— А ты чаго стаіш? Чаго ты стаіш, як пень сярод поля? — яна адчувала, што словы гэтыя больш датычацца яе самой і яшчэ больш злавалася. — Чаго ты, цягаешся за мной як хвост? Ідзі з імі! Ідзі!
Наташа паглядзела на яе спачатку здзіўлена, потым — са злосцю, крутанула галавой і рашуча сказала:
— Ну, і пайду, — і засмяялася: — Камандзір без войска!
Яна пайшла і працавала разам з усімі да вечара, толькі старалася не сустракацца позіркамі са старшынёй.
А Насця кружным шляхам, па паплавах, па глыбокім снезе, ішла да вёскі, кусала хустку і плакала, як дзяўчынка, — наўзрыд.
Васіль амаль да вечара працаваў з моладдзю. Кіраваў, паказваў, дзе і як найлепей паставіць загарадзі, каб больш снегу затрымалася на полі, і сам насіў галлё, жэрдкі. Працавалі дружна, з запалам. Аб тым, што здарылася, не гаварылі. Але старшыня цвёрда намерыўся сур'ёзна пагаварыць пра гэта на паседжанні праўлення, скарыстаць гэты выпадак, каб яшчэ раз ударыць па парушальніках дысцыпліны.
Насця паскардзілася на Васіля ў райвыканкоме, і Бялоў, які ўвесь час падтрымліваў яе, як лепшую звеннявую, сам прыехаў, каб «управіць мазгі» «дабрадзееўскім палітыкам», як ён называў Ладыніна і Лазавенку. На абодвух ён даўно ўжо «вастрыў зуб».
Старшыня райвыканкома ў першую чаргу заехаў у сельсовет.
Байкоў толькі што вярнуўся з свайго чарговага паходу па калгасах, натаміўся і ў душным, цесным кабінеціку сваім драмаў над разгорнутымі на стале газетамі.
Разбудзіў яго раскацісты, нібы гром, голас Бялова ў суседнім пакоі.
— Малюеш? Давай-давай. Бацьку свайго прапішы яшчэ разок. Ён зноў хаваўся ад мяне, — гаварыў старшыня райвыканкома Косці Радніку, загадчыку хаты-чытальні, сыну старшыні калгаса «Зорка».
Байкоў падхапіўся, прыгладзіў далонямі валасы, працёр вочы, навёў парадак на стале.
— А-а! Улада дома, дзякуй богу! — выгукнуў Бялоў, адчыніўшы дзверы ў кабінет. — Што ты ззяеш, як імяніннік?
Байкоў сумеўся і пацёр сваю кантужаную руку.
— Толькі што прышоў з «Зоркі», Мікалай Лявонавіч.
— А я ў цябе не пытаю, адкуль ты прышоў. Лепей скажы, як лес возіш?
— Возім.
— Возім, а ён стаіць на месцы, халера на яго. Бачыў зводку? Ніжэй залатой сярэдзіна спусціўся. Вось табе і — возім! Колькі сёння ў лесе? Не шукай у паперах, па вачах бачу — не ведаеш. А яшчэ — возім! На райвыканкоме будзем слухаць. Сорамна, Байкоў! Ты — стары работнік. А разляпіўся... Не ведаеш, што пад носам у цябе робіцца. Што ў цябе тут Лазавенка куралесіць? Паразганяў звенні, павыганяў лепшых звеннявых.
— Лазавенка — звенні? — у Байкова ад здзіўлення акругліліся вочы.
— Ага. не ведаеш! — радасна выгукнуў Бялоў і адарваўся ад грубкі. — Вось ён, твой стыль работы. З Раднікам штодзень у схованкі гуляеш, а ў «Волю» — заглянуць баішся. Слова Лазавенку не можаш сказаць. Мне, брат, даўно гаварылі, што ты іх баішся, як агню, Лазавенку і гэтага доктара вашага медыцынскіх навук. Саромся! Стары работнік.
У апошнім яго папроку была доля праўды, Байкоў гэта адчуваў. Сапраўды, ён амаль ніколі не заглядваў да Лазавенкі, не правяраў яго работы, не дапамагаў парадамі, як рабіў гэта ў адносінах да другіх старшынь. І не таму, што калгас быў перадавы не толькі ў сельсавеце, але і ў раёне. Хутчэй таму, што адчуваў: Лазавенка перарос яго, Лазавенка ўмее кіраваць гаспадаркай так, як ён, Байкоў, не сумеў-бы, хоць і працаваў да вайны доўгі час старшынёй калгаса. Сапраўды, ён нібы баіцца, яго часам палохае размах Лазавенкі. А раптам што-небудзь у яго атрымаецца не так? У каго тады спытаюць? У яго, у старшыні сельсовета, у першую чаргу. Дык лепей няхай яны самі, без яго.
Байкоў уміг падумаў пра ўсё гэта, і, як-бы жадаючы паказаць, што нялёгка яму працаваць з такімі людзьмі, уздыхнуў:
— Вучоныя...
Старшыня райвыканкома, крута павярнуўшы размову, зноў-жа накінуўся на яго:
— Вучоныя!.. Вучоныя таму, што вучацца. А мы з табой разложым газеты і дрэмлем над імі. А ў кнігу заглянуць — нас за вушы не прыцягнеш. Вось падгонім лесанарыхтоўкі, сам праверу, як старшыні сельсоветаў вучацца.
Ён падышоў да акна, пастукаў пальцам у раму і раптам зусім нечакана спытаў:
— А што, бачыў, якога жарабка мне Сільчанка падарыў?
— Падарыў? — усумніўся Байкоў і задаволены тым, што Бялову нарэшце надакучыла «чытаць мараль», паспешліва падышоў і стаў поплеч, любуючыся жарабком.
— За дванаццаць тысяч, каб яму добра ікнулася. Стары друг, а ні капейкі не ўступіў.
— Добры конь, — пахваліў Байкоў.
— Што — добры? Ды ты такога каня яшчэ не бачыў. Ты выйдзі — паглядзі. Ідзем, ідзем!
Читать дальше