— Што-ж, таварышы, так больш ніхто нічога і не мае сказаць? А вось цікава, таварыш Шаройка, заатэхнік карову вам вярнуў?
Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах.
— Хоць гэта і не мае дачынення да дысцыпліны, але я скажу, — падняўся Шаройка.
Ладынін перапыніў яго:
— Не! Гэта мае непасрэднае дачыненне!
Шаройка адказаў, што заатэхнік згадзіўся заплаціць
за карову грашыма.
— Ведаем мы гэтую плату! Хай верне карову! Нам ферма трэба! — адгукнулася адразу некалькі жанчын. І пад гэты-ж шумок — з задніх радоў:
— А старшыня думае вярнуць калгасную карову?
Шаройка не пачуў гэтага — пачаў тлумачыць нешта зусім іншае. Ладынін зноў перапыніў і паўтарыў пытанне:
— Народ пытае, таварыш Шаройка, а калі вы вернеце карову?
Шаройка ўтаропіў на яго цяжкі позірк.
— Народ?
— Так, народ.
— Якую карову?
— А гэта вам лепш ведаць.
— Я не браў ніякай каровы.
— А лысая? — зноў гукнулі аднекуль з-за грубкі.
— Мне яе далі.
— Хто?
— Райзо.
— З калгаснага статка, які вярнуўся з усходу? У мяне і зараз яшчэ ногі не загаіліся, — злосна скавала Клаўдзя Хацкевіч, якая сядзела ў першым радзе.
Ладынін з ухвалаю кіўнуў ёй галавой.
З Клаўдзі і пачалося. Яна выступіла першая і гаварыла так, што калгаснікі не раз перапынялі яе апладысментамі, крыкамі.
Усё ўспомнілі, усё ўзважылі і падлічылі. Не прамінулі і апошняга — парсюка і гусей, якія Шаройка ўзяў на пачастунак Лескаўцу. Максім згараў ад сораму. Паспрабаваў выступіць — сустрэлі смехам.
Ён раззлаваўся, хацеў было перакрычаць смех і галёканне. Але Ладынін сурова бліснуў з-пад калматых брывей вачыма:
— Сядзь і маўчы!
Хто-ні-хто з ліку тых, у каго былі асабістыя рахункі з Шаройкам, нагаварыў лішняе, беспадстаўнае. У такіх выпадках Шаройка чырванеў так, што, здавалася, вось-вось з яго поўных шчок пырсне кроў, і неяк абыякава-расцягнута падтакваў:
— Та-ак, та-ак...
Выступіла Маша. Яна смела адмяла ад Шаройкі ўсе лішнія абвінавачванні, гаварыла нават аб яго станоўчых якасцях, здавалася, апраўдвала, але ў той-жа час прывяла мноства дадатковых фактаў парушэння Статута і зрабіла гэта, у супрацьлегласць папярэднім выступаючым, спакойна, разважліва, пераканаўча. Патрабавала, каб яшчэ раз былі правераны памеры сядзіб. Яе слухалі без адзінага выкрыку, без смеху, без пытанняў з месца. Яна ўроўнаважыла пачуцці людзей, у якіх балела душа за калгас.
Ладыніну не ўсё спадабалася ў яе выступленні, асабліва яе халаднаватая разважлівасць. Але ўвогуле ён высока ацаніў яе ўменне гаварыць так проста і пераканаўча (не ўсе гэтым валодаюць) і нават здзівіўся ўвазе, з якой барадачы слухалі яе, дзяўчыну.
Сам ён гаварыў мала, хвілін дзесяць, але затое прачытаў вельмі дакладную пастанову, якую пісаў, слухаючы выступленні. Не да густу была гэта канкрэтная пастанова Шаройку: моцна біла яна па яго ўласнай гаспадарцы, жорсткі рахунак прад'яўляў яму сход.
Ён не апраўдваўся. Толькі папрасіў, каб яго тут-жа вызвалілі ад абавязку старшыні.
— Не апраўдаў... Адстаю... Пастарэў... Што-ж, — разгублена развёў ён рукамі.
Ладынін крыху баяўся, што сход неадкладна задаволіць яго просьбу. Ён ведаў пра размову Макушэнкі з Лескаўцом, але аб згодзе Максіма нічога не ведаў. Выбары маглі-б прайсці стыхійна. А ў такіх выпадках нярэдка бываюць памылкі. Але яму не давялося стрымліваць сход...
— Не спяшайся! — сказаў стары з сярэдняй лаўкі Шаройку. — Хутка справаздачны будзе... Там і дамовімся канчаткова. А сёння позна. Пара спаць...
— А покуль што вярні ў калгас усё, што ў пастанове запісана, — весела выгукнула Клаўдзя.
— Вы начаваць будзеце, ці каня запрэгчы? — ветліва спытаў Шаройка ў Ладыніна, калі людзі, нарэшце, пачалі разыходзіцца і ў класе засталося толькі некалькі чалавек.
— Дзякую. Я пешшу пайду.
— Пазнавата. Цёмна.
— Вы пераначавалі-б, Ігнат Андрэевіч, — прапанавала Маша.
— Не, не... Галава трашчыць, — ён сціснуў пальцамі скроні, зморшчыўся. — Не прагуляюся — не засну.
— Мы правядзем вас да хвойніку, — сказаў Максім.— Пойдзеш, Маша?
«Застацца з ім, адзін на адзін? І так нечакана, непадрыхтавана. Але што падумае Ігнат Андрэевіч, калі адмоўлюся?»
Па вёсцы ішлі моўчкі.
Вільготны сівер балюча біў у твар рэдкімі шрацінамі граду. Ногі слізгалі па ім, нібы па рассыпанай грэчцы, і трашчаў ён пад ботамі гэтак-жа, як грэчка. Адзін за адным згасалі агеньчыкі ў вокнах: людзі паспешліва лажыліся, бо недалёка было да світання. У адным акне ўжо весела гулялі, распісваючы шыбы пунцовымі ўзорамі, языкі полымя — палілася ў печы.
Читать дальше