Старшыня!
Звеннявая сустрэла яго неазначальнай усмешкай. Але ў позірку яе быў яўны выклік: пачынай, але ведай, што я за словам у кішэню не палезу. Шчокі яе, абпаленыя марозам, былі чырвоныя, пагрубеўшыя, а лоб — белы-белы, і пад ім яскрава вырысоўваліся нахмураныя чорныя бровы.
— Што гэта такое? — спытаў Васіль яшчэ на хаду, кіўнуўшы галавой назад.
— Добрыя людзі спачатку вітаюцца, Васіль Мінавіч, — Насця пераможна аглянулася на сябровак. Яны маўчалі, з цікавасцю чакаючы паядынку паміж імі.
— Я пытаю, што гэта такое? — ён не прыкмеціў, як павысіў голас.
— Ты сам не бачыш, што гэта такое? — і яе голас задрыжэў таксама.
— Вам брыгадзір расказаў?..
— Расказаў.
— Дык якога чорта!..
Наперад высунулася нізенькая, рудая курносая дзяўчына — Наташа Гоман.
— Вы не лайцеся, таварыш старшыня. А то мы таксама ўмеем лаяцца.
Яна заўсёды, як верны ардынарац, была пры Насці і засланяла яе сабою ад усіх нападаў. Васіль не любіў яе за гэта.
— Вы спачатку разбярыцеся. Там — участак нашага звяна. Мы далі слова на абласной нарадзе. А гэта вам не абы што...
— Значыцца, па-вашаму, на ваш участак трэба ўсё? А на астатняе калгаснае поле...
— Аб астатнім хай другія думаюць! Людзей у калгасе многа.
Новая хваля абурэння захлынула Васіля. Вось яно — тое, аб чым гаварыў Шышкоў: адраджэнне нейкіх своеасаблівых уласніцкіх настрояў. Васіль больш не мог стрымліваць сябе і пачаў абурана крычаць, наступаючы на спалоханую дзяўчыну:
— Хто гэта другія, ты мне скажы? Хрысціна Раднікова ці што? А можа Іван Манах?
Пры напамінку аб прыдуркаватым, фанатычна-рэлігійным аднаасобніку ў таго-сяго бліснулі маладыя жартаўлівыя ўсмешкі. Але большасць дзяўчат глядзелі на Наташу зласліва. Заўважыўшы гэтыя позіркі, Васіль пачаў астываць. Разгубленая Наташа глядзела на Насцю, просячы яе дапамогі. Але тая не зводзіла вачэй з старшыні, у куточках яе вуснаў застыла незразумелая ўсмешка — нібы яна думала аб нечым сваім, запаветным і зусім не чула таго, што ён гаворыць. Потым раптам устрапянулася.
— Хто? Другія звенні. Чаму ты не арганізоўваеш больш звенні? Хочаш заціснуць звеннявую работу? Агранома свайго недапечанага слухаешся? Вышэй за ўсіх узляцець хочаш? Глядзі, галаву зламаєш.
Наіўная пагроза гэтая канчаткова супакоіла Васіля, нават развесяліла. Не адказваючы Насці, ён звярнуўся да ўсіх.
— Вось што, гаварыць будзем увечары на праўленні. Усіх запрашаю. А зараз — за работу. Усё перарабіць, як я пакажу. Без налічэння працадзён за пераробку. Так, так! — рашуча пацвердзіў ён, прыкмеціўшы, як пры апошніх яго словах хто-ні-хто заварушыўся. — Адказным за работу назначаю, — ён абвёў доўгім позіркам групу моладзі і спыніўся на курносым хлапцу ў ватоўцы, падпяразанай флоцкім рамнём, — цябе, Федзя.
Ад Васілёвага позірку не схавалася, як пабялела Насця, як гнеўна раздзьмуліся яе ноздры.
Ён павярнуўся і закрочыў назад, у бок бярэзніку, дзе густа зелянелі загарадзі з сасновых лапак. За ім рушыла ўсё звяно. Толькі звеннявая і яе верны ардынарац засталіся стаяць на месцы, у кругу вытаптанага снегу.
Калі яны ўжо адышлі на значную адлегласць, Насця злосна крыкнула:
— Эй ты, дырэктар! Дойдзеш да лядцоўскага поля, не забудзь на ўчастак сваёй зазнобы!
Больш трапнага, каб дапячы яму, яна, відаць, прыдумаць не магла.
Васіль нават не аглянуўся.
І гэта канчаткова вывела Насцю з стану роўнавагі. Яна зразумела недарэчнасць свайго становішча і, не ведаючы, на кім спагнаць злосць, спагнала яе на Наташы.
Читать дальше