— Ранняя гаспадыня, — заўважыў Максім і зноў прапанаваў, хоць былі ўжо на краі вёскі. — Пераначавалі-б...
Ладынін з шумам удыхнуў у сябе паветра.
— Добра. Ураз праветрыла. — І адразу-ж, як толькі мінулі апошнюю хату, спытаў: — Максім Антонавіч, ты хоць памылкі свае разумееш?
— Памылкі? — ён здзівіўся, што непрыемнае слова гэтае Ладынін паставіў у множным ліку. — Не, не разумею я сваю памылку, — падкрэсліў ён адзіночны лік. — Наогул штось проста недарэчнае. Адкуль я мог ведаць, чыё гэта парася ці гусі, д'ябал іх ведае... Мяне запрасілі... Сусед, блізкі чалавек, старшыня калгаса... Існуюць-жа нормы этыкі, таварыш Ладынін... Не мог-жа я прыйсці і спытаць: а чыё гэта ў вас парася, ці не з калгаснай фермы? Дзіка,— ён засмяяўся штучным, сілком выціснутым с сябе, смехам.
— Гэта цяжка зразумець. Мне Маша да сходу расказала — я сам нічога не зразумеў. Цяпер толькі прасвятляецца. Ды я ў цябе не аб гэтым пытаю. Тут у цябе памылкі покуль што няма, хоць можа быць. Я пра сённешняе пытаю...
— А што сёння?
— Ты не ведаеш?.. Вось гэта і самае страшнае. А сёння ты без павагі да людзей паставіўся... Каб ты паважаў народ, як гэта патрабуецца ад комуніста, не мог-бы ты выступіць з такой прамовай. Згадзіся — суцэльная пустата. Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Такая абстрактная, беспрадметная агітацыя нам непатрэбна... Карысці ад яе не будзе...
— Ну, ведаеце... — паспрабаваў запярэчыць з ноткамі абурэння Максім.
Але Ладынін не даў яму дагаварыць.
— А выкрык? Гэта ўжо зусім... Крычаць на сходзе?.. П'яным трэба быць — не менш... За такія справы, ведаеш...
— Што-ж, прыцягвайце да партыйнай адказнасці, — Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць і намагаўся задушыць яе.
— Не гарачыся, — спакойна адказаў Ладынін. — Я проста на правах старэйшага раблю табе заўвагі. І калі ты разумееш гэта інакш — яшчэ адну памылку робіш,— і тут-жа, у адзін момант, не даўшы Максіму нічога адказаць, звярнуўся да Машы і ні то жартам, ні то сур'ёзна спытаў: — А ты, Марыя Паўлаўна, з якой рады брала Шаройку пад абарону?
Машы стала радасна ад такога папроку, бо ад вымовы, якую Ладынін рабіў Максіму, і яна сябе адчувала ніякавата. Яна прыкрыла шарсцяной пальчаткай усмешку, хоць ніхто-б яе ў цемры і так не ўбачыў, і адказала:
— Але-ж, калі перагнулі... Я не люблю, калі пачынаюць гаварыць няпраўду...
— А ў мяне такое ўражанне, што ўсё-ткі мала мы яго крытыкавалі...
— Нішто сабе мала, — засмяялася Маша.
Максім ішоў моўчкі.
Мінулі хвойнік. Узышлі на ўзгорак, з якога ўдзень, як на далоні, відаць Дабрадзееўку. Цяпер-жа з таго боку, у цемры ночы, ім сумотна міргнуў адзінокі агеньчык.
— Відаць, мне запалілі маяк. Чакаюць... Ну, бывайце... Дзякую, сябры, — шчыра развітаўся Ладынін, моцна паціснуўшы ім рукі.
Ідучы назад, доўга маўчалі. Максім соп, нібы нёс вялікі цяжар. У яго, відаць, быў насмарк. Гэта смяшыла Машу: «Злосць высвіствае»...
Не хаваючыся, яна ўглядалася з боку ў яго твар, хоць у цемры нічога ўбачыць было нельга. З сэрца яе зваліўся камень, які яна насіла з дня яго прыезду. Не было і пачуцця разгубленасці (а яна баялася, што яно з'явіцца пры сустрэчы). Усё раптам стала на сваё месца і хацелася засмяяцца голасна, звыкла, на ўсё начное поле. Але яна стрымала сваё жаданне і голасам блізкага чалавека жартаўліва спытала:
— Што ты сапеш, як мех кавальскі?
Ён адказаў не адразу.
— Засапеш, — і пасля доўгай паузы: — ад такой сустрэчы...
— Ад якой?
— Ад такой... Рваўся, на крыллях ляцеў, а тут... замест пышак — шышкі...
— А ты адны пышкі адразу хацеў? Іх трэба зарабіць.
— А я што, не зарабіў? — крыкнуў ён і ўдарыў далонямі па грудзях, па шынялю, пад якім зазвінелі ордэны і медалі. — Я крывёй сваёй...
— За гэта табе павага і любоў...
— Ад каго?
— Ад народа.
— Ад народа!.. Гэта я без цябе ведаю... І ты мне маралі не чытай... На сябе спачатку паглядзі. Я табою шэсць год жыў... А ты?.. Як ты сустрэла мяне?.. Два тыдні на вочы не паказвалася. А з другім па хвойніку туляешся...
Маша аслупянела ад здзіўлення і нечаканасці, спынілася пасярод дарогі. Ён зрабіў два крокі, покуль заўважыў, што яна адстала, і таксама спыніўся, павярнуўся да яе.
Абраза, крыўда, роспач, здавалася, вырваліся з сэрца, прычынілі пякучы боль і гарачым, салёным камяком захраснула ў горле. Маша задыхнулася. Яна ступіла да яго, нібы хіснулася, працягнула руку і схапіла пальцамі за гузік шыняля.
— Ты-ы...
Хацелася крыкнуць у адказ такое-ж абразлівае, але камяк у горле яшчэ больш распухаў.
Читать дальше